Палітвязень Ігар Лосік упершыню за 22 месяцы пабачыў дачку


Палітзняволены Ігар Лосік меў спатканне з жонкай Дарʼяй і дачкой Паўлінай у гомельскай турме. Пра гэта Дарʼя Лосік распавяла ў Фэйсбуку.

Ігар Лосік не бачыў дачку з 25 чэрвеня 2020 году, калі яго затрымалі сілавікі. Дарʼя прызнаецца, што праз гэта хвалявалася перад спатканнем.

«Паўліне амаль 3,5 гады, яна адчувае, што тата ёсць, ён яе любіць, дасылае ёй падарункі, паштоўкі і малюнкі, але я не ведала як дзіця адрэагуе на тое, што тата ў клетцы. Ён не можа яе абняць і пагуляць з ёю. А з іншага боку, я баюся ўявіць, што адчуў мой муж, убачыўшы дачка праз такі працяглы час. Уся гама эмоцыяў, пачынаючы ад радасці і сканчаючы гневам, з-за таго, што прапусціў амаль цэлых два гады з жыцця дачкі. Гэты погляд Ігара, поўны любві да дачкі і безвыходнасці з-за таго, што нават за руку яе ўзяць нельга.

Сёння я яшчэ раз пераканалася ў тым, што адносіны Ігара і Паўліны – гэта нешта нерэальнае. Праз шкло яны разумелі адзін аднаго без словаў, хапала поглядаў і эмоцыяў. Гэтыя бясконцыя пытанні Паўліны: «Мама, а мы ж забярэм тату дадому?», ставілі ў тупік абодвух, нягледзячы на ​​тое, што пройдзена ўжо шмат выпрабаванняў.

Усмешка Ігара сёння – гэта самае цудоўнае з таго, што я бачыла за ўсе свае 30 гадоў жыцця. Сёння яго погляд быў прыкаваны толькі да Паўліны, а яна, у сваю чаргу, вельмі актыўна выхвалялася сваімі ведамі песень, вершаў, літар, лічбаў… І хоць вельмі загадзя, але нават праспявала таце віншавальную песню, у гонар яго дня нараджэння», – распавяла Дарʼя Лосік.

Палітвязень Ігар Лосік быў пакараны 15 гадамі пазбаўлення волі.

Артыкулы
«Мы не спынімся». Святлана Ціханоўская, Марына Адамовіч і Дар’я Лосік пра гомельскі прысуд
2021.12.14 15:06

РР belsat.eu

Стужка навінаў