Блогерку Пілюгіну і яе хлопца вызвалілі пасля 15 дзён арышту


Насту Пілюгіну і Уладзіслава Піртаня асудзілі за «непадпарадкаванне» пасля таго, як Насту дапыталі, а ў іхнай кватэры правялі ператрус.

Наста Пілюгіна.
Фота: piliuhina / vk.com

Раніцай 14 жніўня радыё «Свабода» паведаміла аб вызваленні блогеркі Насты Пілюгінай і яе хлопца Уладзіслава Піртаня – яны адбылі 15 дзён арышту за «Непадпарадкаванне службовай асобе» (арт. 23.4 КаАП РБ).

Пілюгіна, нягледзячы на цяжкія ўмовы на Акрэсціна і ў баранавіцкім ізалятары адчувае сябе нармальна (толькі горла баліць), аднак у Піртаня пасля зняволення пачаліся праблемы са здароўем.

Пілюгіну затрымалі раніцай 29 ліпеня. Па геалакацыі планшэта яе хлопец вызначыў, што Наста ва Упраўленні Камітэту дзяржаўнай бяспекі па Менску. Вечарам Наста патэлефанавала Уладзіславу і сказала, што едзе дамоў, аднак разам з ёй прыехалі сілавікі і правялі ператрус у іх кватэры.

Іх абодвух арыштавалі на 15 дзён за «непадпарадкаванне»: яны нібыта адмаўляліся ісці ў РУУС, абодва гэта адмаўлялі. Пілюгінай на судзе адмовілі ў праглядзе відэа з камераў РУУС, каб спраўдзіць ейныя словы. Піртаня судзілі без адваката, з якім ён не паспеў заключыць дамову, хоць хадайнічаў аб адвакаце перад судом.

Насту дапытвалі як сведку ў справе аб «Акце тэрарызму», аднак пыталі не пра «тэрарызм», а толькі распытвалі пра ейную біяграфію (Наста – блогерка і вядоўца падкасту «Dzigital», маркетолаг і медыяменеджарка ў кампаніі «Eleven»). Telegram-канал Насты захапілі невядомыя, размясцілі там дзяржаўную сімволіку.

АА belsat.eu

Стужка навінаў