Гамяльчук у інтэрнэце пажадаў смерці Адольфу Гітлеру. На яго завялі крымінальную справу


МУС паведамляе, што супраць гамельчука распачалі крымінальныя справы за «шматлікія абразы прадстаўнікоў улады».

34-гадовы грузчык з Гомля быў затрыманы байцамі АМАП яшчэ ў красавіку – яго абвінавацілі ў тым, што ў інтэрнэце ён нібыта абразіў памочніка пракурора. Тады ж у прэс-рэлізе міліцыі паведамлялася, што падчас ператрусу ў ягонай кватэры знайшлі «прадмет, падобны на пісталет».

У новым прэс-рэлізе МУС гэты прадмет не згадваўся. Затое сцвярджаецца, што са снежня да красавіка мужчына апублікаваў у тэлеграм-каналах «дзясяткі негатыўных каментароў на адрас чыноўнікаў, суддзяў, дэпутатаў і праваахоўнікаў».

«Больш за тое, мужчына публічна і неаднаразова абражаў прэзідэнта Беларусі, у сувязі з выкананнем ім службовых паўнамоцтваў. З гэтай жа прычыны ў сакавіку быў зняслаўлены супрацоўнік менскага АМАПу, а ў красавіку – міліцыянт Дэпартаменту аховы МУС», – сцвярджаюць у ГУБАЗіКу.

Скрыншот з відэа МУС / YouTube

Цікава, што ў відэароліку словы пра «абразу прэзідэнта Беларусі» МУС праілюстраваў допісам гамельчука з пажаданнем смерці Адольфу Гітлеру. Імаверна, у ГУБАЗіКу перакананыя, што пад Гітлерам затрыманы меў на ўвазе Лукашэнку.

Цяпер на грузчыка распачатыя крымінальныя справы за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў