Міністарка працы пахвалілася пенсіямі. Параўналі з суседзямі – хваліцца амаль няма чым


У Беларусі ў 2024 годзе перад выбарамі вырастуць сярэднія пенсіі. Праўда, да абсалютнай большасці суседніх краінаў яны ўсё адно не дацягнуць. Як паказвае аналіз «Белсату», беларускія пенсіі выглядаюць добра толькі на тле разбуранай расейскай агрэсіяй эканомікі Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Міністарка працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч у эфіры дзяржаўнага тэлебачання распавяла, што з 1 лютага ў краіне вырастуць пенсіі. Перадвыбарчае павышэнне выплатаў пенсіянерам (нагадаем, што на 25 лютага ў краіне прызначаныя парламенцкія і мясцовыя выбары) вынікае з указу Аляксандра Лукашэнкі, падпісанага напярэдадні Новага года.

«Паводле экспертных ацэнак, мы чакаем сярэднюю пенсію ў лютым 811 рублёў. Гэта плюс 75 рублёў у сярэднім», – сказала Касцевіч.

Міністарка падкрэсліла, што 811 рублёў – гэта сярэдняя лічба. Маўляў, кожны пенсіянер атрымае розную суму, бо ў разліках кіруюцца пенсіяй канкрэтнага чалавека. Цяпер жа, паводле чыноўніцы, сярэдняя пенсія складае прыблізна 736 рублёў, або 205 еўраў. І яна мае вырасці да прыкладна 226 еўраў паводле актуальных курсаў.

Каб зразумець, шмат гэта ці мала, карэспандэнты «Белсату» паглядзелі на сярэднія пенсіі ў суседніх краінах.

У Польшчы сёлета пенсіі таксама вырастуць. Самая мінімальная пенсія з сакавіка складзе 1769,52 злотага (рост на 181,08 злотага). Гэта каля 406 еўраў паводле сённяшніх курсаў. Але паўторымся, што гэта найніжэйшая магчымая пенсія без уліку дадатковых выплатаў і надбавак. У Беларусі ж нават сярэдняя пенсія нашмат ніжэйшая за польскую мінімальную. Не кажучы ўжо пра мінімальную, якая ў Беларусі з 1 лістапада 2023 года складае 91,95 рубля, або каля 25 еўраў. Сярэдняя ж польская пенсія ў 2023 годзе склала 2970,64 злотага, або 681 еўра.

У Расеі сярэдні памер пенсіі ў трэцім квартале 2023 года складаў 19 609 расейскіх рублёў, або 203 еўры. 1 студзеня пенсіі мусілі павысіць на 7,5 % – да 22 605 рублёў, што складзе паводле сённяшніх курсаў каля 234 еўраў.

У Літве сярэдняя пенсія ў 2023 годзе складала 540 еўраў, а пасля індэксацыі з новага года мусіць скласці 605 еўраў.

Меркаваных памераў пенсіі ў 2024 годзе ў Латвіі мы не знайшлі. Але яны, відавочна, не будуць меншымі, чым у Беларусі. Прынамсі таму, што ў 2023 годзе (станам на кастрычнік) сярэдні памер пенсіі ў Латвіі складаў 563 еўры. Пры гэтым пенсіі ў краіне таксама мусяць вырасці. У прыватнасці, мінімальная павялічыцца з 157 да 171 еўра.

Ва Украіне, якая цяпер у стане вайны, на пачатак студзеня 2024 года сярэдняя пенсія складала 5385 грыўняў, або 129 еўраў. Сёлета сярэдні памер украінскай пенсіі мусіць павялічыцца да 6000 грыўняў, або каля 144 еўраў.

Пры гэтым у параўнанні з сярэднімі заробкамі да выплаты ўсіх падаткаў сярэдняя пенсія ў Беларусі паказвае неблагую прапорцыю. У сярэднім беларус пасля выхаду на пенсію атрымлівае 37 % сярэдняга заробку. Такі ж паказнік і ў Латвіі. А вось у Літве (32 %), Украіне (31 %) і Расеі (26 %) доля атрыманага заробку меншая. Найбольш жа атрымліваюць у сярэднім польскія пенсіянеры – 41 % ад сярэдняга заробку.

Вядома, памер пенсіяў не заўсёды адлюстроўвае іх рэальную пакупніцкую здольнасць. Таму мы паглядзелі, колькі сярэдні пенсіянер у Беларусі і суседніх краінах ужо цяпер можа купіць на сваю пенсію, напрыклад, бензіну, цэнамі на які рэгулярна хваляцца беларускія прапагандысты. І тут зноў нашая краіна перадапошняя ў спісе, нягледзячы на тое што кошт аднаго літра ў нас самы нізкі пасля Расеі.

Гэтак, станам на 8 студзеня 2024 года сярэдні беларускі пенсіянер мог купіць за сваю сярэднюю пенсію 314 літраў бензіну. Ягоны калега з Латвіі – 363 літры, з Расеі – 367, з Літвы – 393. Найбольш мог бы набыць польскі пенсіянер – 468 літраў, а найменей украінскі – 100.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў