Інтэлектуальны клуб Святланы Алексіевіч. Арцём Шрайбман і Юрый Дракахруст разважаюць пра тое, ці варта чакаць масавых акцыяў у Беларусі


Дыскусійная пляцоўка першай беларускай нобэлеўскай лаўрэаткі ў галіне літаратуры вяртаецца ў онлайн-фармаце. Інтэлектуальны клуб Святланы Алексіевіч можна глядзець праз YouTube. Тэма сустрэчы: Чаму «чырвоны чалавек» баіцца гісторыі? Удзельнічаюць беларускі палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман і беларускі журналіст і палітолаг Юрый Дракахруст.

Пытанні, на якія госці будуць шукаць адказ:

«Чаму бліжэйшым часам не варта чакаць масавых акцыяў у Беларусі? Якая цана «прыпынення часу» ў Беларусі для краіны і асобнага чалавека? Роля Расеі як цывілізацыйнага выбару для сучаснага беларуса? Ці ёсць шлях да замірэння новай Беларусі са сваёй «чырвонай» часткай?»

Коратка пра галоўнае ў адказах Арцёма Шрайбмана:

  • Не варта недаацэньваць магчымасці ўлады правакаваць новыя пратэсты. Гвалт мінулага году, які стаў прычынай пратэстаў, гэта не тое, што хацела зрабіць улада. Вялікія пратэсты здарыліся не праз выбары, а праз гвалт. Адказ ляжыць у пытанні, ці ўлада зноў падкіне такую прычыну. У грамадстве выпрацавалася звычка да гвалту.
  • Калі пратэсты адновяцца на масавай аснове, наўрад ці пратэсты будуць такімі ж мірнымі. Калі людзі пераадолеюць сябе і рызыкі, яны могуць дзейнічаць інакш. Мне страшна думаць аб гэтай перспектыве. Гэта тая небяспека, у якой мы сёння знаходзімся.
  • Грамадства апускаецца ў канфлікт. Дэгуманізацыя стала нормай. Расце талерантнасць да гвалту. Пераадолець гэта будзе цяжка. Пры новай эскалацыі будуць скінутыя фактары, якія нас спынялі ад грамадзянскай вайны ў жніўні. Нам пашчасціла, што геаграфічнага разлому ў нас няма. Пры такой атмасферы, калі б пратэст перамог, магла б паўтарыцца сітуацыя з Крымам.
  • Напаўненне «чырвонага чалавека» змяняецца. Ён менш ідэалагічны. Чырвань працуе ад процілеглага. Яны ведаюць, чаго яны не хочуць. У іх ёсць фобіі, якія важнейшыя, чым мэты.
  • Каштоўнасны разлом будзе заўсёды з намі. Ёсць шляхі да тушэння канфлікту. Першы варыянт – вонкавая пагроза, але гэта вайна. Другі варыянт – сыход Лукашэнкі, стабілізацыя сістэмы праз новыя выбары і пакіданне канфлікту ззаду. Каб прымірыцца грамадству, трэба будзе пераключыцца.
  • Калі ўлада і грамадства размаўляюць на розных мовах, перамогі без вялікай крыві і хутка я не бачу. Калі б абодва бакі гаварылі на адной мове, напрыклад, гвалту, то перамог бы мацнейшы. Калі б гэта была мова негвалтоўная, то здарыўся б раскол элітаў.

«Інтэлектуальны клуб» Святланай Алексіевіч з’явіўся ў 2016 годзе як пляцоўка для дыскусіяў і абмену думкамі. За чатыры гады гасцямі клубу сталі айчынныя і замежныя пісьменнікі, гісторыкі, палітолагі, дзеячы культуры, кіно.

Стужка навінаў