«British American Tobacco» спыніла вытворчасць цыгарэтаў у Беларусі


Брытанска-амерыканская тытунёвая кампанія спыніла супрацу з Гарадзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман» праз санкцыі ЗША. Цяпер ГТФ не зможа вырабляць цыгарэты пад гандлёвымі маркамі «British American Tobacco».

Ілюстрацыйная выява. Кантрабандныя беларускія цыгарэты, якія затрымалі ў Польшчы. Крыніца: strazgraniczna.pl

У афіцыйным прэс-рэлізе «British American Tobacco» расказвае, што ў 2021 годзе атрымлівала запыты адносна свайго бізнесу ў Беларусі ў святле беларускіх палітычных падзеяў. Заклапочанасць выклікаў кантракт кампаніі з ГТФ «Нёман», якая вырабляе цыгарэты марак BAT.

Гарадзенскую фабрыку вінавацяць у парушэннях правоў рабочых фабрыкі, якія ўдзельнічалі ў палітычных пратэстах, расказала BAT. Былі і заявы аб тым, што сама BAT з’яўляецца саўдзельнікам незаконнага гандлю цыгарэтамі.

Аднак супрацу спынілі не праз гэтыя абвінавачванні, а праз нядаўна абвешчаныя санкцыі. Праз іх і праз заканадаўчыя абмежаванні ў Беларусі BAT была вымушаная прыпыніць запланаваную незалежную праверку на ГТФ «Нёман». Доказаў незаконнага гандлю цыгарэтамі марак BAT у кампаніі не выявілі – незаконна гандлююць беларускімі маркамі, сцвярджае BAT.

Hавiны
Беларускія банкі губляюць заходнія банкі-карэспандэнты. Ці моцна ім гэта нашкодзіць?
2021.09.14 13:46

Раней ГТФ вырабляла, але цяпер не зможа вырабляць цыгарэты марак «Kent», «Pall Mall», «Rothmans» і любыя іншыя, якімі валодае «British American Tobacco». Аднак фабрыка вырабляе не толькі чужыя брэнды, але мае і свае ўласныя, у тым ліку такія, якія капіююць у дызайне замежныя брэнды цыгарэтаў.

Брытанскае выданне «iNews» адзначае, што ГТФ у Беларусі мае амаль манаполію, бо на кампанію прыходзіцца 70 % продажаў тытунёвых вырабаў. Улады ЗША заяўлялі пры ўвядзенні санкцыяў, што ГТФ карыстаецца прэферэнцыямі ўладаў у абмен на фінансавую падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Злучаныя Штаты таксама называлі ГТФ асноўнай крыніцай нелегальных цыгарэтаў у Еўразвязе.

Прадэмакратычныя актывісты, дадае «iNews», адзначаюць, што BAT мусіла б спыніць супрацу з ГТФ да таго, як беларуская кампанія трапіла пад санкцыі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў