Класкоўскі: Выкрывальніка грузінскіх грошай для беларускай апазіцыі “ўзялі за жэбры”


Заявы расейскага апазіцыянера Канстанціна Лебедзева пра фінансаванне беларускай апазіцыі кіраўніком камітэту абароны ды бяспекі парламенту Грузіі Гіві Таргамадзэ беларускія апазіцыйныя палітыкі называюць правакацыйнымі і не адпаведнымі рэчаіснасці.

У інтэрв’ю “Коммерсантъ-Online” Лебедзеў, прысуджаны Маскоўскім гарадскім судом да 2,5 года калоніі за арганізацыю закалотаў на Балотнай плошчы 6 траўня 2012 года, распавёў пра курыраванне беларускай апазіцыі ды яе фінансаванні грузінамі.

Лябедзька: Я б спісаў гэта на вясну

“Мая пазіцыя і мае ацэнкі фармуюцца выключна на тэксце публікацыі, – заявіў лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. – Не ведаючы чалавека асабіста, я бы ўсё спісаў на вясну. Калі мой дыягназ не падтрымаюць псіхіятры, тады Лебедзеў – правакатар. Трэцяга пункту гледжання ў мяне няма”.

Намеснік старшыні Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Валерый Ухналёў “ніколі не чуў” пра грузінскае фінансаванне беларускай апазіцыі:“Я не чуў, каб яны не тое што фінансавалі, але нават нейкім чынам кансультавалі, дапамагалі”.

У інтэрв’ю Лебедзеў заявіў, што ў 2006 годзе ў Беларусі “сачыў, як выдаткоўваюць сродкі мясцовыя актывісты”: “Заданні былі простыя: праверыць, ці расклеілі плакаты, колькі на акцыі насамрэч было народу, пагаварыць з тым і тым чалавекам, перадаць інструкцыі”.

У 2010-м Лебедзева, паводле яго, запрасілі папрацаваць у Менск чарговы раз. “Я ўжо ведаў, што з 2008 года яны [Таргамадзэ і ягоныя людзі, – “Белсат”] памірыліся з беларусамі. Лукашэнка тады разгарнуўся ў бок Еўропы, і да яго прыехаў Беразоўскі. Грузіны памірыліся з беларусамі і праз Сухарэнку, тагачаснага кіраўніка КДБ Беларусі, пачалі туды наязджаць. І ў 2010 годзе Таргамадзэ распавёў мне, на якіх умовах гэта адбылося: яны вельмі хацелі, каб Лукашэнка адвярнуўся ад Расеі. Адною з умоваў было, што ўсе свае звесткі пра беларускую апазіцыю, з якой яны працавалі вельмі даўно і ўклалі туды шмат грошай, яны здаюць КДБ. Яны распавялі ім аб усіх спансаваных імі акцыях і здалі ўсіх беларускіх апазіцыянераў, з кім яны працавалі”, – распавёў Лебедзеў.

Лебедзева “зламалі”

Беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі адзначыў: спецыфіка беларускай палітычнай сістэмы – тое, што апазіцыянеры не могуць адкрыта казаць пра свае крыніцы фінансавання. Калі ж дзяржава даведваецца пра гэта – дзеячам можа пагражаць турма, прыклад чаго – выпадак з Алесем Бяляцкім.

У Беларусі палітычныя партыі не атрымліваюць ніякіх грошай з бюджэту, як гэта, да прыкладу, дзеецца ў Польшчы, у якой ніхто з гэтай прычыны не наважваецца назваць апазіцыю “пятаю калонаю”. Вуснамі кіраўніка Беларусі забаронена таксама падтрымліваць дэмакратычныя партыі і бізнесоўцам, нагадаў спадар Класкоўскі. “Натуральна, што нейкае сілкаванне аднак ідзе, але няма пэўнасці, што акурат з Грузі”, – падкрэсліў палітолаг.

Адмыслоўца мяркуе, што сведчанні Канстанціна Лебедзева не заслугоўваюць даверу, бо расейскі актывіст, згадзіўшыся на супрацу са следствам і даносячы на сваіх калегаў-апазіцыянераў, паддаўся маніпуляцыі: “Відавочна, што Лебедзева ўзялі за жэбры, ён перабывае пад ціскам, таму верыць ягоным словам асабліва не выпадае”.

Паводле палітолага, Лебедзеў стаў марыянеткаю ўладаў Расеі, якія хочуць аслабіць беларускую апазіцыю і перашкодзіць у яе дыялогах з Захадам. Расея ж, паводле эксперта, выкарыстоўвае досвед Беларусі, робячы з палітычных выступленняў крымінальныя справы. Гэтак сама, як і ўлады Беларусі пасля Плошчы-2010, кіраўніцтва Расеі псіхічна “ламае” людзей і выкарыстоўвае для дыскрэдытацыі іхных паплечнікаў.

Даведка “Белсату”

Канстанцін Лебедзеў – расейскі апазіцыйны палітычны дзеяч, прадстаўнік сацыялістычнага руху. Лебедзева асудзілі на 2,5 года калоніі за арганізацыю масавых закалотаў на Балотнай плошчы ў Маскве 6 траўня 2012-га. Суд палічыў магчымым прызначыць пакаранне для Лебедзева “ніжэй за ніжэйшую” мяжу, бо той прызнаў сваю віну і актыўна супрацоўнічаў са следствам, прычым 6 месяцаў зняволення, праведзеныя ў СІЗА і пад хатнім арыштам, будуць залічаныя як адбытыя. Лебедзеў даваў на судзе паказанні супраць іншых фігурантаў “Балотнай справы” Сяргея Удальцова і Леаніда Развазжаева, якія сваёй віны не прызналі.

МЯ, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў БелаПАН

Стужка навінаў