Прафілактычныя размовы, спіс нядобранадзейных і звальненні. Як у «Беларусбанку» праходзяць палітычныя чысткі


З працаўнікамі «Беларусбанку», якія падтрымалі пратэсты ці нейкім іншым чынам выказвалі нелаяльнасць да ўладаў, не працягваюць працоўных кантрактаў або проста звальняюць. Прычым гаворка ў тым ліку пра работнікаў кіроўнага звяна. Паводле інфармацыі belsat.eu, з восені 2020 года страцілі працу не менш за шэсць менеджараў розных дэпартаментаў і ўпраўленняў банку.

«Максім Юр’евіч, у вас рэцыдыў…»

Намесніка дырэктара фінансава-эканамічнага дэпартаменту «Беларусбанку» Максіма Халецкага звольнілі ў красавіку адразу пасля таго, як ён адбыў адміністратыўны арышт.

Менеджара затрымалі 10 сакавіка падчас вечаровай прагулкі ў мікрараёне Лебядзіны, дзе ён жыве. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 24.23 («Парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах») і арт. 24.3 («Непадпарадкаванне міліцыі») КаАП ды пакаралі 25 соднямі арышту.

Галоўны офіс «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Ранкам наступнага працоўнага дня Халецкі пісьмова паведаміў банку аб прычынах адсутнасці на працоўным месцы, а ўжо праз тыдзень, 18 сакавіка, пасля суда банк паўторна атрымаў усе падрабязнасці ў пісьмовым выглядзе. Аднак 19 сакавіка, калі Халецкі быў у ЦІП на Акрэсціна, да яго прыйшла дэлегацыя з «Беларусбанку». Ім у ізалятары вылучылі асобны пакой, дзе са зняволеным менеджарам гаварыў адзін з прадстаўнікоў банку, а астатнія, паводле яго, саромеліся і пастанавілі застацца ў калідоры.

«Здаецца, што гэта быў пакой для допытаў, бо ў адным кутку быў толькі стол з тэлефонам і насупраць клетка, куды завялі мяне. У клетцы быў прыкручаны зэдлік. Мне распавялі, што падрабязную інфармацыю пра маё затрыманне, уключаючы імя і банкаўскую працу, апублікавалі на TUT.by, і папрасілі напісаць тлумачальную. Дарэчы, каб пісаць, я быў вымушаны праціснуцца паміж сцяной і зэдлікам, сесці на халодную падлогу, а зэдлік выкарыстоўваць у якасці стала. Я падрабязна ўсё апісаў на чатырох аркушах.

Пасля кансультацыяў у калідоры мне сказалі: «Максім Юрʼевіч, у вас рэцыдыў, таму мы вам прапануем звольніцца паводле пагаднення бакоў». Я сказаў: «Ну вы ж прачыталі тлумачальную, няма для гэтага ніякіх падставаў. Я добрасумленна працую, дый наагул я не згодны з рашэннем суда: мяне затрымалі, калі я проста выйшаў на вечаровую прагулку». На гэта мне сказалі, што ў такім выпадку яны будуць звальняць самі. Я адказаў, што няхай кожны паступае паводле сумлення», – распавёў мужчына ў інтэрв’ю belsat.eu.

Ліст з Нацыянальнага банку

5 красавіка, на наступны дзень пасля вызвалення, Халецкі выйшаў на працу, аднак наконт гэтай сітуацыі кіраўніцтва з ім больш не размаўляла. «Цягам дня на мой камп’ютар пачалі прыходзіць апавяшчэнні, што мяне пазбаўляюць правоў доступу, а потым увогуле доступ быў заблакаваны. Але мне ніхто нічога не тлумачыў. А пасля абеду мяне выклікалі ў пакой для перамоваў (было 5 ці 6 калегаў) і азнаёмілі з загадам пра звальненне», – згадвае Максім.

Даведка
«Беларусбанк» – дзяржаўны камерцыйны банк, найбуйнейшы ў Беларусі паводле абʼёму актываў і маштабу філіяльнай сеткі. Фактычна «Беларусбанк» – манапаліст у фінансавай сферы краіны. Старшыня праўлення банку – Віктар Ананіч, чалец Савету Рэспублікі.

Максіма Халецкага звольнілі з фармулёўкаю «прагул з непаважнай прычыны» – менавіта так кіраўніцтва банку расцаніла адбыццё адміністратыўнага арышту.

«Копію загаду мне на рукі не аддалі, я мог толькі прачытаць гэты дакумент. Я пакінуў там допіс, што азнаёмлены, але з загадам не згодны, бо банк своечасова быў апавешчаны аб прычынах адсутнасці, якія я лічу паважнымі. Бо што такое прагул? Гэта свядомы ўчынак. А я ніяк не мог паўплываць на тое, што са мною здарылася», – тлумачыць ён.

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 28 чэрвеня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

У загадзе была спасылка на нейкія лісты з Нацбанку, а ў тых – спасылкі на лісты з органаў унутраных справаў.

«Чаму менавіта Нацыянальны банк? Наколькі я разумею, міліцыя накіравала інфармацыю пра маё затрыманне ў Нацбанк як у орган, які рэгламентуе і назірае за дзейнасцю банкаў. А тыя ўжо звярнуліся ў «Беларусбанк». Паводле тых лістоў, Нацбанк не настойваў на маім звальненні. Наадварот, падкрэслівалася, што яны не маюць права загадваць у такіх сітуацыях, што гэта выключна кампетэнцыя «Беларусбанку». Але паколькі я працаўнік банкаўскай сістэмы, то са мною варта правесці тлумачальную размову».

«Я проста сядзеў, чакаў, калі мяне забяруць»

Для Халецкага гэта быў не першы адміністратыўны арышт. 9 снежня 2020 года мужчыну патэлефанавалі з Цэнтральнага РУУС Менску і выклікалі на размову, бо ў міліцыі ўзніклі пытанні наконт колераў рольштораў у ягонай кватэры:

«Мяне запэўнілі, што размовай усё і абмяжуецца, і я прыйшоў у РУУС у пінжаку ды кашулі. Спачатку са мною праводзілі прафілактычную размову, але скончылася яна тым, што на мяне склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП і затрымалі».

Намесніка дырэктара фінансава-эканамічнага дэпартаменту «Беларусбанку» кінулі ў малпоўнік, дзе ён заразіўся каронавірусам. Праз хваробу разгляд справы над ім перанеслі на 19 студзеня.

Яшчэ да працягу суда, адразу пасля выздараўлення, кіраўніцтва правяло з Халецкім прафілактычную размову:

«Размова была з намеснікам старшыні праўлення, які адказвае за кадры ды ідэалогію. Мне казалі, што я працую ў дзяржаўным банку і мушу адпаведным чынам сябе паводзіць. І калі ў мяне «недзяржаўная» пазіцыя, то ці варта мне тут працаваць, ці змагу я добрасумленна выконваць свае абавязкі? Былі намёкі, што я магу зліваць нейкую службовую інфармацыю СМІ (хаця я ніколі гэтага не рабіў і не зраблю, бо гэта прынцыповая пазіцыя, якая некалькі разоў агучвалася кіраўніцтву). Запытвалі, за каго я галасаваў».

Халецкі заявіў тады, што ягоная грамадзянская пазіцыя не ёсць парушэннем і не супярэчыць прафесійным абавязкам. «Нельга сказаць, што на мяне ціснулі. Проста была размова дзвюх асобаў з розным светапоглядам», – дадае менеджар.

Галоўны офіс «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Халецкі разумеў, што яму могуць даць адміністратыўны арышт і таму на ўсялякі выпадак падрыхтаваўся: каб не ўзнікла праблемаў на працы, ён узяў адпачынак і адгулы за свой рахунак на два тыдні. 19 студзеня суддзя Дзмітрый Карсюк сапраўды пакараў яго 10 соднямі арышту, аднак з незразумелых прычынаў у судзе затрымання не адбылося.

«Я проста сядзеў, чакаў, калі мяне забяруць. У выніку я выйшаў на працу. А на наступны дзень мяне ўсё ж затрымалі для адбыцця адміністратыўнага пакарання», – кажа ён.

Тады, пасля першага арышту, Халецкага звальняць не сталі: абмежаваліся тым, што ён напісаў тлумачальную.

Раней Халецкага ўжо выклікалі на размовы з кіраўніцтвам, дзе ўзнікалі пытанні наконт ягоных палітычных поглядаў. Падчас выбараў 2020 года ён быў незалежным назіральнікам:

«Я прызвычаіўся да ўсяго ставіцца крытычна, мне было важна пераканацца ўва ўсім асабіста, таму я адмыслова ўзяў адпачынак на гэтыя дні. І я пабачыў, што яўка на маім участку завышаная ўдвая. Не ведаю, ці супадзенне, але пасля таго, як была напісаная заява ў РУУС з нагоды правярання маіх падазрэнняў наконт неадпаведнасці яўкі, мяне паклікалі ў банк пагутарыць. Спачатку хацелі выклікаць з адпачынку (нібыта з’явілася такая неабходнасць на працы), але я зразумеў, што сутнасць была не ў гэтым.

Не было нейкіх пагрозаў, але былі намёкі, напрыклад, «дарма ты ўвязаўся ў гэтае назіранне, можаш і на соднях апынуцца». Я тады адказаў, што я не парушаю заканадаўства».

«Я ўпэўнены, што быў ціск звонку»

Халецкі мяркуе, што рашэнне звольніць яго ў красавіку 2021 года не было ініцыятываю праўлення банку. Ён падкрэслівае, што раней ніколі не адчуваў да сябе ўпярэджанага стаўлення:

«Я ўпэўнены, што быў ціск звонку. Разумееце, калі б кіраўніцтва банку хацела мяне звольніць, то мяне б звольнілі яшчэ пасля першага выпадку затрымання. А яшчэ больш лагічна было б проста не падоўжыць са мною кантракту, гэта б абсалютна адпавядала дзейнаму заканадаўству і не цягнула за сабою рэпутацыйнай рызыкі. Мой кантракт канчаўся 4 чэрвеня, гэта значыць, пачакаць трэба было ўсяго паўтара месяца».

Суд Маскоўскага раёну Менску. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Сёння Максім Халецкі са сваім адвакатам падаў у Маскоўскі раённы суд Менску пазоў супраць «Беларусбанку» за незаконнае звальненне.

«Ці не баюся я ісці супраць такога буйнога банку? Па-першае, я перакананы, што павінен зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб абараніць свае правы, якія, на маю думку, у дадзеным выпадку парушаныя неправавым звальненнем. Па-другое, я не іду супраць банку як такога. Я выступаю супраць, на мой погляд, неправавога і несправядлівага звальнення, а ў самім «Беларусбанку» працуе шмат добрых людзей і прафесіяналаў сваёй справы, шмат хто з якіх падзяляе маю пазіцыю. Лішняе таму пацверджанне – тое, што нашая з вамі гутарка якраз і пачалася з таго, што нехта з банку расказаў вам ананімна пра мяне, і вы знайшлі мяне і звярнуліся па каментар з першых вуснаў», – кажа Халецкі.

«Галоўны сродак шантажу – непрацягненне кантракту»

Інфармацыя пра тое, што ў «Беларусбанку» адбываюцца палітычна матываваныя кадравыя чысткі, трапіла ў рэдакцыю belsat.eu яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. Адразу дзве не звязаныя паміж сабою крыніцы ў банку распавялі на ананімных умовах падрабязнасці гэтых рэпрэсіўных захадаў.

Працаўнік банку Андрэй (імя змененае з меркаванняў бяспекі) кажа, што пачалося ўсё яшчэ ў канцы лета, калі банк атрымаў ад сілавікоў спісы чальцоў ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцтва.

Віктар Бабарыка падчас кампаніі збору подпісаў. Горадня, Беларусь. 7 червеня 2020 года.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

«Паколькі такіх людзей было шмат, і сярод іх былі даволі значныя спецыялісты, то першая аперацыя абмежавалася тым, што іх запрасілі ў падраздзяленне бяспекі і прапанавалі напісаць заяву пра звальненне на ўласнае жаданне. Моцна тады не ціснулі, усё залежала ад самога чалавека. Наколькі я ведаю, тады напісала заяву пра звальненне толькі адна жанчына», – распавёў ён.

Паводле працаўніцы банку Аксаны (імя змененае з меркаванняў бяспекі), пачынаючы з лета 2020 года з’явіліся адразу некалькі спісаў працаўнікоў «Беларусбанку», да якіх у кіраўніцтва былі пытанні:

  • чальцы ініцыятыўных групаў кандыдатаў на прэзідэнцтва (у асноўным гаворка пра ініцыятыўную групу Бабарыкі);
  • удзельнікі акцыяў салідарнасці, якія ў жніўні выходзілі з плакатамі ўздоўж дарогі побач з банкам;
  • працаўнікі, якія выйшлі з складу праўладнай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын»;
  • тыя, хто выйшаў з прафсаюзу.

Цягам восені людзей з гэтых спісаў выклікалі на размовы да кіраўніцтва.

«Праводзілі гутаркі, нагадваючы пра тое, што мы працуем у дзяржаўным банку і тут няма месца для выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі. Добраахвотна-прымусова вярталі ў склад грамадскіх арганізацыяў (БСЖ, ФПБ, БРСМ). Галоўным сродкам шантажу было і застаецца непрацягненне кантракту», – тлумачыць яна.

Спісы нядобранадзейных

Кадравыя чысткі актывізаваліся ўвесну. На гэты момант belsat.eu ведае імёны шасці работнікаў кіроўнага звяна, якіх прыбралі з «Беларусбанку» з палітычных матываў. Напрыклад, адзін з іх пазбавіўся працы таму, што быў затрыманы падчас чарговага масавага хапуну і пакараны штрафам, а іншы працаўнік нібыта дазволіў сабе «даволі смелыя выказванні» ў тэлефоннай размове, якая праслухоўвалася. Але толькі Максіма Халецкага менавіта звольнілі. У астатніх выпадках з менеджарамі проста не працягвалі працоўных кантрактаў.

Галоўны офіс «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Выпадкі Халецкага і некаторых іншых работнікаў кіроўнага звяна мелі вялікі рэзананс у банку, кажа Аксана. Працаўнікі разумеюць, што іх звольнілі з палітычных матываў, і абураныя такою несправядлівасцю. Колькі ўсяго людзей згубілі працу праз палітыку, не вядома. «Маштабы складана ацаніць», – прызнае Аксана. Андрэй кажа, што некалькі тыдняў таму пачаў фармавацца агульны спіс «нядобранадзейных» працаўнікоў:

«Хутчэй за ўсё, іхнае кар’ернае прасоўванне замарозяць, або гэтых людзей проста будуць прыбіраць з банку».

Таксама ўвесну 2021 года ўвялі шэраг спецыяльных абмежаванняў для працаўнікоў «Беларусбанку».

«Цягам апошніх месяцаў увялі новае правіла: любы прыём, звальненне або змяненне ўмоваў працы мусіць праходзіць праз працаўнікоў бяспекі банку. Таксама ўведзеныя абмежаванні для фота- і відэаздымак у канферэнц-пакоях», – кажа наш суразмоўца.

Шэраг абмежаванняў увялі на ўзроўні вусных загадаў. Напрыклад, не рэкамендуецца супрацоўнічаць з арганізацыямі, якія дзесьці засвяціліся ў сувязі з апошнімі палітычнымі падзеямі. Таксама ёсць чорны спіс медыяў, якім нельга даваць каментары і ў якіх нельга размяшчаць рэкламу.

Гісторыі
«Прыехаў куратар з КДБ і сказаў, каб мяне прыбралі». Гісторыі беларусаў, якіх звольнілі за палітычныя погляды
2021.04.06 14:47

«Большасць проста назірае»

Аксана кажа, што тых, хто падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, у банку зусім мала. Але ў пратэстах брала ўдзел толькі невялікая частка працаўнікоў.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за свабоду. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«Большасць проста назірае. Яны, вядома, супраць таго, што адбываецца ў краіне, абураюцца дзеяннямі ўладаў, але нічога не робяць. Актыўнічае невялікая частка працаўнікоў», – прызнае яна.

Андрэй распавёў, што ў жніўні 2020 года працаўнікі «Беларусбанку» стварылі петыцыю на адрас старшыні банку з патрабаваннем выступіць супраць гвалту.

«Вельмі шмат людзей з розных падраздзяленняў падпісаліся пад гэтым. Кіраўніцтва не прыняло гэтай петыцыі, не прыняло людзей. Петыцыю пераадрасавалі прафсаюзнай лідарцы Асмалоўскай. Яна паабяцала, што будзе нейкая агульная заява ад прафсаюзу банкаўскіх працаўнікоў (я ведаю, што аналагічныя петыцыі ствараліся ў шэрагу іншых банкаў – напрыклад, у Нацбанку, «Белаграпрамбанку»), але ўсё засталося на ўзроўні абяцанняў», – кажа ён.

Потым на тых, хто ініцыяваў гэтую петыцыю і актыўна збіраў подпісы, пачалі ціснуць: або стваралі такія ўмовы працы, каб чалавек сам сышоў, або проста не працягвалі кантрактаў.

***

«Белсат» яшчэ ў сакавіку накіраваў у прэс-службу «Беларусбанку» запыт з просьбаю пракаментаваць інфармацыю пра палітычна матываваныя кадравыя чысткі, але адказу мы не атрымалі.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў