Святлана Ціханоўская ў Дзень Канстытуцыі: Рэжым дэвальваваў асноўны закон, як рубель


У Дзень Канстытуцыі Святлана Ціханоўская адзначыла, што сапраўдныя перамены прыўносяць у жыццё не купкі палітыкаў у рэзідэнцыі, а людзі, і заклікала ўсіх далучыцца да абмеркавання праекту Канстытуцыі, падрыхтаванага дэмакратычнымі сіламі, а таксама шэрагу іншых дакументаў.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

«За гады пры ўладзе рэжым дэвальваваў асноўны закон гэтак жа моцна, як рубель. Таму сёння размовы пра перамогу дэмакратыі ў краіне гэткія ж фальшывыя, як нядаўнія бязвыбары або аповеды прапаганды пра росквітную «сацыяльную» дзяржаву», – адзначыла Святлана Ціханоўская ў сваім акаўнце.

Дэмакратычныя сілы прапанавалі сваё бачанне Канстытуцыі, якая гарантуе беларусам выкананне іхных правоў і свабодаў, бо для нашай краіны «важна мець дзейсную Канстытуцыю, што абараняе людзей, а не ператварае іх у закладнікаў сістэмы», адзначыла дэмакратычная лідарка.

Ціханоўская нагадала, што сёння ў Вільні праходзіць канферэнцыя, на якой беларускія і міжнародныя эксперты абмяркуюць цэлы пакет законаў для новай Беларусі. Гэтыя прапановы рыхтаваліся з міжнароднымі партнёрамі дзеля  адпаведнасці еўрапейскім стандартам і пераймання самых сучасных дэмакратычных практык.

Беларуская дэмакратычная лідарка адзначыла, што разам са сваёй камандай яна імкнецца да адкрытага дыялогу і заклікала беларусаў не заставацца ў баку, а далучацца да абмеркавання дакументаў на платформе «Новая Беларусь», дасылаць свае думкі і прапановы на электронную пошту constitution@tsikhanouskaya.org або ў бот @AskOffice_Bot.

«Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну, дзе правы чалавека не проста заяўляюцца на паперы, але і рэалізуюцца ў жыцці», – кажа Святлана Ціханоўская.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў