У Горадні знеслі адзін з найстарэйшых вайсковых гарадкоў на тэрыторыі Беларусі


У Горадні зносяць былыя казармы ХІХ стагоддзя, якія планавалі перабудаваць пад элітнае жытло. У Міністэрства культуры Беларусі і пракуратуру Горадні было адпраўленае патрабаванне спыніць знішчэнне культурных каштоўнасцяў і прыцягнуць датычных да крымінальнай адказнасці, піша тэлеграм-канал «Urban Hrodna».

У Горадні зносяць арыгінальны будынак былой Аляксандраўскай казармы ХІХ стагоддзя па вуліцы Шчорса, 2.
Фота: urbanhrodna / Telegram

Былыя казармы па вуліцы Шчорса (Аляксандраўскія казармы) да зносу захаваліся ў арыгінальным выглядзе, што вельмі рэдкая ў Беларусі з’ява, і лічыліся адным з найстарэйшых вайсковых гарадкоў на тэрыторыі Беларусі.

Два гады таму былыя царскія казармы хацелі перарабіць пад элітнае жытло. Кампанія-забудоўнік – берасцейскі «Палессежылбуд» – прэзентавала праект, які актыўна абмяркоўваўся грамадскасцю з 2022 да 2023 года. Праектоўнік планаваў «рэканструяваць» вайсковы гарадок і ператварыць былыя казармы ў клубныя дамы, дзе будучыя жыхары мелі б магчымасць выбіраць сабе суседзяў, а інфраструктура комплексу магла б уключаць камінную залу, басейн, саўну, пакой для палення, фітнес-залу, більярдавы пакой, артэзіянскую свідравіну і гэтак далей. Паводле праекту, аўтэнтычныя вокны збіраліся пашыраць. Такія змены мусілі моцна сказіць архітэктурны выгляд будынкаў XIX ст. Пасля абмеркаванняў, нягледзячы на звароты ў гарвыканкам, праект не надта змяніўся.

«Мы ўпэўненыя, што ў выніку ў нас атрымаецца стварыць па-сапраўднаму цікавы і запамінальны варыянт рэканструкцыі», – казаў прадстаўнік забудоўніка «Палессежылбуд» з Берасця.

Улетку 2023 года на аб’екце пачаліся будаўнічыя працы, але восенню справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) перабудовы казармаў зноў выставілі на абмеркаванне: у праекце вырасла колькасць паверхаў і кватэраў, будынкі казармы з двухпавярховых ужо планавалі перарабіць на трохсекцыйныя трох- і чатырохпавярховыя.

А 13 сакавіка пачаўся знос арыгінальных будынкаў. Казармы ахоўваліся як шараговая гістарычная забудова, фасады мяняць было забаронена, таму адказных за знос можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Тэлеграм-канал «Спадчына» заклікае пісаць патрабаванне спыніць знішчэнне культурных каштоўнасцяў і прыцягнуць датычных да крымінальнай адказнасці паводле артыкулу 344 Крымінальнага кодэксу «Наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцей або культурных каштоўнасцей, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці».

У Горадні зносяць арыгінальны будынак былой Аляксандраўскай казармы ХІХ стагоддзя па вуліцы Шчорса, 2.
Фота: urbanhrodna / Telegram

Тым часам у гарвыканкаме Горадні патлумачылі, што адбываецца. Паводле чыноўнікаў, на цокальным паверсе казармы хацелі пабудаваць гаражы, але выявілася, што сцены не вытрымаюць. Таму будынак знеслі, хаця спярша абяцалі захаваць, перадае тэлерадыёкампанія «Гродно плюс». Кампанія, якая займалася абследаваннем, пацвердзіла, што цэгла страціла свае ўласцівасці і таму немагчыма гарантаваць бяспеку аб’екту.

Цяпер кажуць пра частковы дэмантаж неналежных апорных канструкцыяў. А будынак абяцаюць узвесці з захаваннем габарытаў і характару ранейшай архітэктуры. Чыноўнікі нават заяўляюць, што пры будаўніцтве выкарыстаюць цэглу знесенага будынку «пасля дбайнага правярання на марозаўстойлівасць і апорную здольнасць».

Праект атрымаў узгадненне гарадскога і абласнога камітэту архітэктуры і будаўніцтва ды станоўчае заключэнне Дзяржбудэкспертызы ў Гарадзенскай вобласці.

Ці знясуць другую казарму комплексу XIX стагоддзя па Шчорса, 4, у гарвыканкаме не ўдакладняюць.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў