Актывіста Вінаградава дзень трымалі ў міліцыі. Паказвалі фільм пра ўвагу за стырном


Лідара «Zмены», моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», у Дзень Перамогі 9 гадзінаў пратрымалі ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага РУУС Менску.

У пастарунак маладзёна забралі прыблізна а 7:00 раніцы проста з кватэры без якіх-небудзь тлумачэнняў 2 працаўнікі інспекцыі: Лістападаў і Лужынскі. Адпусцілі прыблізна а 17:00.

Як паведаміў актывіст, у міліцыі яму паказалі 2 прафілактычныя фільмы – пра шкоду п’янства і пра тое, што трэба быць уважлівым за стырном. Там сама актывіст напісаў заяву з просьбаю дазволіць яму выязджаць з гораду. Паводле Паўла, ён і так збіраўся сёння ў інспекцыю, бо неабходна было адзначыцца і напісаць гэтую заяву.

Вінаградаў падкрэсліў, што яго адпусцілі, калі на волю з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў выйшаў пасля адміністрацыйнага арышту актывіст «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак. Сустрэчу актывіста на Акрэсціна арганізоўваў Вінаградаў, і, магчыма, праз гэта Паўла ізалявалі, мяркуе ягоная жонка Святлана.

Вінаградаў распавёў, што Яроменка спачатку таемна вывезлі з Менску пад Ракаў, а затым сябры прывезлі яго зноў на Акрэсціна, дзе яго ўрачыста павіталі паплечнікі.

Лідара «Zмены» вызвалілі з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў 4 траўня. 23 красавіка суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў яго на 12 содняў адміністратыўнага арышту за вывешванне напярэдадні над уваходам на станцыю метро «Няміга» бел-чырвона-белага сцяга і плакату з выяваю экс-кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча з надпісам «Свабоду Мікалаю Статкевічу».

За апошні год Вінаградаў паўставаў перад судом больш за 10 разоў і адседзеў агулам больш за 70 содняў адміністратыўнага арышту.

МЯ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў