Будаўніцтва менскага метро ў бок Зялёнага Лугу паабяцалі пачаць ужо ў 2022 годзе. Што абяцалі раней


У 2020 годзе на Зеленалужскай лініі будзе ўжо 14 станцыяў! Прынамсі, так думалі ў 2015-м.

Праект развіцця менскага метро. Выява: metropoliten.by

Будаваць метро куды-небудзь на поўнач Менску планавалі ад пачатку – яшчэ да запуску першай лініі з цэнтру на паўночны ўсход. На самых ранніх схемах лінію малявалі то ў раён Навінак, то ў бок цяперашняга Цнянскага вадасховішча (якое стварылі ўжо пасля тых першых планаў).

Цяпер план такі: на трэцяй лініі будзе 14 станцыяў ад Курасоўшчыны да Зялёнага Лугу. Агулам да 2030 года плануюць, што працягласць усіх лініяў метрапалітэну вырасце да 56,8 км з цяперашніх 44 км. Улады ўжо думаюць пра чацвёртую лінію ад плошчы Бангалор праз Акадэмію навук і Трактарны завод да Серабранкі, яе плануюць будаваць з 2030 па 2040 гады.

Адна з ранніх схемаў менскага метро. Выява: даведнік «Мінск» 1980 года / bygeo.ru

Ужо гатовыя чатыры («Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча»). Яшчэ тры станцыі (за «Кавальскай Слабадой» – «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі Гасцінец») плануюць на 2023 год.

Улады кажуць, што тунэльныя работы на іншым участку Зеленалужскай лініі (у бок плошчы Бангалор і ўласна Зялёнага Лугу) пачнуць ужо сёлета. Раней казалі, што гэты ўчастак збіраюцца дарабіць да 2028-2029 года.

Праект станцыі метро «Парк Дружбы народаў» ў Менску.
Фота: metropr.by

«Ужо практычна праектныя работы дазваляюць выйсці там на пляцоўку, – казаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ старшыня Менгарвыканкаму Уладзімір Кухараў. – Калі мы не будзем займацца метро, ​​то выдаткі будуць нашмат горшыя. У тым ліку і фінансавыя, і маральныя. Таму што мабільнасць перамяшчэння па сталіцы – гэта вельмі важна для кожнага».

Ды планы з метро пастаянна мяняюцца. Напрыклад, тыя чатыры станцыі Зеленалужскай лініі, што адкрыліся ў 2020 годзе, раней планавалі на 2018-ы (наступныя тры абяцалі «не раней за 2020 год», і яны праўда не былі збудаваныя да 2020-га), а пра завяршэнне ўчастку да Зялёнага Лугу планавалі на 2024 год. Ды й другім участкам пасля 4 збудаваных станцыяў раней лічылі якраз працяг лініі ў бок плошчы Бангалор, а не на «Слуцкі Гасцінец». А яшчэ раней планавалі, што ў 2017 годзе будуць гатовыя ўжо 7 станцыяў трэцяй лініі і нават думалі, што ў 2020 годзе будуць гатовыя ўсе 14 станцыяў.

Будзе лягчэй ці цяжэй?

Далейшае будаўніцтва можа пайсці як лягчэй, бо самую глыбокую станцыю, «Юбілейную плошчу», ужо здалі. Будаваць наступныя станцыі збіраюцца адкрытым спосабам: не капаць тунэль пад зямлёй, а раскапаць катлаван глыбінёй 15-16 метраў, што можа быць хутчэй за закрыты спосаб (хоць і меней зручна для жыхароў раскапаных вуліц). Цяжэй можа быць, бо ўвесь участак будзе ніжэй за грунтовыя воды – давядзецца рабіць так званае водапаніжэнне і тунэль пад Свіслаччу.

Праект станцыі метро «Пярэпа» ў Менску, да якой давядзецца праехаць пад Свіслаччу.
Фота: metropr.by

Таксама ўскладаніць будаўніцтва метро могуць санкцыі Злучаных Штатаў і Еўразвязу: наўрад ці іх увядуць супраць самога метрапалітэну ці «Метрабуду», але закрануць можа пастаўнікаў тэхнікі і матэрыялаў. Акрамя таго, будаўнікоў метро, як і ўсіх астатніх у Беларусі, могуць закрануць палітычна матываваныя звальненні. Рабочыя «Менскметрабуду» год таму ўжо скардзіліся на тое, што ім не працягваюць кантракты і змушаюць звальняцца, а выплаты заробкаў дамагаліся праз пракуратуру.

Назвы і планы могуць змяніцца праз забудову пад Навінкамі

У планах будаўніцтва метро зусім не фігуруе праект будаўніцтва гіганцкага жылога раёну на полі між Навінкамі і Цнянскім вадасховішчам. Аляксандр Лукашэнка аддаў гэтую зямлю арабскаму бізнесоўцу, звязанаму з «Дана Холдынгз», і там дазволілі яшчэ больш шчыльнае будаўніцтва, чым у «Мінск-Свеце» (куды метро вядуць). Хоць канкрэтныя даты гэтага будаўніцтва невядомыя, але такая вялікая колькасць людзей, якую могуць пасяліць у гэты раён, можа вымагаць радыкальных транспартных рашэнняў. Але туды могуць і не перанакіраваць трэцюю лінію, а запланаваць чацвёртую – ад плошчы Бангалор на Навінкі замест Вяснянкі.

Hавiны
Лукашэнка аддаў поўнач Менску пад забудову арабскаму інвестару. Што вядома і да чаго тут «Дана»
2021.05.16 10:57

Змяніцца могуць і назвы станцыяў. Пакуль праект такі: за «Юбілейнай» збіраюцца рабіць станцыі «Прафсаюзная», «Пярэспа», «Камароўская» і «Парк Дружбы народаў» (гэта тыя станцыі, якія, імаверна, плануюць дабудаваць у 2028-29 гадах), пасля «Івана Мележа, «Зялёны Луг» і «Лагойская».

Але гэтыя планы ўжо мяняліся: за «Мележа» раней планавалі даць назвы «Кальцова» і «Зялёны Луг»; «Парк Дружбы народаў» называлі таксама «Плошчай Бангалор», «Камароўскую» – «Веры Харужай», «Пярэспу» – «Праспектам Машэрава», а «Прафсаюзную» – «Праспектам Пераможцаў».

Праект развіцця менскага метро. Выява: metropoliten.by

Ды й ужо збудаваныя станцыі маглі мець іншыя назвы. Праектная назва станцыі «Багушэвіча» была «Клары Цэткін», «Вакзальная» была ў праекце «Прывакзальнай плошчай», «Кавальская Слабада» – «Жукоўскага».

Яшчэ не збудаваная станцыя «Немаршанскі сад» магла атрымаць назву «Лошыцкая» або «Немаршанскі парк», а «Слуцкі Гасцінец» мог стаць «Слуцкай Шашой» ці проста «Курасоўшчынай». Паўдзельнічаць у выбары назваў прапаноўвалі менчукам, але станцыі назвалі так, як хацелі да збору прапановаў.

Hавiны
«Будзе выклікаць пытанні надзейнасці, я б не давяраў яму». Размова з архітэктарам пра новы мост на Нямізе
2022.02.11 15:50

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў