ФБР апублікавала здымкі фрагментаў самаробных бомбаў, што выбухнулі падчас бостанскага марафону. Бомбы гэткіх канструкцыяў часта выкарыстоўваюць тэрарысты ў Афганістане.
Паводле крыміналістаў, бомбы былі схаваныя ў цёмныя нейлонавыя торбы.
Канструкцыя выбуховага прыстасавання з выкарыстаннем скараваркі – адна з самых папулярных у тэрарыстаў. Гэткія бомбы ў 2006 годзе ўзарвалі ў Мумбаі, неаднаразова гэткія прыстасаванні выбухалі ў Афганістане.
Бомбы, што выбухнулі падчас марафону ў Бостане, мелі паражальныя элементы – кавалкі металу, цвікі, шарыкі ад падшыпнікаў. Гэткую «начынку» тэрарысты дадаюць у выбухоўку дзеля таго, каб ад выбуху пацярпела як мага больш людзей.
У выніку тэракту ў Бостане загінулі тры асобы, у тым ліку 8-гадовы хлопчык. Параненыя 176 асобаў, з іх 17 – у крытычным стане.
М.Л., belsat.eu