Пісьменніка Салмана Рушдзі адлучылі ад апарата ШВЛ, ён ужо можа размаўляць


Брытанскага пісьменніка індыйскага паходжання Салмана Рушдзі, за жыццё якога два дні змагаліся дактары, адлучылі ад апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх, ён ужо можа размаўляць, паведамляе «АР News» са спасылкай на ягонага агента Эндру Ўайлі.

Салман Рушдзі.
Фота: Getty Images

У пятніцу 12 жніўня на Салмана Рушдзі перад ягонай лекцыяй у адукацыйным цэнтры Інстытут Шатокўа ў горадзе Шатокўа (штат Нью-Ёрк) напаў 24-гадовы Хадзі Матар. Пісьменнік атрымаў нажавыя раненні ў шыю. Нападніка затрымалі і ўзялі пад варту.

Салман Рушдзі – брытанскі пісьменнік індыйскага паходжання, нарадзіўся ў 1947 годзе ў Бамбэі. Лаўрэат Букераўскай прэміі 1981 году за раман «Дзеці поўначы». Раман Рушдзі «Сатанінскія вершы» пра эмігрантаў і эміграцыю, немагчымасць асіміляцыі ў новай культуры, напісаны ў 1989 годзе, выклікаў крытыку і пратэсты мусульманаў – яны палічылі кнігу блюзнерскай.

У 1989 годзе выйшла фатўа (пастанова) вярхоўнага лідара Ірану аяталы Хамэйні з заклікам забіць Рушдзі, а таксама ўсіх датычных публікацыі раману. Брытанскі ўрад узяў пісьменніка пад абарону. У 2008 годзе «Таймс» паставіў Рушдзі на 13-е месца ў спісе 50 найвялікшых брытанскіх пісьменнікаў з 1945 году.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў