Онлайн-трансляцыя з… гнязда: 24 гадзіны з жыцця сокалаў


«Серыял» пра штодзённыя клопаты берасцейскіх сокалаў, якія пасяліліся на 12 паверсе жылога дома, можна паглядзець у інтэрнэце.

Ўэб-камера, якую ўсталявалі ў гняздзе, працуе ўдзень і ўначы. Назіраць за сокаламі можна, дзякуючы грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якая ўжо не першы раз зарганізавала такую інтэрнэт-трансляцыю.



Першую ж у гісторыі Беларусі ўэб-камеру для назірання за сокаламі ўсталявалі ў 2010 годзе на фасадзе Бернардынскага касцёла ў Горадні. Крылатая пара аблюбавала там месца за драўлянаю скульптураю св. Алены, куды вярталася пяць гадоў запар. Пасля таго, як камеру падключылі ды трансляцыю можна было глядзець у інтэрнэце, птушкі сталі настолькі папулярныя, што ім нават далі імёны. Самку назвалі ў гонар св. Алены, а самца – у памяць пра караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя.

У Горадні сокалы з’яўляюцца таксама ў вентыляцыйнай шахце на тэхнічным будынку прадпрыемства «Горадня Азот» і на тэлевышцы. Аднак самая шматлікая ў Беларусі калонія жыве ў Берасці. Апошнім часам сокалы ўсё часцей гняздуюць у гарадах. Адмыслоўцы мяркуюць, што прычына гэтага – хімікаты, якія атручваюць прыроду, ратуючы ўраджай на палях. Гарадскія калоніі сокалаў ёсць у Варшаве, Лондане і Парыжы.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў