Беларускія банкі губляюць заходнія банкі-карэспандэнты. Ці моцна ім гэта нашкодзіць?


«Беларусбанк», «Белінвестбанк» і «Белаграпрамбанк», якія трапілі пад еўрапейскія санкцыі, вымушаныя рабіць валютныя аперацыі праз невялікія расейскія банкі. Кліенты, у якіх ёсць выбар, могуць ад іх сысці, а дзяржава замест прыбытку будзе вымушаная выдаткоўваць грошы, каб гэтыя банкі не абваліліся.

Галоўны офіс Беларусбанка. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Асноўны банк-карэспандэнт беларускіх дзяржаўных банкаў – «Deutchebank» – закрыў карэспандэнцкія рахункі «Беларусбанку», «Белінвестбанку» і «Белаграпрамбанку». Выданне «Наша Ніва» звярнула ўвагу на тое, што тое зрабілі і іншыя замежныя банк.

Hавiны
«Банкі-імпатэнты». Беларускія банкі губляюць магчымасць валютных трансакцый
2021.09.13 14:38

Напрыклад, у «Белаграпрамбанку» з валютных банкаў-карэспандэнтаў застаўся толькі невялікі расейскі «ТКБ Банк», які займае 87-е месца ў рэйтынгу надзейнасці расейскіх банкаў. Ад «Белаграпрамбанку» сышлі ў тым ліку расейскія «Сбербанк», «Россельхозбанк», ВТБ і «Росбанк».

Разлікі, падобна, стануць не толькі менш надзейнымі, але і даражэйшымі, і маруднейшымі. Адзін бізнесоўца кажа «Нашай Ніве», што плацяжы ўжо прамаруджваюцца на два тыдні, хоць раней тры дні лічыліся скандалам.

Праз карэспандэнцкія рахункі не праходзяць заробкі ці пенсіі звычайных беларусаў, якія атрымліваюць грошы ў беларускіх рублях. Праз іх ідуць плацяжы юрыдычных асобаў у экспартава-імпартавых і фінансавых кантрактах, а таксама некаторыя плацяжы фізічных асобаў. Калі банкі не змогуць ладзіць міжнародныя разлікі ў валюце, яны страцяць каля 5 % даходаў, кажа «Нашай Ніве» эканаміст Дзмітрый Крук.

Наколькі гэта балюча для банкаў і дзяржавы?

Эканаміст BEROC Леў Львоўскі тлумачыць «Белсату», што страта тых даходаў – не адзіная праблема для банкаў, якія губляюць карэспандэнцкія рахункі на Захадзе.

Леў Львоўскі на форуме «Бізнес-Беларусь». Кіеў, Украіна. 27 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Канкурэнцыя сярод банкаў цяпер даволі высокая, кажа ён. Згаданыя дзяржаўныя банкі апошнімі гадамі развіваліся амаль так жа, як прыватныя, і прапаноўвалі калі не ўсе, то амаль усе тыя ж паслугі, што прыватныя.

Людзі, калі адкрываюць дэпазіты ці рахункі для заробкаў, арыентуюцца на зручнасць і добрыя ўмовы – ужо «не дастаткова быць проста надзейным банкам». Калі кампанія можа выбіраць між банкам, дзе «ёсць усё», і банкам, дзе супрацоўнікі не змогуць захоўваць грошы ў доларах ці атрымаць перавод ад родных з-за мяжы, выбар будзе відавочным.

Аб’ектыў
Уклады пад кантролем сілавікоў
2021.08.23 23:35

Проста «дзеля патрыятызму» ў гэтыя банкі не панясуць грошы, калі будзе выбар, кажа эканаміст. Хто можа, той сыдзе ў больш зручны банк, але сысці могуць не ўсе: напрыклад, рабочаму на заводзе арганізуюць рахунак для заробкаў у тым банку, дзе хоча кіраўніцтва.

«Гэта не азначае, што такія махіны, як «Беларусбанк», адразу абрынуцца ад гэтага, – кажа Львоўскі. – Усё ж гэта найбуйнейшыя беларускія банкі. Частка рахункаў адкрываецца там з выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурсу. Буйное беларускае прадпрыемства, магчыма, нават калі б хацела, не змагло б перайсці ў іншы банк, бо ім хтосьці забароніць гэта зрабіць. Мы такое ўжо бачылі, калі ўлады вельмі настойліва рэкамендавалі сваім прадпрыемствам сыходзіць з замежных банкаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі, і з прыватных банкаў у дзяржаўныя».

Львоўскі лічыць, што дзяржава будзе дапамагаць сваім буйным падсанкцыйным банкам нелегальнымі і «шэрымі» метадамі, будзе прэсінг на «лаяльныя» прадпрыемствы, каб тыя карысталіся падсанкцыйнымі банкамі.

Аналітыка
Што чакае беларускія банкі і нашыя грошы ў іх? Паразмаўлялі з эканамістам
2021.08.23 13:26

У інвестыцыйнай дзейнасці, з якой банкі атрымліваюць большую частку даходаў, падсанкцыйныя могуць застацца «на плыву», але будуць «вельмі непаўнавартаснымі» – застануцца агентамі, якія бяруць дзяржаўныя грошы і інвестуюць у прадпрыемствы, патрэбныя дзяржаве, кажа эканаміст.

«Але ж гэта не адзіны ўдар па банках, ціск на банкаўскую сістэму ідзе з усіх бакоў, – адзначае Львоўскі. – З аднаго боку, людзі проста так выводзяць дэпазіты. З другога – дзяржава патрабуе, каб гэтыя банкі былі не надта настойлівыя ў патрабаванні да дзяржаўных арганізацыяў вярнуць крэдытныя грошы. Часы ў іх і так былі не вельмі лёгкія, а стануць толькі цяжэйшымі. У іх адрэжуць шляхі развіцця, яны стануць такімі, якімі былі ў XX стагоддзі».

Хоць банкаўскі сектар прафіцытны, шматмільярдных стратаў для ўладаў гэта не прынясе, але Львоўскі згадвае выраз эканаміста Сяргея Чалага: «смерць ад тысячы парэзаў». Калі ў такой сітуацыі апынуцца невялікія дзяржаўныя банкі, яны проста збанкрутуюць. Але буйныя дзяржаўныя банкі «занадта вялікія, каб абваліцца». Таму дзяржаве давядзецца накіроўваць сродкі, каб дакапіталізаваць гэтыя банкі, а гэта зноў страты.

Hавiны
Дзяржаўны доўг Беларусі склаў 57,4 мільярда рублёў
2021.08.31 14:20

АА belsat.eu

Стужка навінаў