Дырэктар «Ryanair»: забарона на палёты ў паветранай прасторы Беларусі – не доўгатэрміновае рашэнне


«Ryanair» не падтрымлівае забароны на палёты ў паветранай прасторы Беларусі для сваіх самалётаў на доўгатэрміновую перспектыву, заявіў у аўторак, 15 чэрвеня, генеральны дырэктар авіякампаніі Майкл О’Ліры, паведамляе «Reuters».

У той жа час О’Ліры заклікаў міжнародныя ўлады заручыцца гарантыямі ад Беларусі, што паўтарэння вымушанай пасадкі самалёта не будзе.

Майкл О’Ліры, генеральны дырэктар авіякампаніі «Ryanair».
Фота: Reuters

Кіраўнік «Ryanair» падчас выступу перад Брытанскім парламенцкім камітэтам зазначыў, што хоць ён і падтрымлівае кароткатэрміновую забарону, але авіяіндустрыя залежыць ад неабмежаванага доступу ва ўсю паветраную прастору, і яго неабходна аднавіць.

«Нам патрэбны вынік, пры якім еўрапейскія і брытанскія ўлады пры падтрыманні міжнародных партнёраў, спадзяюся, здабудуць адпаведныя гарантыі ад беларускіх ці расейскіх уладаў, што гэтага больш ніколі не паўторыцца», – сказаў О’Ліры.

ОʼЛіры таксама распавёў некаторыя акалічнасці інцыдэнту 23 траўня. Паводле яго, на капітана самалёту аказваўся ціск з беларускага боку з тым намерам, каб ён прызямліўся менавіта ў Менску. Пасля прызямлення самалёту ў салон зайшлі людзі з відэакамерамі, якія спрабавалі прымусіць экіпаж сказаць на камеру, што пасадка ў Менску была добраахвотнай. Аднак чальцы экіпажу адмовіліся.

Hавiны
Генпракурор Літвы: расследаванне прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» ідзе даволі інтэнсіўна
2021.06.15 16:37

Генеральны дырэктар авіякампаніі дадаў, што кароткатэрміновыя санкцыі неабходныя, каб стрымаць іншыя дзяржавы ад пераймання таго, што ўчыніла Беларусь, але ў доўгатэрміновай перспектыве палітызацыя паветранай прасторы прынясе страты авіяцыйнай галіне і міжнародным сувязям.

«Свабода палётаў над дзяржавамі – гэта тое, што мы, магчыма, прымалі як належнае цягам апошніх 70–80 гадоў. Мы павінны аднавіць яе як мага хутчэй», – сказаў О’Ліры камітэту.

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі ААН цяпер расследуе інцыдэнт з вымушанай пасадкай самалёта «Ryanair» у Менску і мусіць паведаміць пра вынікі праз два тыдні.

Аб’ектыў
Санкцыі Еўразвязу ў адказ на пасадку самалёта
2021.06.01 23:14

Самалёт «Ryanair», які ляцеў рэйсам Афіны – Вільня 23 траўня, улады Беларусі з дапамогай знішчальніка прымусілі сесці ў аэрапорце Менску нібыта з-за паведамленняў пра бомбу на борце. Сярод пасажыраў былі Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына Сафія Сапега, якіх адразу затрымалі і дагэтуль трымаюць у зняволенні. У адказ на інцыдэнт Еўразвяз забараніў сваім самалётам уваходзіць у паветраную прастору Беларусі, а таксама перастаў прымаць самалёты «Белавіі».

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў