«Мы заўсёды знойдзем спосаб данесці да расейцаў праўду». Польскія хакеры змагаюцца з Пуціным


Створаны польскімі праграмістамі сайт дазваляе парушаць расейскую цэнзуру пра вайну ва Украіне, адпраўляючы паведамленні пра рэальны стан рэчаў расейцам. «Белсат» паразмаўляў з хакерамі ініцыятывы «Squad303».

Цалкам разбураны жылы дом у Абалоні, у які трапіў снарад. Расейская армія працягвае знішчаць украінскія гарады, мэтанакіравана страляючы па жылых раёнах. Кіеў, Украіна. 14 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

«Мы заўсёды знойдзем спосаб, каб данесці да расейцаў праўду», – кажа ананімна ў размове з belsat.eu адзін з актывістаў польскай групы «Squad303», што займаецца пошукам звестак расейцаў і перанакіроўвае ім паведамленні пра вайну ва Украіне, злачынствы пуцінскага рэжыму і наступствы санкцыяў.

Даведка

Праграмісты з групы «Squad303» – назва якой ёсць алюзіяй на «Дывізіён 303» [303-і Варшаўскі знішчальны дывізіён ім. Тадэвуша Касцюшкі] – атрымалі каля 20 мільёнаў мабільных нумароў і каля 140 мільёнаў адрасоў электроннай пошты, што належаць расейскім асобам і кампаніям. Сайт выпадковым чынам генеруе нумары і адрасы з гэтых базаў звестак і дазваляе кожнаму з любога пункту свету адпраўляць ім паведамленне, сярод іншага гатовае паведамленне на расейскай мове, якое заклікае людзей абысці цэнзуру, уведзеную Пуціным. Адрас сайту 1920.in – адсылка да польска-бальшавіцкай вайны.

Калі расейцы апошнім часам атрымліваюць СМС ды іншыя паведамленні пра вайну ці інфармацыю пра тое, якія будуць наступствы санкцыяў, то ці вялікая імавернасць, што гэта вашая справа?

Так. Мы адправілі ўжо 10 мільёнаў паведамленняў, СМС і праз WhatsApp. Сёння мы даб’ём да 10 мільёнаў лістоў на электронную пошту.

Хто вы?

Аб’яднаная група валанцёраў, праграмістаў – і людзей, якія пішуць паведамленні. Мы працуем разам, і кожны можа ўзяць удзел. Мы, «Squad303», адчуваем сувязь са спадчынай «Салідарнасці» і радыё «Свабодная Еўропа». Сёння мы выкарыстоўваем іншыя інструменты, але гаворка ідзе пра інфармаванне – і інфармаванне якраз тых, хто сапраўды жыве за жалезнай заслонай. Барацьба з расейскім урадам, вядома, мае свой кошт, але нас яднае перакананне, што свабода бясцэнная!

Сутнасць нашых дзеянняў – адкрытасць і тое, што мы даём людзям па ўсім свеце інструмент для адпраўкі СМС у Расею. Наш сайт – гэта чысты код. Няма трэкераў, няма cookies, няма аналізу. Гэта таксама open source (адкрыты зыходны код). Зыходны код старонкі даступны на GitHub (і ёсць адным з самых папулярных кодаў javasrcipt у свеце). Паколькі гэта праект з адкрытым зыходным кодам і людзі маюць доступ да нашага API (API.1920.in), – мы як вірус. Ніхто не можа спыніць нас, бо ва ўсім свеце будуць сотні копіяў нашага інструменту. На розных мовах. І людзі з усяго свету дзякуючы гэтаму інструменту дасылаюць паведамленні мільёнам расейцаў.

Ці атрымліваеце вы адказы?

Прыкладна ў 10–25 % выпадкаў адпраўнікі атрымлівалі адказы. Найчасцей – ненарматыўная лексіка, але раз на некалькі дзясяткаў выпадкаў узнікаюць спробы наладзіць дыялог, узнікае цікавасць. Цяпер мы працуем з экспертамі з шмат якіх краінаў над паляпшэннем зместу паведамленняў, якія людзі адпраўляюць, каб павысіць каэфіцыент канверсіі. Галоўная мэта – не атрымаць неадкладны адказ, а пабудаваць масты паміж людзьмі вольнага свету і расейцамі. Мы хочам, каб у мільёнаў расейцаў быў спосаб даведацца праўду. І, што яшчэ больш важна, – усведамленне, што іхныя ўлады не маюць рацыі. Мы хочам, каб яны заўважылі: увесь свет думае інакш, ён бачыць у расейскай вайне і агрэсіі зло. І што тыя з іх, хто таксама так думае, не застануцца адныя.

Крамлёўскія ўлады даўно спрабуюць адрэзаць расейцаў ад глабальнай сеткі, увесці цэнзуру і пераследуюць за крытыку. Цяпер улады Расеі ашалелі ад інфармацыі пра вайну. Яны нават не дазваляюць выкарыстоўваць слова «вайна». Ці сутыкаецеся вы са спробамі блакаваць вашыя дзеянні атакамі?

Нас неаднаразова атакавалі. Калі мы адправілі першыя 2 мільёны СМС, нас атакавалі метадам DDoS (серверы, камп’ютары, сэрвісы запоўненыя такой колькасцю актыўнасці з іншых камп’ютараў, што яны не могуць нармальна працаваць). Нашая каманда, адказная за серверы, павінная была абараніць нас. Гэта была вялізная акцыя. Нашыя людзі не спалі двое содняў. Нарэшце, мы атрымалі дапамогу ад амерыканскай кампаніі «Cloudflare», і цяпер мы абароненыя ад DDoS.

Аналітыка
Генералы NАТО: Камп’ютарныя разлікі паказвалі, што Расея пераможа за 3–4 дні
2022.03.14 18:13

Гэта быў напад на вас, а як яны блакуюць вашыя паведамленні ў Расеі?

Мы атрымалі запіс з Масквы, на якім паліцыя правярае на вуліцы смартфоны выпадкова выбраных расейцаў. Мы ведаем, што Пуцін стварыў новы закон, які дазваляе яму кідаць людзей у турму на тэрмін да 15 гадоў, калі яны адправяць такія паведамленні іншым расейцам. Гэта іхныя адказнасць і мужнасць. Мы ведаем пра Аляксея Навальнага і пра тых, хто, нягледзячы на суровыя пакаранні, пратэстуе, таму ёсць у Расеі смелыя людзі. Нядаўна ўлады запусцілі праграму цэнзуры на ўзроўні сеткі і тэлекамунікацыйнай інфраструктуры ў Расеі. Яны могуць фільтраваць і выразаць словы «Украіна» або «вайна» з СМС, якія атрымліваюць расейцы.

Адкуль у вас базы звестак тэлефонаў, электронных адрасоў, на якія вы дасылаеце паведамленні?

Можна сказаць, мы запазычылі іх у Расеі. У нас 20 мільёнаў тэлефонных нумароў і 140 мільёнаў правераных адрасоў электроннай пошты. Мы пастаянна працуем над новымі спосабамі звароту да расейцаў. І паказваем іхным уладам, што пакуль ёсць электрычнасць, інтэрнэт і мабільныя – яны не адкінуць Расею ў XIX стагоддзе, бо мы заўсёды адшукаем спосаб абысці іхныя забароны і данесці да расейцаў праўду пра вайну ва Украіне і злачынствы расейскага войска.

Hавiны
Расея засталася без Instagram. Карыстальнікам раяць знайсці новыя магчымасці ў «Одноклассниках»
2022.03.14 10:05
  • З моманту запуску сайту 6 сакавіка тысячы людзей ва ўсім свеце, у тым ліку шмат якія амерыканцы, выкарысталі яго дзеля адпраўкі мільёнаў паведамленняў на расейскай мове, відэаматэрыялаў аб вайне або малюнкаў з заходніх медыяў, што задакументавалі напад Расеі на цывільнае насельніцтва Украіны.
  • З пачатку ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну Крэмль наклаў жорсткую цэнзуру альбо папросту закрыў шмат незалежных медыяў у Расеі, а таксама абмежаваў доступ да сацыяльных сетак Twitter, Facebook, Instagram, праекту «Белсату» «Вот так», «Нашай Нівы». Новы закон прадугледжвае, што кожны, хто публікуе «падманныя паведамленні» пра расейскае ўварванне ва Украіне, можа трапіць на 15 гадоў у турму.

Міхал Кацэвіч/ ДР belsat.eu

Стужка навінаў