Юрый Шаўцоў: Вяртанне да санкцыяў не зменіць сітуацыі ў Беларусі


Юрый Шаўцоў: Вяртанне да санкцыяў не зменіць сітуацыі ў Беларусі

Увядзенне візавых санкцыяў у дачыненні чыноўнікаў ніяк не паўплывае на палітычную рэальнасць Беларусі – упэўнены палітолаг Юрый Шаўцоў.

31 студзеня Рада міністраў замежных справаў краін Еўразвязу на паседжанні ў Бруселі прыняла палітычнае рашэнне аб рэакцыі ЕЗ на сітуацыю ў Беларусі. Міністры зацвердзілі спіс са 158 беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забароняць наведваць тэрыторыю ЕЗ, а іхныя рахункі ды маёмасць у краінах Еўразвязу замарозяць.

Паводле меркавання беларускага палітолага Юрыя Шаўцова, увядзенне візавых санкцыяў у дачыненні шэрагу чыноўнікаў ніяк не паўплывае на палітычную рэальнасць у краіне.

“Гэта ўжо было, працягвалася доўгія гады і ніякага эфекту не дало, – гаворыць эксперт. – Апошнія тры гады Еўрапейскі Звяз перайшоў да нармалізацыі, лібералізацыі адносінаў з Беларуссю, бо там пераканаліся: гэтая мадэль санкцыяў не спрацоўвае. Ну а вяртанне да візавых санкцыяў не гаворыць ні пра што іншае, акрамя таго, што ў Еўропе нічога больш разумнага прыдумаць не здолелі. Але там ёсць выразнае ўсведамленне, што гэта ні да чога не прывядзе, што магло б змяніць палітычную рэальнасць”.

Што датычыць удзелу Беларусі ў праграме “Усходняе партнёрства”, Юрый Шаўцоў упэўнены: гэта – не прыярытэт для афіцыйнага Менску. “Самое “Усходняе партнёрства” не вельмі цікавае як праграма. Аднак яно адкрыла дыпламатычныя магчымасці для Беларусі, – кажа палітолаг. – Калі сёння нас цалкам “выкінуць” з “Усходняга партнёрства”, хоць я так не думаю, то ўсё роўна – усё, што можна было з гэтай праграмы ўзяць, Беларусь узяла”.

belsat.eu

Стужка навінаў