«Дэстабілізоўны чыннік для рэжыму». Павел Латушка пракаментаваў рэзалюцыю Еўрапарламенту


Еўрапарламент назваў Лукашэнку суўдзельнікам злачынстваў Расеі супраць Украіны і абвінаваціў у датычнасці да дэпартацыі ў Беларусь украінскіх дзяцей. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, ухваленай дэпутатамі. Кіраўнік НАУ Павел Латушка пракаментаваў «Белсату» рашэнне Еўрапарламенту.

Еўрапарламент. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Забяспечваючы ўмовы для неапраўданай расейскай агрэсіўнай вайны супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі стаўся суўдзельнікам злачынстваў, учыненых Расеяй, што прадугледжвае адказнасць за разбурэнні і шкоду Украіне», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

У дакуменце таксама згадваецца датычнасць цяперашніх уладаў Беларусі да дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы міжнароднага ордару на арышт Аляксандра Лукашэнкі, што будзе аналагічным таму, які выдалі ў дачыненні расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмана Марыі Львовай-Бяловай.

Hавiны
Еўрапарламент назваў Лукашэнку суўдзельнікам злачынстваў Расеі супраць Украіны
2023.09.14 08:53

Расследаваннем перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей займаецца Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Яго кіраўнік Павел Латушка ў каментары «Белсату» назваў рэзалюцыю еўрапейскіх дэпутатаў вельмі важным палітычным дакументам:

«Гэта заклік да адпаведных інстытутаў рабіць канкрэтныя прававыя крокі. Перадусім пастанаўляе пракурор Міжнароднага крымінальнага суда, і толькі ён можа даць ацэнку і далейшы прававы рух гэтай справе. Але важна, што ў гэты працэс збору доказаў, факусавання ўвагі ўключаюцца такія важныя інстытуты».

Латушка адзначыў, што бліжэйшым часам Гаагскаму суду перададуць другую частку матэрыялаў пра дэпартацыю дзяцей у Беларусь.

«У камандзе НАУ ідзе вельмі актыўная праца над тым, каб акумуляваць усю дадатковую інфармацыю, што трапіла ў нашыя рукі. Гэтыя матэрыялы мы таксама перадамо ў Генеральную пракуратуру Украіны. Бліжэйшым часам мы спадзяемся на камунікацыю з Генпракуратурай Літвы, дзе таксама ўзбуджаная крымінальная справа паводле фактаў незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей», – паведаміў палітык.

Павел Латушка дае інтэрв'ю Белсату
Павел Латушка ў рэдакцыі «Белсату». 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Латушка мяркуе, што пагроза пераследу Лукашэнкі «створыць у сістэме дэстабілізоўны чыннік».

«Усё ягонае атачэнне будзе ўжо разумець, што на Лукашэнку будзе пастаўленая чорная метка, што ён усё сваё жыццё будзе знаходзіцца ў вышуку, ён не зможа наведваць нават некаторыя краіны СНД, бо, напрыклад, Арменія далучаецца да Рымскага статуту. Частка людзей вакол Лукашэнкі захоча проста аддаць яго, каб самім паменшыць сваю адказнасць ці нават пазбегнуць гэтай адказнасці», – падкрэсліў кіраўнік НАУ.

Калі Лукашэнку афіцыйна абвінавацяць у злачынствах супраць чалавечнасці, то праз пагрозу арышту ён не зможа наведваць каля 200 краінаў, падсумаваў Латушка.

Hавiны
Прадстаўнік Украіны ў ААН: Больш за 3000 дзяцей вывезлі ў Беларусь «на аздараўленне»
2023.07.27 16:12

Рэзалюцыю Еўрапарламенту пракаментаваў і прадстаўнік у замежных справах Пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі. Ён звярнуў увагу на падмацоўванне суб’ектнасці беларускіх дэмакратычных сілаў.

«Мы вітаем заклік да ўключэння беларускіх дэмсіл і Аб’яднанага пераходнага кабінету ў палітычныя працэсы ў ЕЗ, у любыя абмеркаванні, што тычацца Беларусі. Гэта падмацоўвае нашу субʼектнасць», – цытуе Кавалеўскага Telegram-канал Кабінету.

Дыпламат таксама растлумачыў, чаму ў рэзалюцыі ніяк не згаданая праблема легалізацыі беларусаў, якія застануцца без дакументаў з увагі на «пашпартны ўказ» Лукашэнкі.

«Праект рэзалюцыі разглядаўся яшчэ ў ліпені, таму ён не ўлічыў вестку, якая шакуе, пра тое, што рэжым адмовіў грамадзянам Беларусі ў консульскіх паслугах за мяжою. Але гэтая праца наперадзе. Бо мы маем субʼектнасць і падтрыманне, якія надае Еўрапарламент беларускім дэмакратычным сілам і Абʼяднанаму пераходнаму кабінету», – заявіў Кавалеўскі.

Hавiны
Расследавальнікі абвінавацілі членаў сям’і Лукашэнкі ў датычнасці да вывазу ўкраінскіх дзяцей
2023.07.31 23:24

belsat.eu

Стужка навінаў