Другая дэкада жніўня ў Беларусі будзе спякотнай – да +34°С


Цягам тыдня з 15 па 21 жніўня ў Беларусі чакаецца цёплае, а часам спякотнае надвор’е – тэмпературны фон будзе на 3-6 градусаў вышэйшы за кліматычную норму, амаль без дажджоў і навальніц, распавёў сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры тэлеканалу АНТ.

Кароткачасовыя дажджы пройдуць на пачатку тыдня. Вільготнасць падымецца да 70%. Раніцай будуць слабыя туманы, бачнасць да кіламетра. Тэмпература паветра ноччу чакаецца ад +15°С да +20°С, удзень – у панядзелак 15 жніўня +21°С…28°С, у аўторак 16 жніўня +22°С…+28°С.

Мужчына прымае душ на пляжы на Камсамольскім возеры. Менск, Беларусь, чэрвень 2022 года.
Фота: Белсат

Такая ж карціна захаваецца і ў сярэдзіне тыдня – туманы раніцай, вільготнасць да 50%. Тэмпература паветра ў сераду, 17 жніўня, складзе ноччу +16°С…+22°С, удзень +23°С…+27°С.

У другой палове тыдня магчымыя навальніцы. Вільготнасць – да 70%. Стане гарачэй – ноччу ад 15°С да 20°С, удзень у чацвер 18 жніўня +26°С…+29°С, у пятніцу, 19 жніўня +26°С…+30°С.

Найбольш спякотна будзе ў наступныя выходныя: ноччу +13°С…+17°С, удзень у суботу 20 жніўня чакаецца +25°С…+33°С, у нядзелю 21 жніўня +27°С…+34°С.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў