Чый помнік знішчылі вайсковымі верталётамі?


Каго шанавалі нават у савецкія часы, а цяпер афіцыйна забыліся? Ну, вядома, – Кастуся Каліноўскага ды ягоных паўстанцаў. Як распавёў краязнаўца з Малечы (Берасцейшчына) Алесь Кенда, з паўстаннем 1863 года ў любым рэгіёне звязана шмат цікавостак. Адмыслоўца распавёў пра лёс помніку паўстанцам у Ласасіне на Пружаншчыне, які ў 1998 годзе знішчылі вайсковыя верталёты.

«Крыж у Ласасіне на месцы пахавання 40 паўстанцаў паставілі мясцовыя жыхары яшчэ ў ХІХ стагоддзі. У польскі час тут усталявалі помнік, які зруйнавалі бальшавікі ў 1939 годзе. І толькі ў 1989-м намаганнямі мясцовай суполкі БНФ, іншых актывістаў і краязнаўцаў гэты помнік аднавілі. Нават дапамагалі ў гэтай справе некаторыя дзяржаўныя пружанскія прадпрыемствы. Аднак пазней на гэтай тэрыторыі стварылі палігон. І вось у 1998 годзе верталётчыкі расстралялі помнік падчас нейкіх вучэнняў. Невядома, з якой мішэнню яго пераблыталі, але гэты факт быў».



Трэці раз, кажа Алесь Кенда, помнік аднавілі ўжо ў 2000 годзе ізноў жа намаганнямі мясцовай дэмакратычнай грамадскасці.

Краязнаўца распавёў, што помнік у Ласасіне ўсталяваныя ў гонар бітвы, якую апелі нават у песнях. 24 траўня 1863 года каля вёскі Ласасін сённяшняга Пружанскага раёну адбыўся бой паўстанцаў пад кіраўніцтвам Улодэка-Шчаснага і Валерыя Урублеўскага з расейскімі войскамі. Менавіта гэтаму бою прысвяціў песню «Апошні бой Валерыя Урублеўскага» вядомы бард Сяржук Сокалаў-Воюш.

Алесь Кенда кажа, што «з таго, які лёс помніку ў Ласасіне, можна ацэньваць эвалюцыю адносінаў уладаў да паўстання 1863 года». Калі ў канцы 1980-х улады спрыялі аднаўленню помніку паўстанцам, то ў часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі яго ізноў знішчылі.

Каб не здараліся такія прыкрыя выпадкі, перакананы краязнаўца, грамадскасць мусіць усяляк папулярызаваць спадчыну паўстання 1863 года.

З думкаю гісторыка пагаджаюцца і грамадскія актывісты. Як распавёў кіраўнік культурна-асветніцкай ініцыятывы «Грунт» Віктар Клімус, арганізацыя распачала конкурс краязнаўчых артыкулаў «Рэха 1863-га». Прапаноўваецца напісаць творчую, гістарычную або краязнаўчую працу для сайту “Рэха Берасцейшчыны”, прысвечаную паўстанню. Спадар Клімус кажа, што пераможцаў конкурсу ўзнагародзяць кашуляю з выяваю Кастуся Каліноўскага.

2013 год дэмакратычная грамадскасць абвесціла Годам паўстання Кастуся Каліноўскага, ушаноўваючы 150-годдзе тых падзеяў. Афіцыйныя ж улады ладзяць год эканоміі ды беражлівасці. Чыноўнікі не зарганізоўваюць паходаў з кветкамі да помнікаў паўстанцаў, а лукашэнкаўскія ідэолагі падчас канферэнцыяў называюць Кастуся Каліноўскага экстрэмістам і хуліганам, які «глыбока ненавідзеў беларускі народ».

Сімвалічна, што насуперак лукашэнкаўскаму «году эканоміі ды беражлівасці» ўлады Польшчы з удзелам прэзідэнта Браніслава Камароўскага ладзяць шырокія святкаванні з нагоды 150-годдзя паўстання. 2013 год абвешчаны годам памяці паўстання таксама і Сеймам Літвы.

Кастусь Будчак,belsat.eu

Стужка навінаў