Міхаіл Пастухоў: Уся рэформа Канстытуцыі скіраваная на тое, каб у краіне больш не было выбараў


Чыноўнікі агучваюць змены, якія знойдуць адлюстраванне ў новай Канстытуцыі. Сярод прапановаў – надаць Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйны статус, абмежаваць паўнамоцтвы прэзідэнта. Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь першага складу Міхаіл Пастухоў пракаментаваў «Белсату», з якой мэтаю чыноўнікі змяняюць галоўны закон краіны.

У новай Канстытуцыі, над якой цяпер працуюць чыноўнікі ў Беларусі, прапаноўваецца абмежаваць заканадаўчую функцыю прэзідэнта ў частцы выдання дэкрэтаў. Усебеларускаму народнаму сходу могуць надаць канстытуцыйны статус, зрабіць яго пастаянна дзейным органам.

Міхаіл Пастухоў, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь першага складу, выказвае меркаванне, што насамрэч канстытуцыйная рэформа робіцца дзеля захавання ўлады Лукашэнкі.

Калаж з фота: Белсат

«Становіцца відавочным, што пасаду прэзідэнта істотна трансфармуюць, а Лукашэнка больш не будзе вылучацца на прэзідэнцтва. Але ён жадае заняць больш важкае і ўстойлівае месца, і дзеля гэтага мяркуецца, на мой погляд, стварыць для яго два падмуркі. Першы – гэта ў выглядзе Усебеларускага народнага сходу і другі – Савет бяспекі, якія можа ўзначаліць Лукашэнка. Што да Усебеларускага народнага сходу, то гэта абсалютна дэкаратыўны, марыянеткавы орган, які проста будзе ствараць выгляд прадстаўнічага форуму. Рэальна будзе дзеяць толькі прэзідыум на чале з старшынём, які будзе вырашаць найбольш важныя пытанні, звязаныя з кіраўніцтвам краінаю.

Сярод паўнамоцтваў гэтага органу будзе прызначэнне ўраду, можа, ён будзе нават рэкамендаваць кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, што вельмі верагодна. Будзе вызначаць унутраную і замежную палітыку. Будзе вырашаць пытанні аб зменах Канстытуцыі. Існуе верагоднасць, што УНС можа нават прызначаць прэзідэнта краіны без якіх-кольвек выбараў. І ўсім гэтым будзе кіраваць старшыня форуму, які стане фактычна лідарам нацыі.

Дзеля ўмацавання свайго становішча ён зможа таксама яшчэ ўзначальваць Савет бяспекі, прызначаць генералаў, быць галоўнакамандуючым. А прэзідэнт будзе толькі выконваць даручэнні лідара нацыі, будзе запісвацца да яго на прыём дзеля абмеркавання дзяржаўных пытанняў. Цалкам верагодная трансфармацыя і замацаванне ў якасці канстытуцыйных органаў УНС, як новай палаты парламенту, якая будзе збірацца па меры неабходнасці, і другой кропкай улады можа стаць Савет бяспекі, якому нададуць статус дзяржаўнага органу, рашэнні якога стануць абавязковымі для ўсіх іншых органаў улады.

Уся рэформа скіраваная на тое, каб не было больш выбараў. Адзінымі выбарамі застануцца выбары ў парламент», – пракаментаваў «Белсату» Міхаіл Пастухоў.

Hавiны
Канстытуцыйная камісія хоча пазбавіць прэзідэнта права выдаваць дэкрэты
2021.05.14 13:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў