Палітвязня судзяць за пудзілаў і налепкі з Пагоняй


Суд Маскоўскага раёну Менску.
Фота: Белсат

13 красавіка ў судзе Менскага раёну суддзя Новікава пачала разглядаць крымінальную справу палітвязня Віктара Лосіка, паведамляе «Вясна». Яго абвінавацілі паводле арт. 339 (хуліганства) і 341 (апаганьванне будынкаў і маёмасці) Крымінальнага кодэксу.

Пракурор Касінская абвінавачвае Віктара Лосіка ў тым, што ён павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнутраных справаў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастку для галасавання з надпісам «Не забудем, не простим!», а таксама вінавацяць у нанясенні выяваў з беларускім нацыянальным гербам Пагоня на збудаванні і апоры маста. Фотаздымкі пудзілаў былі размешчаныя ў чаце «Хацежына для жыцця».

Пацярпелай выступае старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ў Хацежыне Радзько і ейная намесніца Красоўская. Абедзве заявілі пазоў на выплату маральных стратаў: 3 тысячы рублёў кожнай.

Віктар Лосік прызнаўся ў хуліганстве і ў тым, што вывесіў тры пудзілы, ён прынёс прабачэнні пацярпелым, але не пагадзіўся з артыкулам 341.

Ён расказаў, што ў наваколлі Хацежына развешваў пудзілы па начах з інтэрвалам адзін-два дні, а таксама наносіў на апоры мастоў, будынкаў вадапомпавай станцыі і электрашчытавой выявы з Пагоняй: не менш як 28 разоў. Адзначыў, што гэта было зроблена ў адчаі ад трагічных падзеяў лета 2020 года.

Лосік цалкам аплаціў рахункі за псаванне маёмасці ў суме 43, 54 і 25 рублёў. Аднак ён не лічыць псаваннем маёмасці і крымінальнай справаю налепліванне Пагоні на бетонныя сцены. Пазовы пацярпелых ён лічыць празмернымі, але гатовы пакрыць шкоду.

На судзе Лосік заявіў, што пры даванні паказанняў на яго маральна і псіхалагічна ціснулі, раскаянне здабывалася пад пераканаўчыя просьбы супрацоўнікаў РУУС. Аднак гэтую тэму падчас суда ён абмяркоўваць не захацеў.

Віктар Лосік быў чальцом ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы за ягонае вылучэнне, быў валанцёрам у аб’яднаным штабе, дапамагаў ініцыятыве «Сумленныя людзі». На прэзідэнцкіх выбарах быў незалежным назіральнікам на ўчастку ў Хацежыне. Віктар жанаты, у яго двое дзяцей.

Быў затрыманы 14 снежня 2020 года ў п. Хацежына Менскага раёну супрацоўнікамі МУС.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў