«Карагоднай справе» споўніўся год. Стала вядома пра суд над восьмай групай


За мірны карагод у Берасці пакаралі ўжо 81 чалавека, збіраюцца пакараць яшчэ тры дзясяткі. Наступны суд запланавалі на 24 верасня.

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот: відэа МУС

З пачатку «карагоднай справы» мінуў год. Сёння стала вядома, што 24 верасня пачнуць судзіць чарговую – ужо восьмую – групу берасцейцаў. Перад судом стануць шэсць асобаў: Алег Кулеш (застаецца ў СІЗА), Сяргей Кунцэвіч, Ганна Кашырскіх, Зміцер Макарэвіч, Таццяна Пякарская і Мікіта Дзмітрыеў. Гэта самая маленькая група з тых, якія праходзілі ў «карагоднай справе».

Працэс пройдзе ў судзе Маскоўскага раёну Берасця, суддзёй мае быць Марыя Аліфярук, прызначаная на пасаду ў гэтым раёне ў канцы мінулага года. Раней яна мелася судзіць палітвязня Андрэя Шарэнду, які не прыйшоў на суд і, нягледзячы на вышук, пакінуў Беларусь (ягоную жонку раней асудзілі на два гады няволі).

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у «карагоднай справе» на сёння асудзілі 81 чалавека. Сумарна прысудзілі 66,5 года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хіміі») і 63,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»), а таксама 7 гадоў і 7 месяцаў калоніі. Агулам выявілі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да берасцейскага карагоду, 108 з іх выставілі абвінавачанні.

Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45

13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца карагоднаю.

Праз некалькі тыдняў завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для яе сілавікі старанна падбіралі людзей: праглядалі камеры відэаназірання і матэрыялы журналістаў, затрымлівалі і апытвалі берасцейцаў.

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот: відэа МУС

АС belsat.eu

Стужка навінаў