Першая серыя «Працэсаў» ад «Белсату» – у шэрагу намінацый беларускай прэміі «Чырвоны верас»


Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» абвясціла кароткі спіс намінантаў на другое ўручэнне кінапрэміі. Сярод прэтэндэнтаў на перамогу ў некалькіх намінацыях – першая серыя мастацкага серыялу рэжысёра Андрэя Кашперскага «Працэсы», знятага тэлеканалам «Белсат». Калі вы раптам не глядзелі гэтай серыі, то прапаноўваем перайсці праз гэтую спасылку.

Вокладка серыялу «Працэсы». Крыніца: Белсат

Узнагароды будуць уручаныя ў 13 катэгорыях. Журы другога «Чырвонага верасу», у якое ўвайшлі 16 кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследнікаў, ацаніла 70 фільмаў 2021 і 2022 гадоў. Гэта ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя карціны, кароткі і поўны метр, створаныя беларусамі. Некаторыя стужкі бяруць удзел у кінапрэміі ананімна.

Першая серыя «Працэсаў» называецца «Ператрымка». Сюжэт пераносіць нас у Беларусь, дзе праз недахоп месцаў у турмах кіраўніцтва загадвае амапаўцу забраць затрыманых на акцыі пратэстоўцаў да сябе дадому на 15 содняў. Пакой дзяцей амапаўца ператвараецца ў камеру, ванны пакой – у месца допытаў, двор каля дому – у месца шпацыру зняволеных.

Гэты фільм паспаборнічае ў наступных намінацыях: «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм», «Найлепшы актор» (Андрэй Новік можа атрымаць узнагароду за ролю амапаўца) і «Найлепшы сцэнар» для аўтараў серыялу Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя. А яшчэ нашыя калегі адзначаныя ў намінацыі «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)»:

гэта Вольга Падгайская і ананімны саўнд-дызайнер за фільм «Галасы. Дзе мой край».

Акрамя гэтага, сярод намінантаў кінапрэміі ў катэгорыі «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм» і «Найлепшы сцэнар» удзельнічае карціна рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры». Фільм распавядае пра затрыманне журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай падчас іх працы ў прамым эфіры з плошчы Пераменаў у Менску.

Прэм’ера першага белсатаўскага серыялу «Працэсы» адбылася 10 снежня 2023 года. Падчас прэм’еры гледачы падзяліліся, што часам серыял пераклікаецца з брытанскім «Чорным люстэркам». Серыял «Працэсы» – гэта абсурдысцкая трагікамедыя. Менавіта гэты жанр найлепш адлюстроўвае сітуацыю ў сучаснай Беларусі. Назва серыялу адсылае да працэсаў, што адбываюцца ў краіне апошнімі гадамі: судовых, палітычных, грамадскіх – якія паказваюць брутальнасць і ў той жа час сюррэалістычнасць падзеяў у краіне пад кіраўніцтвам Лукашэнкі.

Рэпартаж
Прэм’ера серыялу «Працэсы»: абсурднасць, якая робіцца рэчаіснасцю
2023.12.11 19:40

На сёння выйшла чатыры серыі «Працэсаў». Колькасць праглядаў гаворыць сама за сябе і сведчыць аб тым, што гледачы з цікавасцю прынялі гэты серыял: чацвёртую серыю пад назваю «Праграма перадач» праглядзелі больш за адзін мільён разоў на YouTube.

Адзначылі стужку і кінакрытыкі, серыял атрымаў узнагароды на двух фестывалях: спецыяльны прыз на Фестывалі кіно Паўночных і Балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне» і другое месца на амерыканскім фестывалі «Fantastic Fest 2023».

Інтэрв’ю
«Гэта выхаванне рабоў». Купалавец Ігар Сігоў пра псеўдапатрыятызм і вар’ятаў у пагонах
2023.12.05 13:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў