“Беларусьфільм” экранізуе Караткевіча са спецэфектамі


Сюжэт хацелі перанесці ў нашыя дні, але гэта забараніла пляменніца пісьменніка.

Новую версію “Чорнага замку Альшанскага” здыме Аляксандр Яфрэмаў. Кінастудыя “Беларусьфільм” набыла правы на экранізацыю раману ў пляменніцы Уладзіміра Караткевіча Алены Сінкевіч.

Паводле галоўнага рэдактара кінастудыі Наталлі Сцяжко, ідэя новай экранізацыі належыць старшыні Арганізацыі тэлерадыётрансляцыі Саюзнай дзяржавы Ігару Вугольнікаву. “У сваім сінопсісе ён прапанаваў сыход у бок экшну, прычым дзея фільму мелася быць перанесеная ў нашыя дні”, – адзначыла спадарыня Сцяжко. Але на меркаванне пляменніцы аўтара ў сцэнары твор мусіць захавацца.

Здымкі фільму запланаваныя на 2012 год, сёлета бюджэтных грошай пакуль не вылукчылі. Але ўжо вядома, што аўтарам стужкі выступіць рэжысёр кінастудыі Аляксандр Яфрэмаў, вядомы з меладрамы “Павадыр” (срэбра на кінафестывалі “Лістапад-2001”) і з фільму “Снайпер” з традыцыйным для беларускага кіно сюжэтам пра Другую сусветную вайну. Яфрэмаў узначальвае Тэатр кінаактора ў Менску.

Паводле рэжысёра, гэта будзе новая версія ўжо вядомага кіно. “У 1984 годзе рэжысёр Міхаіл Пташук зняў “Чорны замак Альшанскі”. У новай версіі мы хацелі б зрабіць акцэнт на сучасныя элементы кінаіндустрыі: спецэфекты здымкаў, мантажу, аб’ёмныя выявы, пры гэтым захаваць цэласнасць сюжэту Караткевіча”.

belsat.eu

Стужка навінаў