«Гэта разрывае мужчынаў на часткі». Беларускі дальнабойнік – пра вайну і сваіх украінскіх калегаў


Паводле апошніх звестках, з пачатку вайны ва Украіну вярнуліся больш за 250 тысяч грамадзянаў, 80 % з якіх – мужчыны. Але ў гэты ж час вялікая колькасць украінскіх мужчынаў працягвае заставацца за мяжою і працаваць, бо цяпер іхныя заробкі – гэта адзіны сродак існавання для сем’яў. Пра тое, як украінскія дальнабойнікі перажываюць вайну, дапамагаюць сваім сем’ям і спраўляюцца са стрэсам, паразмаўлялі з іхным беларускім калегам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Francois Devos / Hans Lucas Agency / Forum

Са словаў дальнабойніка з Беларусі, на трак-паркінгах Еўропы цяпер напружаная атмасфера. Кіроўцы, большая частка з якіх – украінцы, не знаходзяць сабе месца: яны ўвесь час з тэлефонамі, спрабуюць звязацца з роднымі і неяк дапамагчы ім з-за мяжы:

«24-га мой напарнік уначы наўпрост падчас рэйсу размаўляў з сям’ёю з-пад Харкава ды інструктаваў: казаў браць дакументы, тлумачыў, дзе хавацца і што рабіць далей».

Частка кіроўцаў з Украіны вярнулася з кадэнцыяў на радзіму, але цяпер яны не маюць шанцаў выехаць назад на працу. Таму астатнія спрабуюць вывезці сем’і ў Польшчу і далей у Еўропу:

«Большасць з іх рвецца дадому, але тады назад ужо не выехаць. І яны ж цяпер – адзіныя кармільцы ў сям’і, таму трэба працаваць. Гэта разрывае мужчынаў на часткі. Бяссілле, злосць, немагчымасць быць з роднымі, калі яны ў небяспецы, і адначасова неабходнасць іх забяспечыць».

«Прывідныя твары, асвечаныя экранамі смартфонаў»

Уся гэтая сітуацыя моцна ўплывае на псіхалагічны стан украінскіх кіроўцаў. Яны злыя, нервуюцца, праклінаюць Расею і Пуціна, плачуць, лаяцца нават паміж сабой і моцна п’юць: «Кожная кабінка – гэта кубік жылой прасторы, гэта адна сям’я. Прывідныя твары, асвечаныя экранамі смартфонаў. Яны напружана чытаюць, што яшчэ разбамбілі, куды ўдарылі. Самы важны радок любога мэсэнджару – калі быў у сетцы. Статус жыцця. Калі «нядаўна быў у сетцы» – пакуль усё добра». Еўрапейскія працадаўцы разумеюць настроі кіроўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alejandro MartíNez VéLez / Zuma Press / Forum

«Калі кіроўца просіць зняць яго з кадэнцыі, каб паехаць дамоў ці перавезці сям’ю, фірмы ідуць насустрач. У сваёй большасці кіроўцы не валодаюць замежнымі мовамі, але калі пачынаецца нейкая размова на палітычную тэму, еўрапейцы ўсяляк падтрымліваюць украінцаў».

«Едзь ва Украіну, бяры аўтамат і абараняй, а не на паркоўках рабі з сябе ваяра»

Відавочна, што на фоне расейскага ўварвання ва Украіну частка ўкраінскіх кіроўцаў пачала варожа ставіцца да расейскіх калегаў, але большасць асуджае такія дзеянні: «Я чуў і бачыў відэа, як псуюць машыны расейцаў і машыны на расейскіх нумарах. У буйных чатах дальнабойнікаў адносіны да такога рэзка адмоўныя: хочаш ваяваць – едзь ва Украіну, бяры аўтамат і абараняй, а не на паркоўках рабі з сябе ваяра».

Са словаў кіроўцы, у такой сітуацыі часам дастаецца і беларусам, якіх таксама лічаць вінаватымі ў вайне:

«Да беларусаў раней заўсёды было добразычлівае стаўленне, а цяпер – насцярожанае. Нам, беларусам, дастаецца. Але большасць з тых, хто кепска ставіцца да беларусаў, – людзі звычайныя, з тых, што ў жніўні пытаў, чым нам Лукашэнка не падабаецца, ён жа парадак навёў. Згадка гэтых словаў астуджвае ўкраінцаў, яны згадваюць, што самі так казалі, і тады ўжо пачынаюць раздзяляць уладу і беспасярэдне беларусаў. Гэта маральна абцяжарвае, асабліва калі ты быў супраць Лукашэнкі, пратэставаў і ўвогуле з’ехаў з краіны, каб не трапіць пад рэпрэсіі. Калі ёсць рэсурс, тлумачым ім гэта.

Але ўкраінцам не гэта трэба. Я думаю, падсвядома яны адчуваюць, што беларусы ім не ворагі. Найперш ім трэба спачуванне, і тут праблемаў няма, бо мы на адной хвалі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alejandro MartíNez VéLez / Zuma Press / Forum

І ў гэты ж час беларускія кіроўцы стараюцца дапамагаць украінцам:

«Шмат якія кіроўцы гатовыя бясплатна ці за сімвалічнае ўзнагароджанне браць удзел у дастаўцы гуманітарнай дапамогі. Паколькі кіроўцы няблага зарабляюць, самі па сабе грошы – не праблема. Праблема была ў тым, як вывезці сям’ю, улічваючы, што ў іх ёсць і машыны, але жонка дрэнна кіруе, а муж не можа прыехаць да яе, каб вывезці».

«Як у сне… Пасля якога прачынаешся і разумееш, што ідзе вайна»

Са словаў кіроўцы з Беларусі, ягоным украінскім калегам цяпер сапраўды вельмі цяжка. І часам праца – гэта адзінае, што дапамагае схавацца ад жудаснай рэальнасці на радзіме.

«Ратуюць краявіды, якія бачыш праз акно. Нядаўна ехалі праз Манблян з Францыі ў Італію, затым праз Аўстрыю і Нямеччыну. Гэта вельмі прыгожа, як у сне… пасля якога прачынаешся і разумееш, што ідзе вайна. І хочацца прачнуцца яшчэ раз».

Наш суразмоўца адзначае, што ў выпадку яшчэ большага пагаршэння сітуацыі ва Украіне нямала кіроўцаў гатовыя вярнуцца дамоў, нягледзячы на страту адзінага даходу. Беларус жа, са свайго боку, ужо цяпер ахвяраваў грошы на дапамогу Украіне.

Гісторыі
«Абараняючы цяпер Украіну, я абараняю і Беларусь». Чаму беларускія дактары застаюцца працаваць ва Украіне
2022.03.14 13:58

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтаю «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне панятку «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў