Вераніка Чаркасава. Мы памятаем.


9 гадоў таму ва ўласнай кватэры забілі карэспандэнтку недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніку Чаркасаву. За гэты час следства не прасунулася ані на крок у пошуках злачынцы. Пра акалічнасці трагедыі ды бяздзеянне праваахоўнікаў – у праграме «Рэпартэр».

Цела Веранікі Чаркасавай са шматлікімі нажавымі ранамі знайшлі 15-гадовы сын журналісткі Антон Філімонаў і ейны айчым Уладзімір Мялешка. Следства паводле гэтай крымінальнай справы чарговы раз прыпынілі «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».

«Гэта не выпадковае забойства, не рабаванне. Гэта спланаваная жорсткая акцыя, – гаворыць былы следчы Алег Волчак. – Выканаўца гэтага злачынства дзеяў гэтак, каб ягоная ахвяра не выжыла нават пасля хірургічнага умяшання. Былі сітуацыі, калі людзі выжывалі і з пятнаццаццю нажавымі раненнямі. Тут сітуацыя іншая. Я лічу, што гэта была помста, звязаная з журналісцкаю дзейнасцю».

За апошнія 10 гадоў у свеце забілі больш за 500 журналістаў. У 9-і з 10-і выпадкаў забойцы застаюцца на волі. Прыклад Беларусі цалкам пацвярджае гэтую сумную статыстыку. За апошнія 10 гадоў мы маем як нераскрытыя справы аб забойствах журналістаў, гэтак і справы, якія пакідаюць шмат пытанняў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў