Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі: беларусы ўсё менш арыентуюцца на Расею


Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі прэзентаваў даследаванне, якое зафіксавала новыя тэндэнцыі ў геапалітычнай арыентацыі беларускага грамадства.

Прэзентацыя сацыялагічнага даследавання «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэя Вардамацкага. 15 сакавіка 2022 года.
Фота: ДД / Белсат

Даследаванне праводзілася шляхам тэлефоннага апытання ў снежні 2021 года – то бок яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

У беларусаў запыталіся, як яны ставяцца да анексіі Крыму Расеяй у 2014 годзе. Адназначна незаконнай анексію лічаць 19,1 % апытаных, а правамернымі і апраўданымі дзеяннямі – 48,8 %. Аднак у 2014 годзе правамернай анексію Крыму лічылі 64,9 % беларусаў – то бок стаўленне грамадства да гэтай праблема за 8 гадоў істотна змянілася.

«48,8 % – гэта ўжо іншая структура грамадскай думкі ў параўнанні з 2014-м. Змены адбываліся паступова, мелі назапашаны эфект. А цяпер мы прагназуем выбуховыя змены ў сувязі з апошнімі падзеямі», – адзначыў Андрэй Вардамацкі.

Прэзентацыя сацыялагічнага даследавання «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэя Вардамацкага. 15 сакавіка 2022 года.
Фота: ДД / Белсат

Зніжэнне прарасейскіх настрояў зафіксаванае і пры адказе на пытанне, у якім саюзе было б лепш жыць беларусам – з Расеяй або з Еўразвязам. У 2018 годзе саюз з Расеяй абралі ў сярэднім каля 60 %, у 2019-м – каля 50 %. У 2020 годзе ўзровень прарасейскай арыентацыі знізіўся да 45 %.

«Можна казаць аб плаўным паніжэнні арыентацыі на Расею з вялікай колькасці прычынаў», – канстатуе Вардамацкі.

Прэзентацыя сацыялагічнага даследавання «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэя Вардамацкага. 15 сакавіка 2022 года.
Фота: ДД / Белсат

Расея стала менш прывабнай для беларусаў і ў якасці кірунку для працоўнай міграцыі. Пазітыўна да ідэі папрацаваць у Расеі ставяцца 31,3 % беларусаў, а негатыўна – 65,8 %. У Польшчу гатовыя паехаць працаваць 40,6 % апытаных, у Заходнюю Еўропу – 36,7 %.

«Нягледзячы на больш лёгкія ўмовы ўладкавання на працу (адсутнасць візаў, моўнага бар’ера і г. д.) адбыўся фундаментальны пераварот вектару працоўнай міграцыі», – падкрэслівае Вардамацкі.

Абсалютная большасць беларусаў (¾) выступаюць за тое, каб Беларусь і Расея мелі сяброўскія стасункі, без візаў і з адкрытымі межамі. Але за тое, каб Беларусь увайшла ў склад Расейскай Федэрацыі, выступаюць толькі 4,3 % беларусаў.

«Спецыфіка гэтай лічбы заключаецца ў тым, што гэта нязменная канстанта цягам прыкладна 8 гадоў», – адзначае ён. То бок беларусы стабільна хочуць сябраваць з Расеяй, але без страты незалежнасці Беларусі.

Большасць беларусаў лічаць, што ў палітычным крызісе ў Беларусі, які распачаўся летам 2020 года, Масква мусіла заставацца нейтральнай. Такой думкі прытрымліваюцца 37 % беларусаў – гэта самы папулярны адказ.

Аналітыка
Учынак, падрыхтоўка перавароту ці метадычка Суркова? Ацэнкі акцыі Марыны Аўсяннікавай у эфіры «Первого канала»
2022.03.15 13:12

Упершыню, паводле Вардамацкага, у часе апытання было зафіксавана, што ваенная тэматыка была ў топе асноўных праблемаў, якія стаяць перад Беларуссю. Раней заўсёды галоўным выклікам была эканоміка. Гэтае змяненне ў грамадскіх настроях было зафіксаванае яшчэ да пачатку вайны ва Украіне.

РР belsat.eu

Стужка навінаў