«Я адгаворвала дачку ад журналістыкі, баялася, а цяпер ганаруся». Размова з маці Дар’і Чульцовай


Наталья Теребиленко, мать журналистки «Белсата» Дарьи Чульцовой
Наталля Церабіленка, маці Дар’і Чульцовай, палітзняволенай журналісткі «Белсату». Дар’ю затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас асвятлення акцыі пратэсту на плошчы Пераменаў. Суддзя Наталля Бугук прызнала яе вінаватаю паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і пакарала двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Шклоў, Беларусь. 1 лістапада 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Год таму, 15 лістапада, падчас стрыму з акцыі памяці пра забітага Рамана Бандарэнку на Плошчы Пераменаў у Менску былі затрыманыя нашыя калегі – журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева. Роўна год дзяўчаты застаюцца ў няволі за сваю працу. Абедзве – у Гомельскай жаночай калоніі, але ў розных атрадах. Стасавацца ім не дазваляюць. Нядаўна мы распавядалі пра спатканне Дар’і Чульцовай з роднымі ў калоніі. У гадавіну затрымання згадваем разам з маці Дар’і – Наталляю Церабіленкай – падзеі 15 лістапада, а таксама размаўляем пра шлях Дар’і ў журналістыку.

«Дашы паўсюль трэба было паспець: і спяваць, і танчыць, і на гітары граць»

Дар’я Чульцова нарадзілася 20 лютага 1997 года. Сёлета ў СІЗА дзяўчына адзначыла сваё 24-годдзе. Родны горад Дар’і – Шклоў у Магілёўскай вобласці. Там яна расла, вучылася ў школе, сталела.

«Дзяцінства праляцела хутка, – кажа спадарыня Наталля. – Дашы паўсюль трэба было паспець. Ёй хацелася і спяваць, і танчыць, і граць на гітары. Не падабаўся ёй толькі спорт. Старэйшая дачка займалася валейболам, я і Дашу спрабавала неяк зацікавіць, але яна наадрэз адмаўлялася і не хацела».

Дар’я захаплялася маляваннем. Яна і цяпер працягвае маляваць, у калоніі, зазначае ейная маці. І праца ў яе там крыху звязаная з маляваннем: яна крэсліць лякалы для швачак, а таксама малюе плакаты для калоніі.

Яшчэ Дар’я вельмі любіць коней.

«Вучылася яна добра, хоць не сказаць, што была выдатніцаю, – распавядае далей пра дачку спадарыня Наталля. – Часам ленавалася, ведаю, што магла і лепш. Аднак у старэйшых класах, калі яна ўжо зразумела, куды пойдзе далей, што хоча стаць журналісткаю, пачала ўсё хутка вучыць, каб адзнакі былі лепшымі».

«Я не хацела, каб Даша была журналісткаю: магчыма, сэрца прадчувала нешта»

Дар’я Чульцова.
Фота: Дар’я Чульцова/Facebook

Казаць пра журналістыку Даша пачала ў класе 10-м, прыгадвае спадарыня Наталля:

«Я тады ўспрымала гэта як жарт. Бо нашая сям’я – працоўныя людзі, усе бабулі і дзядулі недзе на заводах. Вядома, мы таксама любім чытаць кніжкі, хоць і рабочыя, але я не чакала, што ў нашай сям’і раптам з’явіцца журналіст. Мая старэйшая дачка скончыла банкаўскую справу, цяпер працуе бухгалтаркаю. Сястра мая таксама бухгалтарка. І тут раптам журналіст? Мы ўсе былі ў шоку ад такога выбару. Я не ведаю, адкуль у яе такое жаданне з’явілася. І я яе адгаворвала спачатку. Чаму? Я баялася. Я заўсёды лічыла, што ў Беларусі быць журналістам небяспечна. А можа, я прадчувала, што ў яе будзе не самы просты лёс у выніку. Магчыма, матчына сэрца падказвала. Я не хацела, каб яна была журналісткай. Але Даша стаяла на сваім».

Артыкулы
«Верыць, што пераадолее ўсе гэтыя складанасці». Як Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева жывуць у калоніі
2021.09.14 16:54

Пасля школы Дар’я паехала вучыцца ў Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова на факультэт журналістыкі. Жыла ў інтэрнаце. Паводле маці, вельмі імкнулася быць самастойнаю. На старэйшых курсах перавялася на завочнае навучанне і пайшла працаваць на сайт «Могилев.Онлайн». А потым на «Белсат».

«Ад «Белсату» я таксама спрабавала яе адгаварыць. Мне было страшна, – кажа спадарыня Наталля. – Аднак яе адгаворваць бессэнсоўна. Яна мне заўсёды казала, што яна дарослы чалавек, і сама будзе пастанаўляць, дзе працаваць, з кім камунікаваць».

«Дашу не пужалі затрыманні»

Дар’я Чульцова.
Фота: Дар’я Чульцова/Facebook

Дар’я сутыкнулася з пераследам амаль з самога пачатку сваёй працы на «Белсаце».

«9 жніўня 2020 года дачку затрымалі ў Магілёве, калі яна толькі з дому выйшла, – прыгадвае спадарыня Наталля. – Але і раней затрымлівалі. І штрафы яна плаціла. Да нас участковы прыходзіў дамоў. Я яе тады прасіла спыніцца, завязаць з «Белсатам», калі толькі распачаліся гэтыя затрыманні. Я вельмі баялася за яе. Але ж яе цяжка ў нечым пераканаць. Яе не пужалі затрыманні. І думаю, яна разумела, што можа далей здарыцца. Даша проста вельмі любіла сваю працу. Інакш яна б гэтым не займалася. Яна магла і начамі сядзець пісаць. Часта бывала, што я ўначы прачыналася, а ў зале – святло: Даша нешта піша, нешта робіць».

У канцы верасня 2020 года Дар’я пераехала ў Менск. Спадарыня Наталля ведала, што кожную нядзелю дачка здымае мітынгі, але ў дэталяў Даша не расказвала. 15 лістапада маці ведала, што Даша будзе працаваць, але інфармацыі пра дакладнае месца не мела.

«Я прасіла яе тэлефанаваць, калі яна прыходзіць з працы, каб я ведала, што яна жывая, здаровая і ўдома, – распавядае спадарыня Наталля. – І яна заўсёды тэлефанавала вечарамі. 15 лістапада я памятаю, што з раніцы ляжала ўдома з тэмпературай. Я чакала званка ад Дашы, але замест гэтага мне прыйшло паведамленне ад ейных калегаў, што дачку затрымалі. Потым яны мне тэлефанавалі, прасілі не пужацца, не расстройвацца, пераконвалі, што іх з Кацяю хутка адпусцяць. Але мне адразу сэрца ёкнула, я нібы прадчувала, што ўсё не вельмі добра».

«Вяртаемся да жыцця і чакаем Дашу»

Наталья Теребиленко, мать журналистки «Белсата» Дарьи Чульцовой
Наталля Церабіленка гуляе з унукамі. Шклоў, Беларусь. 1 лістапада 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву спачатку затрымалі паводле адміністратыўнай справы, але па сканчэнні тэрміну не адпусцілі, а выставілі абвінавачанне паводле арт.342 КК РБ – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Следства цягнулася тры месяцы. 18 лютага суддзя Наталля Бугук пакарала Дар’ю і Кацярыну двума гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

«Калі мне стала зразумела, чым усё скончыцца, я вельмі шкадавала, што некалі так і не змагла адгаварыць Дашу ад журналістыкі, – прыгадвае спадарыня Наталля. – Я ёй пра гэта і на спатканні казала. А яна адказвала, што я, хоць і сварылася часам, ніколі не ціснула на яе, таму яна адчувала свабоду ў сваіх дзеяннях і рашэннях. А я не ўяўляю, як трэба было ціснуць. Я пераконвала, размаўляла, нават крычала, але Даша казала: «Мама, калі ты старэйшая за мяне, гэта не значыць, што ты маеш рацыю». Яна і цяпер ні пра што не шкадуе, кажа, што пройдзе праз гэта, выйдзе чалавекам. Трымае сябе на пазітыве».

Hавiны
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева: што трэба ведаць пра зняволенных журналістак «Белсату» і іх пераслед
2021.02.08 07:30

Захоўваць пазітыўны настрой імкнецца і спадарыня Наталля.

«Да суда я вельмі кепска сябе адчувала. Мы жылі толькі адным – як там Даша. Я жыла, як у сне, без таблетак не абыходзілася, – распавядае маці палітзняволенай журналісткі. – Калі Даша трапіла ў калонію, я зразумела, што гэта хоць не СІЗА, яна бачыць неба, людзей, працуе, і мне стала лягчэй. Улетку я стала прыходзіць у сябе, настрой стаў вяртацца. І тут ужо бліжэй і бліжэй да вызвалення, таму мяне крыху адпусціла. Шкада, вядома, што два гады жыцця страчаныя. Але ўсё будзе добра. Вяртаемся да жыцця і чакаем Дашу».

«Застанецца ў журналістыцы. Іншых варыянтаў не разглядае»

Дар’я Чульцова. Фота з сацсетак

Спадарыня Наталля кажа, што Даша ні пра што не шкадуе.

«Падчас спаткання яна мне казала, што ёсць такія людзі, якія думаюць, што яны ў нечым вінаватыя, што яна, Даша, трапіла ў такую сітуацыю, – распавядае маці нашай калегі. – Дык яна прасіла мяне перадаць усім, хто думае, што ў нечым перад ёю вінаваты, што ніхто ні ў чым не вінаваты. Яна самастойны чалавек, яна сама пастанавіла, куды ісці і што рабіць. Каб ніхто сябе не вінаваціў. Яна вельмі стойка пераносіць тое, што з ёю цяпер адбываецца, і бачыць у гэтым сэнс».

Дар’я мусіць выйсці на волю 5 верасня 2022 года. На ранейшае вызваленне дзяўчына ўжо не спадзяецца, кажа ейная маці:

«Спадзявацца – справа вельмі няўдзячная. У яе былі надзеі на апеляцыю, на амністыю, аднак потым было расчараванне, таму пакуль спадзяванняў ніякіх няма. Мы настройваемся на 5 верасня, а там як будзе, так будзе».

Пасля вызвалення Дар’я хоча вярнуцца да любімай працы.

Артыкулы
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову прызналі «журналісткамі году» на фестывалю «PRIX Europa»
2021.10.16 10:08

«Яна кажа, што спачатку адаспіцца, адмыецца, а потым будзе працаваць. Застанецца ў журналістыцы. Іншых варыянтаў не разглядае», – кажа спадарыня Наталля.

Невядома толькі, дзе Дар’я будзе працаваць журналісткаю. Дар’іна маці кажа, што, магчыма, хацела б, каб дачка з’ехала з Беларусі, калі сітуацыя ў краіне не зменіцца. Але канчатковае рашэнне будзе за самою Дашаю.

«Я ганаруся, што вырасціла такую дачку»

Цырымонія ўручэння ўзнагарод «Прэс-клубу» Польшчы і Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клубаў», на якой журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова сталі ўладальніцамі спецыяльнай узнагароды «Прэс-клубу» Польшчы. Заснавальніца «Прэс-клубу» Беларусі Юлія Слуцкая ўзнагароджаная прэміяй Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клубаў» за свабоду слова. Варшава, Польшча. 22 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Маці нашай калегі адзначае: не зважаючы на тое, што некалі адгаворвала Дар’ю ад журналістыкі, цяпер ёю вельмі ганарыцца.

«Я ганарылася і да гэтага, а цяпер асабліва, калі ўвесь свет яе ведае і прызнае. Як мама я сваруся на яе, але як чалавек я ганаруся, што я вырасціла такую дачку, – кажа спадарыня Наталля. – Цяпер я бачу, як яна змянілася, як пасталела, якое ў яе цікавае ўласнае меркаванне, думкі такія добрыя, таму я яшчэ больш стала ёю ганарыцца. Я ганаруся і сабою, што я вырасціла такіх дачок. Мне прыемна, што і старэйшая дачка запатрабаваная, і ёй усе захапляюцца. А Даша вядомая на ўвесь свет цяпер. Я звычайная жанчына, якая нічога з сябе не ўяўляе, і мне вельмі прыемна, што ў мяне такая дачка».

Артыкулы
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова атрымалі прэмію «Free Media Awards 2021»
2021.11.01 17:42

Спадарыню Наталлю радуе таксама, што калонія не пакідае на дачцэ нейкага кепскага адбітку, не ўводзіць яе ў дэпрэсію.

Наталья Теребиленко, мать журналистки «Белсата» Дарьи Чульцовой
Наталля Церабіленка. Шклоў, Беларусь. 1 лістапада 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

«Падчас спаткання мая дачка мне ўсміхалася, ні на што не скардзілася. Распавядала нейкія смешныя свае гісторыі, – кажа жанчына. – Яшчэ яна зазначыла: у калоніі яна зразумела, што падабаецца людзям. І так сапраўды ёсць: яна таварыская і ўвогуле вельмі добры чалавек».

Артыкулы
«У яе занятая кожная хвілінка – так час пралятае хутчэй». Як жыве ў калоніі журналістка Дар’я Чульцова
2021.11.04 08:30

Спадарыня Наталля распавядае, што ў родным горадзе яе і Дар’ю ўсе падтрымліваюць, з негатывам яна не сутыкнулася.

«Мяне ўжо пазнаюць у Шклове, спыняюць, кажуць добрыя словы, перадаюць Дашы прывітанне. І яна адчувае гэтую падтрымку, – кажа маці нашай калегі. – І падчас нашага апошняга спаткання, раніцаю, перад развітаннем, яна прасіла перадаць усім сваім калегам і ўсім добрым людзям, якія яе падтрымлівалі ды падтрымліваюць, словы ўдзячнасці і вялікае прывітанне. Дзякуй вялікі за падтрымку. Ёй гэта заўсёды было важна».

Дашу можна падтрымаць лістом па адрасе: ПК №4. 246035, вул.Антошкіна, 3, г. Гомель.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў