Дэфіцыт рукамі чыноўнікаў. Хто адкажа за зніклыя з крамаў капусту, бульбу і буракі?


Рашэнні афіцыйных уладаў Беларусі спрычыніліся да праблемаў з пастаўкамі харчоў у крамы. Гэта пацвердзілі самыя ўлады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Кошты растуць, улады прыдумляюць

Харчы лідаруюць у росце коштаў у Беларусі. Толькі за студзень 2022 года яны падаражэлі на 2 %. У тым ліку капуста белакачанная вырасла ў цане на 20,3 %, памідоры свежыя – на 16,4 %, вінаград – на 16 %, часнык – на 15,2 %, бананы – на 14,9 %, хлеб, вырабы булачныя з мукі 1-га гатунку – на 13 %, перац салодкі – на 12,3 %, морква – на 11,9 %, буракі – на 11,9 %.

За год – студзень 2021-га да студзеня 2022-га – капуста падаражэла амаль у 3,4 разу, буракі – у 1,8, бульба і морква – у 1,6, а цыбуля – у 1,5.

Hавiны
Гадавая інфляцыя ў студзені перакрочыла 10 %
2022.02.10 16:26

У гэтай сітуацыі Савет Міністраў не прыдумаў нічога лепшага, як проста дырэктыўна абмежаваць рост коштаў. З 26 студзеня ў Беларусі дзеіць цэнавая «столь» для некаторай айчыннай гародніны і яблыкаў.

Цяпер максімальны цэннік на беларускую свежую белакачанную капусту ў крамах не можа перавышаць 1,68 рубля, на моркву – 1,54 рубля, буракі – 1,41 рубля, цыбулю – 1,57 рубля, бульбу – 1,4 рубля, яблыкі – 2,51 рубля. За парушэнні абмежаванняў пагражае штраф.

Усё гэта адбываецца на фоне беларускіх санкцыяў супраць краінаў Захаду, якімі з 1 студзеня ў тым ліку абмяжоўваецца імпарт у Беларусь заходніх садавіны і гародніны. Пры гэтым яшчэ ў снежні 2021 года ў адказ на ўвядзенне Менскам контрсанкцыяў незалежныя эканамісты прадказвалі, што ў выніку Беларусь можа мець праблемы з садавіной і гароднінай.

Размова
Кошты вырастуць праз контрсанкцыі Лукашэнкі
2021.12.09 13:59

Як вынік, такое ручное рэгуляванне цэнаў і штучнае абмежаванне імпарту прывялі толькі да таго, што беларускія садавіна і гародніна пачалі знікаць з продажу. Прадаваць іх паводле тых коштаў, якія выставілі чыноўнікі, захацелі не ўсе.

«Гэта тое, што называецца «вельмі хутка будучыня надыходзіць». Тыдзень таму казалі, што сярод магчымых наступстваў на абмежаванне коштаў на гэты самы баршчовы набор, магчымыя і пагаршэнне асартыменту, і знікненне тавараў, якія не хочуць прадаваць за такі кошт. Вось яно нечакана адбылося», – адзначаў эканаміст Сяргей Чалы.

У выніку ўсё той жа Саўмін 4 лютага ўжо быў вымушаны абмежаваць вываз цыбулі, капусты белакачаннай і яблыкаў, незалежна ад краіны паходжання, за межы Беларусі.

Эканоміка з Чалым
Лукашэнка ўзяўся за капусту, моркву і цыбулю
2022.02.10 19:30

Перабоі захаваюцца

Але і цяпер, як піша дзяржаўнае выданне «Минск-Новости», пасля таго, як 26 студзеня былі абмежаваныя максімальныя цэны на капусту, цыбулю, буракі, моркву і бульбу, у крамах і дасюль такая прадукцыя па фіксаваных цэнах не заўсёды ёсць у продажы. А людзі ўсё адно вымушаныя набываць замежныя прадукты за значна больш высокія цэны.

Самыя ж улады вымушаныя дапамагаць «гандлёвым сеткам для ўзаемасувязі з вытворцамі», падключаць «рэгіёны, вобласці, усіх вытворцаў, каб забяспечыць пастаўкі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«У Менску ўвосень на складах прадпрыемства «Партызанскае» быў закладзены стабілізацыйны фонд гародніны, які якраз і ствараецца для недапушчэння дэфіцыту тавараў у гандлі. Каб не ўзнікала перабояў пастаўкі айчыннай сельскагаспадарчай прадукцыі ў крамы сталіцы, арганізавалі ўзаемадзеянне гандлёвых сетак з гэтым прадпрыемствам. За кошт запасаў стабілізацыйнага фонду ўдалося нармалізаваць сітуацыю», – распавяла намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Менскага гарвыканкаму Ірына Маслакова.

Але, паводле яе, і надалей «могуць быць кароткачасовыя перабоі».

Прасцей на кампост перапрацаваць

У каментары «Белсату» эканаміст Леў Марголін падкрэсліў: праўладныя эканамісты ведаюць, што любое абмежаванне коштаў прыводзіць да дэфіцыту.

«Але я думаю, галоўная прычына ў тым, што нашыя ўлады яшчэ не зразумелі, што цяпер большасць гародніны ў Беларусі пастаўляюць не калгасы, а прыватнікі – фермеры. Гэта факт. А ў нас прывыклі, што трэба даць каманду калгасам, і яны зробяць усё, выгадна ім гэта ці не. І вось атрымоўваецца, што калі прыватніку кажаш, што ты мусіш прадаваць сваю прадукцыю не даражэй, як за такі вось кошт, дык ён лепш не будзе яе прадаваць», – адзначыў эканаміст.

Па-першае, на думку Льва Марголіна, фермер можа пачакаць, пакуль «улады самі схамянуцца ды нешта адменяць». А па-другое, прыватніку, каб прывезці прадукцыю, трэба дадаткова выдаткоўваць грошы, каб наняць транспарт ці купляць паліва для свайго.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

«Навошта яму гэта рабіць? І тут яго ёсць два выхады. Першае – гэта везці па тых коштах, якія прапануюць, але везці дрэнную прадукцыю. Не найлепшую. А найлепшую або трошкі пратрымаць, або завезці ў Расею, калі не вельмі далёка ад яе, ці нейкімі партызанскімі сцежкамі ў іншыя памежныя краіны. І на найгоршы выпадак ён пастараецца гэта прадаць на прамысловую перапрацоўку ці наагул на нейкі кампост перапрацаваць. Але сабе на страты ён працаваць не будзе. Вось гэтага не разумеюць нашыя кіраўнікі сельскай гаспадаркі», – падкрэсліў эканаміст.

Разам з тым, мяркуе Леў Марголін, ніхто з чыноўнікаў пакарання за тое, што не разумее гэтага, не зазнае. Як і не зазнавалі ў іншых падобных выпадках раней. І калі праблему ўдасца ўсё ж развязаць, то пра гэта ўсе забудуць, заключыў суразмоўца.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў