Кіраўніцтва гарадзенскага «Азоту» звальняе нязгодных і актывістаў прафзвязу


На прадпрыемстве «Горадня Азот» кіраўніцтва звальняе працаўнікоў – сябраў Беларускага незалежнага прафзвязу. Без працы засталіся сем асобаў, якім не працягнулі кантракту. Ад людзей патрабуюць не толькі выйсці з незалежнага прафзвязу, але і напісаць кепскае пра суполку ў заводской газеце, распавялі «Белсату» працаўнікі заводу.

Кіраўніцтва гарадзенскага «Азоту» распачало кадравую чыстку. Звальняюць або не працягваюць кантрактаў сябрам Беларускага незалежнага прафзвязу. Без працы застаюцца таксама і інжынеры, і кіраўнікі цэхаў.

«Звальняюць адразу ж сем асобаў. Аднаму ўжо аддалі працоўную кнігу. Астатнія ў чарзе. Прычым звальняюць тых працаўнікоў, якія з’яўляюцца сябрамі незалежных прафсаюзаў», – распавядае «Белсату» працаўнік заводу.

Працаўнікі ААТ «Горадня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Горадня, Беларусь. 19 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Паводле азотаўца, людзям ставяць умовы перад працягам кантракту: або застацца без працы, або выйсці з незалежных прафсаюзаў, перайсці ў праўладны прафсаюз, а таксама напісаць ва ўнутрызаводской газеце «Гродненский химик» нешта кепскае пра незалежныя прафсаюзы.

«Людзі абурыліся, збіраліся зладзіць забастоўку. Пагадзіліся на такую захаду ўсяго толькі 10 % сябраў незалежнага прафзвязу. Агулам у суполцы 450 асобаў. Людзі запалоханыя, зрэшты, як і паўсюль. Цяпер намеснікам працуе Жывушка, гэта з ягонага боку такая ініцыятыва і такое патрабаванне, бо людзей выклікаюць да яго ў кабінет».

Адметна, што тыя, каму раней працягнулі кантракт, ціску не адчулі, новыя патрабаванні з’явіліся цяпер, раптоўна. Магчыма, спушчаны зверху загад. У сваю чаргу Telegram-канал стачкаму ААТ «Горадня Азот» паведамляе, што спісы складаюць кіраўнікі прадпрыемства, сярод якіх Барсук, Жывушка, Русак, Жаўрук, Літвін і кіраўнік заводу Ляшэнка.

Дазваніцца да адміністрацыі заводу, каб удакладніць акалічнасці, пра якія распавядаюць працаўнікі прадпрыемства, не ўдалося, паколькі намеснік гендырэктара ў пытаннях бяспекі і кадраў не браў слухаўкі.

Санкцыі бачныя для працаўнікоў

З пачатку чэрвеня, пасля таго, як ЗША ўвялі санкцыі, на заводзе ўжо адбыліся некаторыя змены.

«На заводзе сітуацыя даволі сумная. Я бачу, што на тэрыторыі заводу цяпер у асноўным ездзяць толькі беларускія грузавікі. Трапляюцца часам з украінскімі нумарамі. Не вядома, што яны набываюць, а вось з еўрапейскімі нумарамі практычна няма ўжо машынаў. Тое ж датычыцца і чыгуначных складоў. Толькі беларускія ці расейскія, замежных няма».

Hавiны
Ці прыме Еўразвяз санкцыі, якія нашкодзяць простым беларусам? Разважаюць аналітыкі
2021.06.11 19:27

Пры гэтым, як кажуць працаўнікі «Азоту», заробкі пакуль засталіся на тым самым узроўні. Цяпер тут можна зарабіць за месяц каля тысячы рублёў, але памер таксама залежыць ад стажу, разраду і гэтак далей.

«Але калі ўладкоўваешся на прадпрыемства, то заробак будзе складаць 300–400 рублёў усяго. Таму не асабліва сюды хочуць цяпер уладкоўвацца. Набраць новых працаўнікоў кіраўніцтва не можа. А раней жа і кватэры людзям давалі, былі інтэрнаты, дзіцячыя садкі. А цяпер тыя ж інтэрнаты і сады перадалі гораду, няма грошай на іх утрыманне. Падаецца, што такая ж сітуацыя паўсюль, на большасці дзяржаўных прадпрыемствах. Кіраўніцтва імкнецца ўладкаваць сваіх знаёмых ці сваякоў на «цёплыя» месцы. Вядома, што якасць кіравання ад гэтага лепшай не робіцца».

Hавiны
Ціханоўская заклікала Сенат ЗША знайсці крыніцы замежнага фінансавання Лукашэнкі
2021.06.09 20:22

СК belsat.eu

Стужка навінаў