Хапун у Драгічыне, 2,5 года за каментары, 6 гадоў за кнопку на сайце. Рэпрэсіі 15 ліпеня


Ужо два гады ў Беларусі штодзень – палітычныя затрыманні і суды. «Белсат» вядзе хроніку рэпрэсіяў. Вось што стала вядома за адзін толькі дзень 15 ліпеня.

Дзяржаўны тэлеканал замазаў твар суддзі Юліяны Шчэрбы ў рэпартажы пра палітычны суд над Дзмітрыем Нештам – яна прысудзіла яму 12 гадоў пазбаўлення волі за выраб «кактэйляў Молатава». Канал «Nexta» знайшоў яе фота. Скрыншот: trkbrest / VK

Яшчэ аднаго рэйкавага партызана вінавацяць у «тэрарызме»: у суд перадалі крымінальную справу супраць 43-гадовага жыхара Стоўбцаў Сяргея Глебкі, якога вінавацяць ва ўчыненні акту тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК РБ). Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваны ў сакавіку 2022 года ў Стоўбцах «з мэтаю дэстабілізацыі нармальнай працы чыгуначнага транспарту распаліў вогнішча на каляіне беспасярэдне перад праездам пасажырскага цягніка».

Як стала вядома сёння, у Берасцейскім абласным судзе 12 ліпеня агучылі прысуд 23-гадоваму палітзняволенаму былому студэнту-праграмісту БрДТУ Канстанціну Рудніцкаму. Яго судзілі два месяцы за «стварэнне віртуальнай кнопкі» на сайце «Чорнай мапы акупантаў». За «Дапамаганне ў незаконных дзеяннях з персанальнымі звесткамі» (ч.6 арт. 16 і ч.3 арт. 203-1 КК РБ) і «Дапамаганне ў распальванні варожасці» (ч.6 арт. 16 і ч.3 арт. 130 КК РБ) яго асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 3200 рублёў.

Гомельскі абласны суд вынес вырак па справе Ігара Галушкі, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні адразу двух злачынстваў: «Абраза Лукашэнкі» (ч.1 арт. 368 КК РБ) і «Распальванне сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт. 130 КК РБ) за каментары на палітычную тэму ў сацсетках. Галушка – вядомы ў Гомлі грамадскі дзеяч, арганізатар пешых паходаў і турыст з 40-гадовым стажам.

Палітзняволенай Вользе Рытус прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020 года. З суда, як піша «Вясна», зрабілі паказальнае «шапіто» і сагналі на яго студэнтаў. Керамістку Настассю Малашук і ейнага мужа Аляксея Кедыша асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах.

Інтэрв’ю
Калі пачалі рыхтавацца да рэйкавай вайны і ці супрацоўнічаюць «Кіберпартызаны» са спецслужбамі?
2022.07.15 14:55

«Наша ніва» паведаміла пра чарговыя прысуды пасля аблавы 13 ліпеня ў Іванаве: Андрэю Дражыну далі 25 дзён арышту за «пікетаванне» гербам Пагоня на браме і «непадпарадкаванне», а Марыну Кіявец аштрафавалі на 928 рублёў і не вызвалілі, бо будуць судзіць паводле яшчэ двух пратаколаў. Выданне адзначае: Дражына выглядае збітым на «пакаянным» відэа, і «кажуць, што кроў была нават на пратаколах».

І новыя дэталі пра аблаву 14 ліпеня ў Драгічыне: паводле звестак «Нашай нівы», там затрымалі больш за 20 чалавек, з якіх большая частка – прадпрымальнікі. Затрыманым у сярэднім ад 45 гадоў. Вядомыя імёны двух: Андрэй і Ірына Малашыцкія. Усім, да каго прыйшлі, аформілі «Непадпарадкаванне» (арт. 24.3 КаАП РБ).

Сёння ж у Віцебску затрымалі ксяндза Андрэя Вашчука. Яму інкрымінуюць «Парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў» (ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ).

Аналітыка
Як за два гады ўлады пабудавалі экасістэму супрацьдзеяння экстрэмізму. Асноўныя тэндэнцыі і прагнозы
2022.07.15 08:20

Ваеннага аналітыка Ягора Лебядка асудзілі на 15 дзён арышту: фармальна – за «непадпарадкаванне», але паводле праўладных каналаў – за каментары «экстрэмісцкім» каналам.

Затрыманага ўчора старшыню Свабоднага прафсаюзу Мікалая Шараха асудзілі на 15 дзён арышту за аватарку на Facebook. Яго схапілі, калі ён вяртаўся дамоў з закрытага суду аб ліквідацыі прафсаюзу, дзе яго апытвалі як сведку.

У той жа час Свабодны прафсаюз металістаў ліквідавалі.

Гісторыі
Катаванні палітвязняў у калоніі № 9 у Горках. У Вадзіма Гурмана пагаршаецца здароўе
2022.07.15 22:20

Але ёсць і ўмоўна добрыя навіны. Асуджаная ў «справе Зельцара» настаўніца музыкі Аксана Каспяровіч выйшла на волю пасля больш як 9 месяцаў за кратамі. Затрыманы ў мінулым траўні пенсіянер Юзэф Нямера выйшаў на волю, адбыўшы пакаранне ў калоніі «Воўчыя норы» за тое, што штурхнуў міліцыянта, калі абараняў жанчыну ад жорсткіх дзеянняў АМАПу. А «Менсктранс» адмовіўся ад часткі прэтэнзіяў да зняволенага журналіста Алега Грузьдзіловіча: хоча ўжо толькі 5980 рублёў, якія ўжо сплацілі, а не 56 тысяч.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў