Рэцэсія, адставанне ад суседзяў і збядненне: перспектывы Беларусі пры існай уладзе


Беларуская эканоміка за першыя 8 месяцаў бягучага году прадэманстравала рост. Дзякуючы высокім коштам на сусветных рынках, ВУП нашай краіны вырас на 3 %. Але ў самой краіне ў гэты ж час назіраецца скарачэнне спажывання і высокая інфляцыя, якая ў гадавым вымярэнні перакрочыла 10 %. Эканамісты лічаць, што рост ВУП – кароткачасовы, яго ўжо цяпер заменіць спад, а на фоне суседзяў Беларусь, калі не адбудзецца зменаў, будзе адставаць яшчэ больш.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Падзеі вострага палітычнага крызісу ў Беларусі цяпер з’яўляюцца галоўнымі ў інфармацыйнай прасторы. Рэпрэсіі ў краіне закранаюць усё большую колькасць грамадзянаў. Улады абазначаюць, што спачатку «разбяруцца» з пратэстамі, а потым звернуць сваю ўвагу на эканоміку. У сваю чаргу эканамісты падчас дыскусіі «Новая Беларусь», якую арганізавалі Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) і «Belarus in Focus», «Press Club Belarus», звяртаюць увагу, што рэпрэсіі не могуць не ўплываць на эканоміку краіны, на бізнес-супольнасць.

«Самая вялікая страта на сёння, калі казаць пра бізнес-асяроддзе – гэта страта даверу. Без даверу немагчыма існаваць і развівацца. Зрэшты, раней таксама яго не было асабліва, але была нейкая ўстойлівая практыка, на падставе якой людзі маглі займацца бізнесам, выбудоўваць сувязі, кантакты і нават інвеставаць у Беларусі. Цяпер пра развіццё наагул ніхто не думае. Магчыма, не ўсе прадпрымальнікі з’едуць з Беларусі праз розныя прычыны. Але інтарэс як развіваць бізнес за мяжой сярод нашых прадпрымальнікаў вельмі вялікі. Гэта такі сімптом», – кажа Таццяна Марыніч, прадстаўніца IMAGURU, CEO & Co-Founder.

Эканоміка з Чалым
Чыноўнікі зноў спазніліся з рэанімацыяй эканомікі
2021.10.07 20:30

Алесь Аляхновіч, дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях кажа, што цяпер у Беларусі па выніках 8-мі месяцаў бягучага году ВУП павялічыўся на 3 %. Гэты рост забяспечвае павышаны попыт на тавары зробленыя ў Беларусі. Але пры гэтым унутраны попыт скарачаецца, кажа эканаміст.

«Калі паглядзець на першыя восем месяцаў бягучага году, то экспарт тавараў і паслугаў вырас больш чым на 30 %. Забяспечвалі гэты рост высокія кошты на тавары, у тым ліку і сыравінныя. Беларусь экспартавала калійныя ўгнаенні, нафту і нафтапрадукты, лес. Але індэксы фізічных аб’ёмаў экспарту беларускіх тавараў выраслі на 1,5 %, пры гэтым кошты на гэтыя тавары павялічыліся на 30 %. Таму прадаваць сталі не больш, але зарабіць атрымалася значна болей праз рост коштаў на сусветных рынках. Праўда ўжо ў бліжэйшы час гэтая кан’юктура будзе затухаць. Сусветныя кошты пачалі стабілізавацца. А па-другое, пачнуць дзейнічаць санкцыі ЕЗ, Вялікай Брытаніі, ЗША і іншых краінаў. Ужо напрыканцы бягучага году і на пачатку 2022 году наступствы санкцыяў стануць відавочнымі. У выніку вонкавы попыт на беларускую прадукцыю знізіцца», – кажа Алесь Аляхновіч.

Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры. Фота VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

У выніку эканоміка перастане развівацца. Распачнецца рэцэсія. Паводле прагнозу Сусветнага Банку эканоміка нашай краіны ў бягучым годзе вырасце 1,2 %. А ў наступным чакаецца рэзкае падзенне нават да 2,8 %. І толькі ў 2023 годзе, пры захаванні існай улады ў краіне, прагназуецца рост на 2 %.

«У сярэднім за гэтыя тры гады беларуская эканоміка вырасце на 0,6 %. Для параўнання, у Польшчы за гэты час рост эканомікі складзе 14 %. Усё гэта стварае перадумовы для эміграцыі з нашай краіне, паколькі разрыў у заробках, у рэалізацыі сваёй ініцыятывы паміж Беларуссю і суседнімі краінамі складзе вялізную прорву. Асабліва гэта будзе актуальна для моладзі, для асобаў, якія б хацелі стварыць свой бізнес. Бо цяпер улады ў нашай краіне душаць ініцыятыву не толькі падаткамі, правяраннямі, але і палітычнымі ўчынкамі ствараюць бар’еры для развіцця прыватнага сектару. Таму эміграцыя будзе не толькі палітычнай, але і эканамічнай», – кажа Алесь Аляхновіч.

Аб’ектыў
Эканоміка-2022: заробкі ўпадуць да 30 %
2021.10.06 22:37

Таццяна Марыніч дадае, што па выніках 2020 году з Беларусі ўжо зʼехалі больш за 20 тысяч ІТ-спецыялістаў, каля 58 % усіх заснавальнікаў стартапаў таксама пакінулі нашую краіну.

«У развітых краінах 4-6 % фірмаў, якія хутка растуць, забяспечваюць палову ўсіх занятых у эканоміцы. Гэта вялізная лічба. І калі ў краіне нічога не зменіцца, бізнес будзе выязджаць з краіны. Людзі, якія здольныя нешта ствараць, будуць выязджаць», – канстатуе Таццяна Марыніч.

Улады ў сваю чаргу, не жадаюць і не маюць намеру рэфармаваць і вырашаць гэтыя праблемы. На наступны год анансуюць рост падаткаў, скарачэнне сацыяльных выдаткаў.

«Колькасць падаткаў будзе павялічвацца, прычым вельмі часта справа не толькі ў фіскальнай функцыі гэтых падаткаў, але і палітычнай функцыі, яны ўводзяцца каб пакараць тых, хто выступіў супраць уладаў і быў нелаяльным у дачыненні да ўладаў. Таму ў сярэднетэрміновай перспектыве карціна кепская не толькі для беларусаў, але і на фоне іншых краінаў, якія ў гэты час будуць даволі хутка развівацца. Таму без змены ўлады, без эканамічных рэформаў нас чакаюць кепскія перспектывы», – кажа Алесь Аляхновіч.

Пусты флагшток, на якім да гэтага быў сцяг TUT.BY каля БЦ «Omega tower». Менск, Беларусь, 5 жніўня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова дадае, што калі бізнес сутыкаецца з ростам падаткаў, то перакладвае частку коштаў гэтых падаткаў на спажыўцоў, або вырашаецца закрыцца, перайсці на іншы рынак і гэтак далей.

«Рост падаткаў – гэта сведчанне, што эпоха лібералізацыі ў адносінах да прыватнага сектару завершылася і пачынаецца іншая эпоха, не самая спрыяльная для бізнесу. І мы бачым, што ўлады маюць намер прыбраць спрошчанае падаткаабкладанне ў пачатку 2022і абяцаюць увесці прафесійны падатак у 2023 годзе. Але ўтвараецца дзюрка на працягу году, калі будзе незразумелым, што ж рабіць і як працаваць. І гэта ў цэлым такое стаўленне да бізнесу, можа і не варожае, але недружалюбнае. Бізнес прыпыніць інвестыцыйныя праекты, планы на развіццё і мы гэта адчуем у бліжэйшыя гады», – кажа Кацярына Барнукова.

Эканамісты сыходзяцца ў адным: пакуль у нашай краіне не адбудуцца эканамічныя рэформы, будзе расці адставанне Беларусі ў заробках, пенсіях, іншых магчымасцях з суседнімі краінамі.

Эканоміка з Чалым
Чалы: Рэжым вяртае прыгоннае права
2021.09.30 21:02

СК belsat.eu

Стужка навінаў