У Гомлі пачаўся суд над музыкамі гурта «Tor Band»


У Гомельскім абласным судзе 14 верасня пачаўся разгляд справы музыкаў рагачоўскага гурта «Tor Band». Палітвязняў абвінавачваюць адразу паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Ім пагражае да 12 гадоў зняволення.

Злева направа: Яўген Бурлл, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык.
Фота: babruysk.by

Беларускіх музыкаў Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка судзяць у закрытым рэжыме. Працэс вядзе суддзя Сяргей Салоўскі.

У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле 4 крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»);
  • ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»);
  • арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»);
  • арт. 368 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі.

10 траўня з’явілася інфармацыя, што ў палітзняволенага музыкі гурта «Tor Band» Яўгена Бурло за кратамі абвастрылася анкалагічнае захворванне, якое ён меў яшчэ да затрымання. Яўген моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна.

Hавiны
У музыкі «Tor Band» Яўгена Бурло не пацвердзілася рэцыдыву анкалагічнай хваробы, але дыягназ цяжкі
2023.05.11 08:57

Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка 2022 года ў Рагачове нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і перасыланне паведамленняў з іх, а потым некалькі разоў арыштоўвалі на 15 содняў. Праваабаронцы паведамлялі, што рагачоўскіх музыкаў судзілі асобна за кожную песню. Пад адміністратыўным арыштам яны былі два месяцы. Пасля музыкаў перавялі ў гомельскае СІЗА у межах крымінальнай справы.

У лістападзе іхныя песні прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У прыватнасці, «экстрэмісцкімі» абвесцілі наступныя творы: «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мацi», «Мы – не «народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная Зямля». Таксама «экстрэмісцкім» прызналі відэаролік у Instagram пад назваю «Всем здоровья, родные беларусы!!!».

Паводле праваабаронцаў, пасля затрымання музыкаў міліцыянты пачалі прыходзіць да тых, хто здымаўся ў кліпах, – гэта пераважна рагачоўцы.

«Tor Band» – вядомы беларускі гурт. Кліпы на песні «Мы не «народец», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі разам каля 5 мільёнаў праглядаў на YouTube.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў