Пайшоў з жыцця першы прэзідэнт Малдовы Мірча Снэгур


Першы прэзідэнт Малдовы Мірча Снэгур памёр у веку 83 гадоў. Ён прыйшоў да ўлады пасля распаду СССР і быў прэзідэнтам Малдовы з 1990 да 1997 года. 16 верасня ў Малдове – дзень жалобы, абвесціла прэзідэнтка краіны Мая Санду.

Першы прэзідэнт Малдовы Мірча Снэгур. Крыніца: presedinte.md

Мірча Снэгур пайшоў з жыцця ўвечары 13 верасня пасля працяглай хваробы. Паведамляюць, што палітыка пахаваюць на кішынэўскіх Цэнтральных могілках, цырымонію зарганізуюць з дзяржаўнымі ўшанаваннямі.

«Спадар Снэгур жыў у гістарычны час і адыграў ключавую ролю ў прасоўванні незалежнасці, свабоды і суверэнітэту Малдовы. Мірча Снэгур застанецца ў нашай памяці як чалавек, які стаяў каля калыскі незалежнасці Малдовы», – выказалася прэзідэнтка краіны Мая Санду.

Першы прэзідэнт Малдовы нарадзіўся 17 студзеня 1940 года ў малдаўскім сяле Трыфэнэшці. Паводле спецыяльнасці быў аграномам, скончыў аспірантуру на кафедры раслінаводства і атрымаў ступень доктара сельскагаспадарчых навук. Пасля працаваў у сельскай гаспадарцы на кіраўнічых пасадах. У 1989 годзе стаўся дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, быў дэпутатам Вярхоўнага Савету XI і XII скліканняў, дэпутатам парламенту Малдовы XIV склікання.

Пасаду прэзідэнта краіны заняў у верасні 1990 года, у прэзідэнцкіх выбарах 1996-га перамогі не атрымаў. Быў актыўным прыхільнікам законапраекту аб наданні румынскай мове афіцыйнага статусу.

У 2000 годзе Мірчу Снэгура ўзнагародзілі ордэнам Рэспублікі. Атрымаў ганаровую доктарскую ступень Малдаўскага аграрнага ўніверсітэту, Міжнароднага незалежнага ўніверсітэту Малдовы, універсітэту Анкары і Акадэміі навук Малдовы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў