Дэпутаты Еўрапарламенту падпісалі больш за 300 паштовак для беларускіх палітвязняў


Дэпутаты Еўрапейскага парламенту падпісалі паштоўкі для беларускіх палітвязняў, паведаміла ў тэлеграм-канале дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.

Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Святлана Ціханоўская адзначыла, што «поўніцца падзякай» да еўрадэпутатаў, і дадала, што такі «выдатны акт салідарнасці ўсяляе надзею і зараджае энергіяй для барацьбы з гэтай несправядлівасцю».

«На карту пастаўленыя жыцці людзей, і мы не можам спыніцца, пакуль усе не будуць вызваленыя», – напісала Ціханоўская.

Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі праходзіць у рамках ініцыятывы #EPstandsBYyou 11–14 сакавіка на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламенту ў Страсбуры (Францыя).

У сваім тэлеграм-канале беларуская дэмакратычная лідарка адзначыла, што аднаўленне гэтай ініцыятывы сталася вынікам нядаўняй сустрэчы Ціханоўскай са старшынёю Еўрапарламенту Рабэртай Мэтсаляй.

«Я ўдзячная Рабэрце і чальцам Еўрапарламенту за падтрымку гэтай ідэі. Я ўпэўнена, #EPstandsBYyou падштурхне палітыкаў па ўсёй Еўропе далучыцца да барацьбы за свабоду беларускіх палітвязняў», – заявіла Святлана Ціханоўская.

На 13 сакавіка праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 1412 чалавек, аднак рэальная колькасць людзей, якія падлеглі рэпрэсіям, значна большая.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў