«Я прыдумала зрабіць самы жаночы пратэст». Жанчыны распавялі, чаму захацелі заводзіць дзяцей у Беларусі


У цяперашняй сітуацыі наважыцца на нараджэнне дзіцяці ў Беларусі – своеасаблівы гераізм. Мы распыталі дзвюх маладых мам, чаму яны вырашылі нараджаць дзяцей у краіне, дзе больш за год працягваюцца рэпрэсіі. Імёны змененыя з прычынаў бяспекі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Яўген Атцецкi

Вольга: Мы пайшлі на гэта мэтанакіравана

Вольга брала актыўны ўдзел у маршах і дваровых падзеях. Калі вулічныя пратэсты пачалі сціхаць, яны з мужам вырашылі завесці дзіця.

«Было адчуванне бездапаможнасці, ці што. Я не ведала, што магу яшчэ зрабіць. Калі мы зразумелі, што хуткай перамогі не будзе, стала вельмі горка і страшна. Мы пастанавілі не з’язджаць з краіны, і тады неяк само сабой з’явілася жаданне завесці дзіця», – апавядае жанчына.

Цяжарнасць прымусіла Вольгу абмежаваць актывізм, каб не трапіць у зняволенне.

«Хацела нарадзіць сына ў новай Беларусі. А ў турме вельмі не хацела. Але я пішу лісты і дапамагаю адной сям’і палітвязня ў іншым горадзе. Цяпер складана нешта арганізоўваць. Але як Стасік троху падрасце, будзем зноў перадачкі збіраць для палітвязняў», – дзеліцца планамі Вольга.

Ейнаму сыночку цяпер 2 месяцы. Хлопчык здаровы і вельмі сур’ёзны.

«Нарадзіўся нібы са сваймі нейкімі мэтамі. Усміхацца пакуль не ўмее, таму тыя, хто прыходзіць нас праведаць, дзівяцца, які Стасік сканцэнтраваны», – усміхаецца Вольга.

Нараджала жанчына ў адной з менскіх радзільняў. Трэці досвед наведання быў спрэчны:

«Дактары, якіх я ведала, бо ўжо была ў той радзільні, амаль усе пазвальняліся. Не ведаю чаму. Людзей не хапае, хаця не магу сказаць, што там зусім нікога не было. Умовы адначасова традыцыйныя і кепскія: заядаў кран у палаце, цёк душ, з вокнаў дзьмула. Як было 8 гадоў таму, калі я першы раз туды трапіла, так нічога не памянялася. Выпісцы радавалася вельмі, бо заставацца там было так сабе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Яўген Атцецкi

Нашая суразмоўца прызналася, што не раз абмяркоўвала з мужам магчымасць з’ехаць:

«Калі я зацяжарала, то шмат хто раіў пакінуць Беларусь. Маўляў, гэта варта было зрабіць нават не дзеля сябе, а дзеля лепшай будучыні нашых дзяцей. І што настаўнікаў не засталося, казалі, што і медыкі паз’язджалі. А мы пайшлі на гэта мэтанакіравана. Нават калі за нашым часам не атрымаецца пераадолець гэтую чорную багну, то нашыя дзеткі дакладна справяцца. Яны растуць такімі асэнсаванымі, свядомымі. Хоць старэйшай толькі 8 гадоў, яна любіць разважаць, намагаецца нейкі самааналіз нават праводзіць. За такімі людзьмі будучыня».

У сям’і Вольгі цяпер трое дзетак, старэйшая ходзіць у другі клас, а сярэдні пойдзе ў школу налета. Цяпер трэба больш высілкаў, каб у дзяцей была добрая адукацыя, але сям’я лічыць, што гэта пераадольныя задачы.

«Мы знайшлі настаўнікаў онлайн. Чароўная пані вучыць дачку і сына маляваць, распавядае ім пра мастацтва. Так цікава, што мне самой хочацца пасядзець, паслухаць іхныя заняткі. А дзяржаўныя школы… Ад іх не выпадала і раней чакаць нейкага асабліва чулага стаўлення да вучняў. То значна горш не стала».

Кацярына: Муж пасмяяўся з такой фармулёўкі

Жанчына прызнаецца, што выйсці на шэсці так і не хапіла смеласці:

«Я збірала перадачкі, валанцёрыла ў некалькіх ініцыятывах, але на шэсці хадзіў муж. Мне было страшна выходзіць на вуліцу. А калі мы даведаліся, што чакаем дзіця, то браць удзел нават у дваровых сустрэчах стала для мяне занадта рызыкоўным».

Кацярына прызналася, што яе вельмі натхнілі жаночыя пратэсты:

«Калі жанчыны выходзілі ў ланцугі салідарнасці ці рабілі свае акцыі і маршы, я імі так захаплялася, нават трошку зайздросціла іхнай мужнасці. І цяпер захапляюся, вядома. Тады я прыдумала зрабіць свой самы жаночы пратэст – нарадзіць новага беларуса і выгадаваць яго годным чалавекам. Муж пасмяяўся з такой фармулёўкі, але мы вырашылі завесці дзіця».

Выборы 2020, протесты 2020, август 2020, Минск, женские акции
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Света Фар / Белсат

Цяпер дачцэ Кацярыны ўжо паўгода. Дзяўчынка ўсмешлівая і вельмі даверлівая.

«Бываюць дзеці, якія баяцца незнаёмых, а мая да ўсіх ідзе на рукі, разглядае твары, усімі цікавіцца», – апавядае нашая суразмоўца.

Пра радзільню Кацярына расказваць не захацела, акрэсліла перыяд родаў як «суцэльнае пекла і хамства». З’ехаць з краіны думалі шмат разоў:

«Бывала, што некалькі разоў на тыдзень збіраліся з’ехаць. Нават цяпер не магу адназначна заявіць, што мы застанемся тут насуперак усяму. Для такой заявы трэба быць вельмі смелымі і рашучымі. Але мне вельмі цяжка ад думкі пра ад’езд. Мая мама так чакала ўнучку, што не нарадуецца цяпер. Не ўяўляю, як сказаць ёй, калі мы наважымся на рэлакацыю».

Гісторыі
«У Беларусі я нібыта перашкаджала дактарам». Беларуска – пра тое, чым адрозніваюцца роды ў ЗША і Беларусі
2021.09.18 08:30

Сям’я рыхтуецца да таго моманту, калі давядзецца аддаць маленькую ў вялікі свет:

«Мы хочам знайсці беларускамоўны садочак. Зразумела, што там дзеткі не ўсе будуць размаўляць па-беларуску, але хочам, каб выхавальніцы разумелі, наколькі гэта істотна. Таму пакуль думаем аб прыватным садку. Так, гэта для нас будзе сур’ёзнае фінансавае ўкладанне, таму пачалі адкладаць на яго адразу, як толькі даведаліся пра цяжарнасць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Яўген Атцецкі

Кацярына прызнаецца, што цяпер гадуе адразу некалькіх беларусікаў:

«Мы вырашылі размаўляць дома на беларускай мове. Гэта аказалася так складана для мяне! Трасянка адна пакуль атрымліваецца. Мужу неяк прасцей даецца. Цяпер вольнага часу мала, але я ўсё адно намагаюся хоць пару старонак на беларускай прачытаць за дзень. Ужо накупіла кніжак для дзетак на беларускай. Яны такія прыгожыя! Бачна, што з любоўю рабілі. Вось бы мне такія кнігі ў дзяцінстве!»

Інтэрв’ю
Стваральніца Беларускага хабу ў Кіеве пра тое, з чым сутыкаюцца ўцякачкі ў выгнанні
2021.10.13 08:40

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў