ВНЖ для беларусаў і «ліцвінізм». Ціханоўская выступіла ў Сейме Літвы


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 14 снежня выступіла перад Камітэтам замежных справаў літоўскага Сейму наконт праблемаў беларусаў. Пра гэта паведамілі ў Офісе дэмакратычнай лідаркі.

Беларуская дэлегацыя на слуханнях у Камітэце замежных справаў Сейму Літвы 14 снежня 2023 года.
Фота: Офіс Ціханоўскай

Сустрэчу вёў старшыня Камітэту Жыгімантас Павілёніс, удзел бралі намеснікі старшыні, а таксама чальцы камісіі і сябры групы «За дэмакратычную Беларусь».

З беларускага боку, акрамя Святланы Ціханоўскай, удзельнічалі дарадца ў міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька, а таксама прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху «За Свабоду», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Слуханні ў Камітэце замежных справаў Сейму Літвы 14 снежня 2023 года.
Фота: Офіс Ціханоўскай

Ціханоўская заклікала падтрымаць у Сейме закон аб працягу тэрміну дзеяння ВНЖ да трох гадоў для грамадзянаў Беларусі, не ўраўноўваць беларусаў і расейцаў у абмежаваннях, працягваць выдаваць ВНЖ. Асобна кранулі пытанне бяспекі і пагрозы з боку лукашэнкаўскіх і пуцінскіх спецслужбаў, а таксама тэмы «ліцвінізму», што пашыраецца ў літоўскіх медыях.

У выніку сустрэчы Камітэт пагадзіўся падтрымаць прапанову наконт працягу ВНЖ да трох гадоў, але пастанова мусіць прайсці праз Сейм. Таксама дамовіліся зрабіць супольную заяву адносна «ліцвінізму».

Каментар
Беларусы – не праблема для Літвы. Офіс Ціханоўскай будзе даводзіць гэта літоўскаму Сейму
2023.12.08 09:28

З прапановаю выдаваць ВНЖ на 3 гады тым беларусам, якія не могуць вярнуцца ў сваю краіну з прычынаў палітычнага пераследу, у канцы верасня выступіла міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце. Яна зарэгістравала папраўку да Закону аб прававым статусе замежнікаў. Але пазней Камітэт у справе нацыянальнай бяспекі і абароны рэкамендаваў адхіліць прапанову міністаркі ўнутраных справаў. А пазней і сама Білатайце выказала спадзеў, што літоўскі Сейм уніфікуе абмежавальныя захады для грамадзянаў Расеі і Беларусі.

Таксама дырэктар Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс распавёў пра рост актыўнасці спецслужбаў Беларусі ў Літве, а таксама адзначыў, што за апошнія гады беларуская дыяспара ў Літве зрабілася значна большаю, у краіне ўжо больш за 60 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія маюць від на жыхарства або працоўную візу. Цягам года ў Літву прыязджаюць каля 17 тысяч асобаў. Паводле Яўнішкіса, восем з дзесяці беларусаў ёсць эканамічнымі мігрантамі, а не прадстаўнікамі апазіцыі. А ў літоўскім Сейме зарэгістравалі папраўку да закону аб абмежавальных захадах у дачыненні беларусаў у Літве. Згодна з папраўкай, прыпыніцца прыём заяваў беларускіх грамадзянаў на атрыманне дазволу на часовае жыхарства ў Літве з адпаведнымі льготамі.

Hавiны
Прэм’ер-міністарка Літвы папярэдзіла аб наступствах забароны на выдачу ВНЖ беларусам
2023.12.05 17:25

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў