Фінляндыя афіцыйна абвясціла аб рашэнні ўступіць у NATO


Пра намер уступіць у NATO кіраўніца ўраду Фінляндыі Санна Марын і прэзідэнт краіны Саўлі Нійністэ паведамілі на супольнай прэс-канферэнцыі ў Хельсінкі ў нядзелю, 15 траўня.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг і прэм’ер-міністарка Фінляндыі Санна Марын.
Фота: Laura Kotila/Finnish government

Рашэнне ўраду яшчэ мусіць ухваліць парламент – ён збярэцца з гэтай мэтай у панядзелак, 16 траўня.

Таксама чакаецца, што ў бліжэйшы час заяўку на ўступленні ў NATO падасць Швецыя.

Фінляндыя была нейтральнай краінай пасля Другой сусветнай вайны, яна падтрымлівала зносіны як з Расеяй, так і з краінамі NATO. Швецыя прытрымлівалася нейтралітэту цягам больш як ста гадоў і не ўдзельнічала ў сусветных войнах.

Разам з тым, Фінляндыя і Швецыя з 2013 года маюць «пашыранае сяброўства» у праграме NATO «Партнёрства дзеля міру» і рэгулярна бяруць удзел у аперацыях і вучэннях пад кіраўніцтвам NATO.

Абедзве краіны задумаліся пра далучэнне да NATO пасля ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым бягучага года. Як зазначыла прэм’ер-міністарка Фінляндыі, рашэнне прынятае, каб засцерагчы краіну ад пагрозы вайны з Расеяй. Пасля ўварвання ва Украіну, Расеі стала немагчыма давяраць, і таму Фінляндыя была вымушана зрабіць выбар на карысць сяброўства ў NATO, сказала Санна Марын.

Hавiны
NATO узмоцніць прысутнасць у Балтыйскім моры
2022.05.06 11:20

Паводле апытанняў, большасць жыхароў Фінляндыі і Швецыі цяпер падтрымліваюць уступленне ў Паўночнаатлантычны альянс.

У суботу, 14 траўня, прэзідэнт Фінляндыі патэлефанаваў Уладзіміру Пуціну, каб паведаміць аб рашэнні падаць заяўку на ўступленне ў NATO. Пуцін у адказ сказаў, што «адмова ад традыцыйнай палітыкі ваеннага нейтралітэту была б памылковай», таксама зазначыў, што цяпер ніякіх пагрозаў бяспецы Фінляндыі не існуе, а ўступленне ў NATO можа негатыўна адбіцца на зносінах дзвюх краінаў.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг прывітаў заяву Фінляндыі і запэўніў, што і Фінляндыя, і Швецыя будуць без праблемаў прынятыя ў Паўночнаатлантычны альянс.

Hавiны
Расея пагражае Фінляндыі за намер гэтай краіны далучыцца да NATO
2022.05.12 15:34

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў у чацвер, 12 траўня, заявіў, што ўступленне Фінляндыі ў NATO – гэта пагроза Расеі, і што «чарговае пашырэнне NATO не робіць наш кантынент больш стабільным і бяспечным».

Санна Марын заявіла, што Фінляндыя добра падрыхтаваная да магчымых дзеянняў з боку Расеі ў адказ на заяўку.

«Фінляндыя – краіна гатовасці, як мы бачылі падчас пандэміі. Рашэнні, якія мы прымаем на гэтым тыдні, гарантуюць, што ў Фінляндыі больш ніколі не будзе вайны», – сказала кіраўніца ўраду.

Аналітыка
Пад ядравым парасонам. У чым сіла NATO і чаму яе так баіцца Расея?
2022.04.28 09:00

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў