Лукашэнка падпісаў указ аб арганізацыі сістэмы абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які рэгулюе функцыянаванне сістэмы доўгатэрміновага захоўвання і пахавання радыеактыўных адкідаў у Беларусі. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Указ № 101 ад 12 красавіка «Аб арганізацыі сістэмы абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі» размяркоўвае ролі, якія некаторыя арганізацыі і ўстановы будуць граць у сістэме доўгатэрміновага захоўвання і пахавання радыеактыўных адкідаў на тэрыторыі Беларусі, і вызначае крыніцы фінансавання звязаных з гэтым работаў.

У прыватнасці, пастаноўлена, што фінансаванне дзейнасці РУП «Беларуская арганізацыя абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі» будзе ажыццяўляцца з некалькіх крыніцаў: за кошт сродкаў, якія будзе пералічваць РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» з фонду фінансавання работаў для падтрымання і павышэння бяспекі БелАЭС, за кошт сродкаў пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду Мінэнерга, за кошт аплаты паводле дамоваў з арганізацыямі – вытворцамі радыеактыўных адкідаў, а таксама за кошт іншых крыніцаў, не забароненых заканадаўствам. Парадак фінансавання дзейнасці прадпрыемства вызначаецца Міністэрствам энергетыкі.

Генеральнаю праектнай арганізацыяй для распрацоўвання перадпраектнай (перадынвестыцыйнай) і праектнай дакументацыі на збудаванне абʼектаў звароту з радыеактыўнымі адкідамі будзе «Белнiпiэнергапрам». Арганізацыяй, якая выконвае навуковае суправаджэнне будаўніцтва абʼектаў звароту, вызначаны Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядравых даследаванняў «Сосны». Арганізацыяй, адказнай за забеспячэнне навуковага суправаджэння будаўніцтва абʼектаў звароту вызначана Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Указ апублікаваны 14 красавіка і набывае моц у першы дзень месяца, які ідзе за месяцам афіцыйнага апублікавання, за выключэннем некаторых абзацаў, якія набываюць моц 14 кастрычніка 2023 г.

Hавiны
У Беларусі пабудуюць яшчэ адзін ядравы рэактар і радыеактыўны могільнік
2023.04.06 20:27

6 красавіка стала вядома, што пад Менскам пабудуюць яшчэ адзін ядравы рэактар, на якім будуць праводзіць даследаванні, і на тэрыторыі краіны абіраюць месца пад будаўніцтва магільніка для радыеактыўных адкідаў. Паводле звестак Дзяржатамнагляду, пакуль што праводзіцца падрыхтоўчая работа, выпрацоўваюцца крытэрыі выбару пляцоўкі. Плануецца, што будуць вызначаныя тры альтэрнатыўныя пляцоўкі і пасля аналізу будзе абраны «найбольш выйгрышны варыянт з пункту гледжання бяспекі», будуць улічваць геалагічныя, эканамічныя і сацыяльныя фактары. Пакуль невядома, калі дакладна пачнецца будаўніцтва яшчэ аднаго радыеактыўнага абʼекту ў Беларусі, аднак першая чарга павінна быць запушчаная да 2030 года.

Hавiны
На Гомельшчыне спад нараджальнасці: становішча горшае, чым было пасля чарнобыльскай аварыі
2023.04.05 15:45

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў