Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі Wikipedia і Alibaba.com


Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская паразмаўляла пра беларускую версію Wikipedia з заснавальнікам сайту Джымі Ўэйлзам. Яны сустрэліся ў Лісабоне на тэхналагічнай канферэнцыі Web-Summit, якая адкрылася 13 лістапада.

Ціханоўская
Святлана Ціханоўская і заснавальнік Wikipedia Джымі Ўэйлз.
Фота: tsikhanouskaya.org

На канферэнцыю прыехала каля 70 тысяч чалавек. Прысутнічалі і прадстаўнікі беларускіх бізнесаў і стартапаў.

«Акрамя шэрагу тэхнічных пытанняў лідарка ўзгадала пра ролю Wikipedia у лёсах беларускіх палітзняволеных – некалькі з іх трапілі за краты праз актыўнасць на платформе», – паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

У размове з прэзідэнтам кітайскай карпарацыі Alibaba.com Чжонгам Куо кіраўніца АПК падкрэсліла, што пасля дэмакратычных зменаў Беларусь будзе адкрытая для замежных інвестыцыяў і маштабнага супрацоўніцтва з тэхналагічнымі кампаніямі. Яшчэ яна расказала пра перспектывы супольных праектаў у Еўропе генеральнаму менеджару Alibaba.com у Еўропе Шэну Джэджэею.

Таксама лідарка дэмакратычных сілаў сустрэлася з міністаркай у лічбавай дзяржаве і гендарнай роўнасці Даніі Мары Б’еры. Святлана Ціханоўская нагадала пра сітуацыю ў Беларусі і прасіла дапамагчы беларускім стартапам і бізнесам за мяжой.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў