У Бабруйску выпускаюць «Доктарскую» каўбасу паводле рэцэпту 1936 года


І запэўніваюць, што гэта менавіта тая самая каўбаса, пра якую ўзгадваюць у хвіліны настальгіі па Савецкім саюзе, калі кажуць, што тады каўбаса была сапраўднаю, не роўня цяперашняй.

Сакрэтам сапраўднасці савецкай каўбасы было тое, што яна рабілася з мяса, без ужывання распаўсюджаных апошнім часам штучных складнікаў.

Вось і вытворцы новай старой «Доктарскай» сцвярджаюць, што галоўнае адрозненне гэтай каўбасы ад іншых, якія сёння можна пабачыць на прылаўку, у тым, што ў ёй няма соі, узмацняльнікаў смаку і астатніх штучных дадаткаў – у склад уваходзяць толькі натуральныя прадукты: свініна (25 %), ялавічына (70 %), яйкі курыныя, малако, соль ёдаваная, цукар, мускатны арэх.

Як распавёў адмыслоўца аддзелу маркетынгу Бабруйскага мясакамбінату Міхаіл Бандарэнка, рэцэпт, паводле якога сёння на камбінаце робяць каўбасу, цалкам адпавядае старому савецкаму рэцэпту, што зацвердзіў некалі народны камісар харчовай прамысловасці СССР А. І. Мікаян, а Бабруйскі мясакамбінат – адзіны ў Беларусі, дзе вырашылі адрадзіць савецкія харчовыя традыцыі.

Паводле бабруйскіх адмыслоўцаў, на 100 кг савецкай «Доктарскай» у далёкім 1936 годзе ішло 25 кг ялавічыны найвышэйшага гатунку, 70 кг свініны, 3 кг яек і 2 літры малака.

Адпаведна, і тэрмін захоўвання натуральнай каўбасы меншы – 7 сутак. У той час як звычайная каўбаса можа захоўвацца да месяца.

Каўбаса прыкладна на BR 10–15 тыс. даражэйшая за іншыя гатункі «Доктарскай» і каштуе каля BR 70 тыс.

У крамах, дзе прадаецца каўбаса, на прылаўках можна пабачыць таблічку з аповедам пра гісторыю каўбасы і яе назвы. Аказваецца, каўбасу напачатку хацелі назваць «Сталінскаю», але перадумалі, пабаяўшыся таго, як успрыме такую назву НКУС, ці не ўбачыць у гэтым нейкага намёку. У выніку каўбаса сталася «Доктарскаю», прызначанаю для «…хворых, у каго здароўе падарванае ў выніку Грамадзянскай вайны і царскага дэспатызму».

Паводле прадаўцоў з адной з крамаў Бабруйску, людзі бачаць надпіс, што каўбаса натуральная, і купляюць яе. «Не сказаць, каб вельмі шмат бралі. Але вось учора былі ў нас з Прыбалтыкі пакупнікі – як убачылі гэтую каўбасу,адразу 2 батоны ўзялі».

Рэклама гучыць вельмі прывабна, але некаторых, хто каўбасу ўжо пакаштаваў, яна расчаравала.

«Каўбаса звычайная. Калі яе падсмажыць – то смачная. Сырая – самая звычайная. І колер мае нейкі не вельмі прывабны», – зазначае пукупніца Ала.

«Каўбаса як каўбаса. Увогуле, уся каўбаса апошнім часам аднолькавая, мясам і не пахне», – лічыць Дзмітрый.

Але ёсць і тыя, каму «Доктарская» 1936 года спадабалася, некаторыя адзначаюць, што яна сапраўды смак мяса мае.

«Каўбаса мусіць быць натуральная. А то дажыліся – без фарбавальніка – і ўжо цуд», сцвярджае адзін з пакупнікоў – мужчына сталага ўзросту.

«Доктарская» была неафіцыйным сімвалам Савецкага Саюзу. Наяўнасць гэтага прадукту на застоллях у савецкіх сем’ях лічылася паказнікам дабрабыту, асабліва ў гады дэфіцыту. За каўбасою выстойвалі даўгія чэргі ды ездзілі ў іншыя гарады, каб яе набыць.

1936-ы – гэта год нараджэння не толькі «Доктарскай», але і іншых гатункаў савецкай каўбасы. Менавіта тады нарком харчовай прамысловасці А. Мікаян падпісаў загад аб вытворчасці новых мясных прадуктаў, сярод якіх і аказаліся шмат якія гатункі вараных каўбасаў. У 30-я гады ў Савецкім Саюзе пабудавалі больш за 20 буйных мясакамбінатаў.

М. М., belsat.eu

Стужка навінаў