Расейскі дыпламат раптоўна памёр у турэцкім гатэлі


У Стамбуле 12 кастрычніка знайшлі мёртвым 61-гадова кіраўніка Дэпартаменту агульнаеўрапейскай супрацы Міністэрства замежных справаў Расеі Мікалая Кобрынца. Паведамленні пра гэта турэцкіх медыяў пацвердзіла Міністэрства замежных справаў Расеі.

Мікалай Кобрынец.
Фота: МИД России / Facebook

Мікалай Кобрынец узначаліў Дэпартамент агульнаеўрапейскай супрацы ў 2019 годзе. Пры тым разрыў супрацы Расеі з дзяржавамі Еўропы ён прынамсі ў публічных выступах падтрымліваў.

Як пішуць турэцкія медыі, цела дыпламата знайшлі ў ложку ў нумары гатэлю ў Стамбуле. Калегі сталі яго шукаць, калі ён не прыйшоў на запланаваную ранкам сустрэчу з амбасадарамі, а датэлефанавацца да яго не змаглі.

Паводле папярэдняй версіі, Кобрынец мог памерці ад сардэчнага прыступу, але паліцыя вядзе расследаванне смерці дыпламата.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне па Расеі прайшла хваля падазроных смерцяў мільянераў і высокапастаўленых чыноўнікаў – штораз узнікаюць здагадкі аб забойстве пад выглядам смерці з натуральных прычынаў або самагубства, бо Расея вядомая выкарыстаннем баявых атрутных рэчываў супраць праціўнікаў рэжыму Уладзіміра Пуціна.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў