Куба: як Востраў свабоды зноў стаў востравам барацьбы з дыктатурай?


Кубінскія ўлады ў сераду часова знялі абмежаванні на абʼём харчоў і медыкаментаў, якія можна ўвозіць у краіну. Такім чынам камуністычная дыктатура пайшла на частковыя саступкі дзясяткам тысячам пратэстоўцаў.

Кубінцы-пратэстоўцы. 11 ліпеня 2021 года.
Фота: Yamil Lage/AFP via Getty Images

Хваля рэкордна маштабных пратэстаў прайшла па ўсёй краіне ў мінулую нядзелі з-за эканамічных праблемаў, адсутнасці дэмакратыі і няўдалай урадавай палітыкі ў змаганні з пандэміяй COVID-19.

Hавiны
На Кубе прайшлі пратэсты, найбуйнейшыя за дзесяцігоддзі
2021.07.12 09:46

Якім чынам карыбская дзяржава, якая размяшчаецца за лічаныя кіламетры ад ЗША, стала камуністычнай дыктатурай? І чаму дыктатура трапіла ў самы цяжкі ў сваёй гісторыі крызіс?

Новы народ – праз каланіяльны захоп

Сучасныя кубінцы – нашчадкі эпохі адкрыцця Амерыкі Хрыстафорам Калумбам у 1492 годзе. Іспанцы цалкам заваявалі востраў у 1514 годзе і заснавалі сучасную сталіцу Кубы – Гавану. Іспанскія каралі забаранілі рабіць нявольнікамі мясцовае насельніцтва, таму канкістадоры пачалі даволі масава завозіць для працы на плантацыях афрыканскіх нявольнікаў, якіх набывалі ў арабскіх і афрыканскіх гандляроў.

Даведка
Д’ега Вэляскес дэ Куэльяр, канкістадор, заваёўнік Кубы.
Фота: Вікіпедыя

Асноўнымі кубінскімі таварамі сталі цукар, тытунь і алкагольныя напоі (яны і цяпер складаюць 28 % кубінскага экспарту).

Пры гэтым каталікам-іспанцам расізм быў не ўласцівы – і кубінцы сталі вынікам сінтэзу адразу трох этнічных масіваў: еўрапейскага, індзейскага і афрыканскага. Культура і рэлігія пры гэтым былі пераважна ўзятыя ў спадчыну ад Іспаніі.

З-пад улады Мадрыду пад пратэктарат Вашынгтону

Пад уплывам абвяшчэння незалежнасці ЗША, Французскай рэвалюцыі і напалеонаўскіх войнаў у Кубе пачалі пашырацца ідэі незалежнасці – адмаўлення ўлады іспанскай манархіі. Пачаліся вострыя канфлікты паміж людзьмі, якія адчувалі сябе ўжо кубінцамі, а не іспанцамі.

Нявольніцтва на востраве было адмененае толькі ў 1886 годзе. У выніку шматлікія кубінцы, якія выступалі супраць нявольніцтва, выступалі ўвогуле за ўваход Кубы ў склад ЗША. Другая палова ХІХ стагоддзя на Кубе стала часам рэгулярных паўстанняў супраць іспанскіх уладаў. Іспанскае войска жорстка карала паўстанцаў і насельніцтва, якое лічылася прыхільным да іх.

Сцяг незалежнай Кубы падымаюць над губернатарскім палацам у Гаване. 20 траўня 1902 г. Крыніца: http://www.latinamericanstudies.org

У выніку чарговае такое паўстанне, якое пачалося ў 1895 годзе, у 1898 годзе прывяло да інтэрвенцыі ЗША на баку кубінскіх паўстанцаў і кароткай іспанска-амерыканскай вайны. Іспанія была вымушаная адмовіцца ад валодання Кубай, Філіпінамі, Пуэрта-Рыка і Гуамам.

У 1902 годзе Куба стала афіцыйна незалежнай, пры гэтым фактычна аказалася пад амерыканскім пратэктаратам – афіцыйна ЗША мелі права ўводзіць войскі ў краіну ў любы момант, калі ім падавалася, што незалежнасць Кубы – пад пагрозай.

Унутраная нестабільнасць

Эпоху з 1902 да 1959 года афіцыйныя камуністычныя гісторыкі называюць «неакаланіяльнай рэспублікай», а іх ідэйныя праціўнікі – «Свабоднай Кубай».

Рэч у тым, што хоць ЗША гралі вялікую ролю ў замежнай і ўнутранай палітыцы Кубы, аднак пры гэтым у краіне захоўвалася шматпартыйная сістэма, віравала палітычнае жыццё, адбываліся палітычныя крызісы, паўстанні, масавыя страйкі, рэформы і эканамічны рост.

Батыста разглядае праект новага прэзідэнцкага палацу. 1958 год. Крыніца: wikimedia.org

Першым нябелым прэзідэнтам Кубы стаў Фульхэнсьё Батыста ў 1940 годзе, былы вайсковец, прадстаўнік левых колаў кубінскага грамадства, які некалькі разоў то спрабаваў зрабіць пераварот у краіне, то легальна перамагаў на выбарах. 10 сакавіка 1952 года Фульхэнсьё Батыста ажыццявіў дзяржаўны пераварот і ўсталяваў асабістую дыктатуру.

Падчас карумпаванай дыктатуры Батысты краіна развівалася – у 1950-х гадах ВУП Кубы на душу насельніцтва прыкладна адпавядаў аналагічнаму паказніку Італіі. Краіна мела самую лепшую медыцыну ў Лацінскай Амерыцы і самыя высокія ў рэгіёне выдаткі на адукацыю ў адсотках да ВУП. Аднак вельмі вырасла сацыяльная няроўнасць, важнейшыя галіны прамысловасці трапілі пад кантроль замежных (амерыканскіх) прадпрымальнікаў, вырасла беспрацоўе, а спробы дзяржаўнага рэгулявання эканомікі адмоўна ўплывалі на эканамічны рост.

Ад дыктатуры аўтарытарнай – да таталітарнай

Сацыяльныя праблемы і палітычныя рэпрэсіі выклікалі да жыцця новых радыкалаў, як правых, гэтак і левых, якія паставілі на сілавы захоп улады. У 1953 годзе малады адвакат Фідэль Кастра і ягоны брат Рауль паспрабавалі захапіць уладу сілай зброі і былі схопленыя. У 1955 годзе іх вызвалілі па амністыі, і ў 1956 годзе Кастра з прыхільнікамі вярнуліся на Кубу, каб весці рэвалюцыйную партызанскую вайну. Ахвярамі супрацьстаяння сталі тысячы кубінцаў.

Кастра меў талент вайскоўца і палітычнага лідара – і ў 1959 годзе, у тым ліку пад амерыканскім ціскам, Батыста пакінуў краіну.

Кастра і ягоныя аднадумцы ўваходзяць у Гавану. 8 студзеня 1959 года.
Фота: Wikimedia

У 1960-я гады Кастра паступова стаў схіляцца да блоку з СССР і пабудаваў падобную да савецкай аднапартыйную дыктатуру з усюдыіснымі спецслужбамі і пераследам любых нязгодных. Замест палітычнай свабоды кубінцы атрымалі новыя рэпрэсіі, цэнзуру і новую дыктатуру. У гэты ж самы час камуністычныя СМІ сталі называць Кубу Выспай свабоды.

Гэта прывяло да масавых уцёкаў кубінцаў – цяпер нашчадкаў кубінцаў у ЗША прыкладна 2 мільёны пры насельніцтве самой Кубы 11 мільёнаў. Калі дыктатар памёр у 2016 годзе, уладу ў краіне атрымаў ягоны брат Рауль, які яшчэ некалькі гадоў лічыўся фактычным кіраўніком дзяржавы.

Знаёмая рыторыка

Сучасныя пратэсты на Кубе сталі самымі масавымі за гісторыю камуністычнай дыктатуры, і нават на сайты дзяржаўных СМІ за многія месяцы да ліпеня 2021 года траплялі галасы раззлаваных кубінцаў, якія скардзіліся на неэфектыўную барацьбу з пандэміяй, дэфіцыт харчоў, медыкаментаў, вады і электраэнергіі, піша Бі-Бі-Сі

Антыкамуністычны ролік «Радзіма і жыццё» ў падтрымку кубінскіх пратэстаў

Камуністычны ўрад жа абвесціў пратэсты «арганізаванымі ды кантраляванымі ЗША» і вынікам скаардынаванай кампаніі ў сацыяльных сетках. У краіне сталі адключаць інтэрнэт і цэнзураваць каментары ў СМІ.

Падчас пратэстаў ужо загінуў як мінімум 1 чалавек, а больш за сто лічацца зніклымі.

РЛ для belsat.eu

Стужка навінаў