Расейскі апазіцыянер Навальны ў судзе: «Лукашэнка – духоўны бацька Пуціна»


У жніўні 2020 года Навальнага атруцілі баявым атрутным рэчывам «Навічок». Пад міжнародным ціскам Расея пагадзілася аддаць яго на лекаванне ў Нямеччыну. Ён выйшаў з комы, стэлефанаваўся са сваім атрутнікам і вярнуўся ў Расею. Па вяртанні яго пасадзілі… і працягнулі судзіць.

Архіўнае фота. Аляксей Навальны ў судзе, Масква, Расея. 20 лютага 2021 года. Крыніца: прэс-служба суда

Выязное паседжанне суда над расейскім апазіцыйным лідарам Аляксеем Навальным пачалося 15 жніўня ў папраўчай калоніі № 2 у горадзе Пакроў, што ва Уладзімірскай вобласці Расеі, піша «Meduza».

Навальны ў час выступу згадаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку.

Тое, што яго судзяць проста ў калоніі, Навальнага абурыла:

«Ведаеце, дзе так робяць? У Беларусі! Лукашэнка робіць усё гэтае самавольства, там гэта вынайшлі, і зараз пачынаецца такая практыка».

Ён патрабаваў арганізаваць адкрыты працэс, каб у залу суду пусцілі слухачоў і каб працэс транслявалі на відэа. Суд у калоніі ён расцаніў як знак страху таго, што яго баяцца тыя, хто «замовіў справу», якую лічыць «відавочна сфабрыкаванай».

«Нельга парушаць ну ўсе законы на свеце, – казаў Навальны. – Ведаеце, адкуль гэта да нас прыйшло? З Беларусі.

Вось там такое беззаконне дзеецца. І ўсе кажуць, што Пуцін – духоўны бацька Лукашэнкі. Але не, усё наадварот. Лукашэнка – духоўны бацька Пуціна. І Пуцін пераймае ў яго ўсе зверскія практыкі. Я патрабую, каб мяне судзілі, як звычайнага чалавека».

За што цяпер судзяць Навальнага

На суд пусцілі жонку Навальнага і журналістаў, якім забаранілі мець пры сабе тэлефоны. Судзяць Навальнага адразу паводле дзвюх справаў, якія чамусьці аб’ядналі ў адну.

Першая датычыць «махлярства». Яе распачалі яшчэ ў канцы 2020 года – заявілі, што Навальны нібыта «патраціў на асабістыя мэты» 365 млн расейскіх рублёў (4,85 млн долараў) з ахвяраванняў ягонаму «Фонду барацьбы з карупцыяй» і перадвыбарчым штабам.

Другая справа – за «непавагу да суда». Яе распачалі ў траўні 2021 года за тое, што Навальны нібыта абражаў суддзю і ўдзельнікаў працэсу, калі яго судзілі за «паклёп на ветэрана» (тады яго аштрафавалі на 850 тыс. расейскіх рублёў за тое, што ён крытыкаваў удзел 94-гадовага мужчыны ў агітацыйным роліку за «абнуленне» прэзідэнцкіх тэрмінаў Уладзіміра Пуціна).

Аналітыка
«Гэта, магчыма, капітал на будучыню». Як выгнаныя палітыкі вяртаюцца дадому і калі гэта мае сэнс
2022.01.17 18:15

Цяпер Навальны ўжо ў няволі і мае сядзець да 2023 года. Яго яшчэ ў 2014 годзе асудзілі ў «справе «Іў Рашэ» за «махлярства». Еўрапейскі суд правоў чалавека прызнаў вырак незаконным і неабгрунтаваным, але ў Расеі яго не сталі скасоўваць. Спачатку Навальнаму прысудзілі 3,5 года пазбаўлення волі ўмоўна, але калі Навальны вярнуўся з лекавання ў Нямеччыне, яму замянілі ўмоўны тэрмін на рэальныя 2,5 года калоніі.

З улікам новых абвінавачванняў (а яго вінавацяць яшчэ і ў «экстрэмізме», і ў «стварэнні арганізацыі, якая замахваецца на асобу і правы грамадзянаў») яму можа пагражаць такое пакаранне, што тэрмін працягнуць аж да 2051 года.

Як і чаму пераследуюць Навальнага

У Расеі Навальнага ўключылі ў спіс «асобаў, адносна якіх ёсць звесткі пра датычнасць да экстрэмісцкай справы або тэрарызму». Крымінальную справу аб «экстрэмісцкай супольнасці» пачалі супраць шэрагу ягоных паплечнікаў. Ягоныя «Фонд барацьбы з карупцыяй» і «Фонд абароны правоў грамадзянаў» назвалі «экстрэмісцкімі арганізацыямі». Большасць актыўных паплечнікаў Навальнага была вымушаная з’ехаць за мяжу.

Навальны балатаваўся ў мэры Масквы ў 2013 годзе (заняў другое месца) і збіраўся балатавацца ў прэзідэнты ў 2018 годзе (яму адмовілі ў рэгістрацыі праз яшчэ адну судзімасць, якую ЕСПЧ таксама прызнаў неправамернай і палітычна матываванай). Але найбольш ён вядомы расследаваннямі аб карупцыі ў Расеі: сярод іншага, ягоны фонд паказаў, як выглядаюць катэджы Уладзіміра Пуціна (які публічна не называе Навальнага на імя, а толькі ўжывае эўфемізмы) і былога прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Надзвычай папулярным было таксама расследаванне аб тым, хто і як атруціў Навальнага «Навічком».

АА belsat.eu

Стужка навінаў