«Кульмінацыя рэпрэсіяў». Што значыць пагром праваабаронцаў і чаго чакаць далей, тлумачаць Стрыжак і Усаў


Зранку 14 ліпеня сілавікі прыйшлі з ператрусамі да шматлікіх праваабарончых і няўрадавых арганізацыяў Беларусі – ад «Вясны» і Беларускай асацыяцыі журналістаў да Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC і арганізацыі «Гендэрныя перспектывы». Чаму так і што далей?

Чаму сёння?

Палітолаг Павел Усаў.
Фота: Белсат

Палітолаг і аналітык Павел Усаў кажа «Белсату»: падзеі наўрад ці звязаныя з учорашнім візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Расею да Уладзіміра Пуціна – гэта проста логіка ўнутранай палітыкі беларускіх уладаў, якія рэалізуюць знішчэнне ўсіх інстытутаў, якія ў той ці іншай ступені фармуюць грамадзянскую супольнасць.

Праваабаронцы ў гэтым выпадку – сімвалічная і ключавая інстытуцыя ў маніторынгу парушэння правоў чалавека і зборы інфармацыі аб злачынствах супраць грамадзянаў:

«Знішчэнне актыўнасці праваабаронцаў па факце можа азначаць кульмінацыю ўнутраных сістэмных рэпрэсіяў, якія адбываюцца цяпер у Беларусі, – мяркуе Усаў. – Відавочна, што часы адноснай свабоды ўжо мінулі, беларуская сістэма трансфармуецца ў тую, якая больш нагадвае таталітарную».

Андрэй Стрыжак.
Фота: Андрэй Стрыжак / Facebook

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BySol, таксама не думае, што варта звязваць падзеі 14 ліпеня з чымсьці накшталт сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным: маўляў, раней хтосьці лічыў, што бываюць толькі «чорныя аўторкі» ці «чорныя чацвяргі», а сёння атрымалася «чорная серада».

«На мой погляд, гэта планамерная аперацыя «зачысткі», якую яны абвесцілі даволі даўно, – кажа Стрыжак. – Спачатку быў TUT.by, потым іншыя медыі, цяпер пайшлі па праваабаронцах».

Хто наступны?

Наўрад ці на праваабаронцах спыняцца, дадае Усаў: хутчэй, такія «зачысткі» будуць мець сістэмны характар. Палітолаг згадвае: Лукашэнка перад Пуціным казаў пра каля 1500 няўрадавых арганізацыяў, якія нібыта ёсць «праваднікамі дэструктыўнага ўплыву Захаду» – падобна, менавіта такую колькасць арганізацыяў улады намагаюцца знішчыць.

Усаў кажа, што гаворка можа ісці ўжо і пра «абсалютна бяскрыўдныя» арганізацыі ці супольнасці, якія, на погляд уладаў, з’яўляюцца «дэструктыўнымі».

Hавiны
Лукашэнка абвінаваціў СМІ і няўрадавыя арганізацыі ва «ўкараненні тэрарызму». Што яшчэ ён казаў Пуціну
2021.07.13 15:41

 

Стрыжак мяркуе, што наступным можа быць кожны з тых, хто застаўся ў Беларусі і займаецца грамадзянскай актыўнасцю, бо сітуацыя нагадвае вайсковую аперацыю зачысткі тэрыторыяў. Спачатку «будуць выбіваць зубастых», а потым будуць прыходзіць да ўсіх, хто можа быць хоць тэарэтычна небяспечным, хоць у клуб аматараў кактусаў. Усё можа дайсці да сітуацыі, падобнай да азербайджанскай ці кубінскай, дзе няма грамадскай актыўнасці, а ёсць толькі дысідэнцкая:

«Устаноўка сённяшняй улады такая, каб былі толькі падкантрольныя ёй арганізацыі, як БРСМ, напрыклад. Альбо такія, якія ў хаўрусе з ёй, хочуць супрацоўнічаць ці вымушаныя супрацоўнічаць – такія, як Беларуская праваслаўная царква», – разважае Стрыжак.

Гэта спыніць праваабаронцаў?

Ці змогуць праваабаронцы працягнуць дзейнасць, нягледзячы на пагром? Усаў адзначае: улады пачынаюць затрымліваць нават актывістаў-валанцёраў. Асноўная мэта – не проста паралізаваць легальную дзейнасць структураў, а стварыць умовы, у якіх не будзе магчыма актыўна сачыць за тым, што адбываецца ў краіне, і выціснуць з краіны ўсіх больш-менш актыўных людзей.

«Фактычна, праваабаронцаў могуць ператварыць у «экстрэмістаў», іх інфармацыю зрабіць «экстрэмісцкай», як ужо адбываецца ў дачыненні Telegram-каналаў і журналістаў», – адзначае Усаў і заклікае рабіць рэзервовыя копіі ўсёй інфармацыі пра рэпрэсіі, каб сабранае не знікла.

Hавiны
«Не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці». Пасля аблавы Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай
2021.07.14 16:57

На фонды салідарнасці былі шматлікія напады і крымінальныя справы, аднак яны працягнулі дзейнасць. Тое самае будзе і з праваабаронцамі, мяркуе Стрыжак, бо тыя звыклыя да працы ў экстрэмальных умовах. Нават калі затрымалі кіраўнікоў «Вясны», наўрад ці «Вясна» спыніць працу:

«Я ўпэўнены, што працаваць будуць не толькі тыя сябры «Вясны», якія выехалі з Беларусі, але і тыя, хто застаўся ў Беларусі, бо гэта людзі з асаблівым разуменнем таго, што адбываецца ў Беларусі, – заяўляе Стрыжак. – Проста, відаць, нам – усім грамадскім актывістам – прыйдзецца пераходзіць на больш партызанскі ўзровень працы».

На жаль, кажа ён, цяпер любы актывіст, які вырашыў застацца ў краіне, мусіць разумець, што «гэта адседка, раней ці пазней». А калі вырашыў з’язджаць, мусіць ведаць, што за мяжой будзе зусім іншае жыццё і што трэба будзе наноў выбудоўваць усе лініі супрацы, затое будзе магчымасць працаваць на карысць Беларусі, застаючыся на волі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў