Беларускіх і расейскіх тэнісістаў пусцяць на «US Open» пад нейтральным сцягам. Украіна абурылася


На «Ўімблдан» беларусаў і расейцаў не пусцілі, але могуць пусціць у Штаты, аднак тады ў Штаты не паедуць украінцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка на «US Open». 6 верасня 2021 года.
Фота: tennis.by / Geoff Burke / USA Today Sports

Тэнісная асацыяцыя Злучаных Штатаў (UTSA) апублікавала 14 чэрвеня заяву пра ўдзел беларускіх і расейскіх спартоўцаў у Адкрытым чэмпіянаце ЗША («US Open»): атлетаў дапусцяць да выступаў пад нейтральным сцягам, але не пад сцягамі Беларусі і Расеі.

Як і міжнародныя тэнісныя асацыяцыі (мужчынская ATP, жаночая WTA) і арганізатары турніраў «Вялікага шлему», UTSA асудзіла несправакаваную і несправядлівую расейскую агрэсію супраць Украіны, а таксама адхіліла беларускую і расейскую федэрацыі ад сваіх спаборніцтваў. Федэрацыі тэнісу Расеі і Беларусі ў пачатку траўня выключаныя з Міжнароднай федэрацыі (ITF).

Нацыянальныя зборныя Беларусі і Расеі не дапусцяць да камандных спаборніцтваў. Некаторыя арганізатары турніраў могуць не дапусціць індывідуальных спартоўцаў нават пад нейтральнымі сцягамі – але, напрыклад, ATP пакарала штрафам у рэйтынгавых балах арганізатараў Ўімблданскага турніру за нядопуск беларусаў і расейцаў.

«Мы прызнаём, што кожнай арганізацыі даводзілася мець справу з унікальнымі абставінамі, якія ўплываюць на іх пастановы, – піша Тэнісная асацыяцыя Злучаных Штатаў. – З увагі на нашыя ўласныя абставіны, USTA дазволіць усім гульцам, якія маюць права, незалежна ад нацыянальнасці, удзельнічаць у «US Open» 2022 года».

Украінскія тэнісісты маюць байкатаваць турніры, дзе беларусы і расейцы будуць нават пад нейтральнымі сцягамі, заявіў міністр спорту Украіны Вадзім Гутцайт. Ён назваў недапушчальным удзел беларускіх і расейскіх тэнісістаў, якія «маўкліва пагаджаюцца з забойствам украінцаў, або адкрыта падтрымліваюць гэта», адзначыўшы, што з пачатку поўнамаштабнай вайны загінулі больш за 70 украінскіх спартоўцаў і трэнераў.

Hавiны
Тэнісіст Рафаэль Надаль заступіўся за беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якіх адхілілі ад Ўімблданскага чэмпіянату
2022.05.01 23:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў