Поўны спіс санкцыйных імёнаў, новыя крымінальныя справы і выключэнне са зборнай. Як прайшоў 131 дзень пратэсту


Чацвер, 17 снежня, у Беларусі стаў 131-м днём паслявыбарных пратэстаў. Людзі патрабуюць новых выбараў, адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, спынення і расследаванне гвалту з боку сілавікоў.

Зацверджаны новы пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі

Сцягі Еўразвязу.
Фота: consilium.europa.eu

Рада Еўразвязу зацвердзіла 17 снежня трэці пакет санкцыяў адносна палітычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На гэты раз пад абмежаванні трапілі яшчэ 29 фізічных асобаў, у тым ліку Уладзімір Каранік, Наталля Качанава і Іван Эйсмант, дзевяць суддзяў, блізкія да Лукашэнкі бізнесоўцы і іншыя дзяржслужачыя.

Таксама ў чорны спіс трапілі 7 юрыдычных асобаў: прадпрыемства «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, «Сінезіс», «Агат», 140-ы рамонтны завод, МЗКЦ.

У новым годзе плануюць павысіць падаткі

 

У Беларусі прапануюць часова павысіць некаторыя стаўкі падаткаў для кампенсацыі выдаткаў на барацьбу з COVID-19. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко:

«У якасці дадатковых захадаў на часовай аснове ў 2021-2022 гадах прапануецца павышэнне стаўкі падатку на прыбытак для аператараў сотавай сувязі і аператара па абавязковаму аказанню універсальных паслугаў электрасувязі з 18% да 30%. Стаўку падатку на прыбытак прапануецца павялічыць з 25% да 30% для ламбардаў»

Hавiны
У Беларусі ў 2021 годзе плануюць павысіць падаткі
2020.12.17 19:06

За нібыта гвалт у дачыненні амапаўца студэнту далі 2 гады калоніі

У прэс-рэлізе не называецца імя студэнта і не паведамляюцца дэталі справы. Але раней МУС паведамляў пра інцыдэнт, які меў месца падчас студэнцкай акцыі пратэсту 17 кастрычніка на вуліцы Казлова. Адзначалася, што 20-гадовы берасцеец «ударыў супрацоўніка каленам у твар, калі той яго затрымліваў». На відэа, апублікаваным МУС, хлопец тлумачыў, што дзейнічаў ненаўмысна:

«Я проста ўцякаў. Магчыма, я вас зачапіў… Я нават не адчуваў. Я проста ўцякаў і ўпаў. Локцем я стукнуўся, калі ўпаў аб асфальт. Я лічу, што не кранаў. А калі зачапіў, то ненаўмысна».

Новы закон аб пазбаўленні грамадзянства Беларусі

Цяпер у чалавека могуць адабраць грамадзянства нават тады, калі ў яго няма грамадзянства іншай дзяржавы ці гарантый яго атрымання. Новаўвядзенне ня тычыцца грамадзянаў Беларусі ад нараджэння, а толькі тых, хто грамадзянства атрымаў. Змены ўступяць у сілу праз паўгода.

Чалавек можа страціць грамадзянства, калі яго прызнаюць вінаватым у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненні цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы.

Hавiны
Апублікавалі закон аб пазбаўленні грамадзянства Беларусі
2020.12.17 14:01

Футбаліста Іллю Шкурына выключылі са складу нацыянальнай зборнай Беларусі на наступны год

Нападаючы маскоўскага ЦСКА Ілля Шкурын выключаны са складу моладзевай і нацыянальнай каманд на 2021 год і пазбаўлены льготы па адтэрміноўцы вайсковай службы.

Ілля Шкурын святкуе забіты гол.
Фота: афіцыйны сайт ЦСКА

У жніўні Шкурын апублікаваў паведамленне ў Instagram, у якім заявіў аб адмове выступаць за нацыянальную зборную па палітычных матывах. Потым Шкурын не прыехаў на збор моладзевай зборнай Беларусі перад вераснёўскімі матчамі кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы супраць каманд Нідэрландаў і Партугаліі.

Пасля гэтага яго прозвішча было выключаная са складу моладзевай і нацыянальнай каманд на 2021 год. Дадзены дакумент міністэрства спорту і турызму рэспублікі дазваляе футбалістам атрымаць адтэрміноўку ад вайсковай службы. Шкурын цяпер дадзенай льготы пазбаўлены.

У Горадні двума гадамі «хатняй хіміі» пакаралі 55-гадовую жанчыну, якую збілі амапаўкі

 

Справа датычыць падзеяў вечара 9 жніўня, калі ў Горадні адбываўся мітынг супраць фальсіфікацыі выбараў. Тады фармацэўта Марыну Палікарпаву затрымалі і жорстка збілі дзве прадстаўніцы АМАП – Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч.

Марына Палікарпава ў судзе 7 снежня.
Фота: belsat.eu

Бандарчук ужыла да Палікарпавай задушлівы прыём, і тая інстынктыўна ўкусіла яе за руку ў мэтах абароны. «Я рэальна спалохалася за сваё жыццё», – патлумачыла абвінавачваная. У выніку супраць жанчыны распачалі крымінальную справу паводле арт. 364 КК (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў).

Hавiны
У Горадні двума гадамі «хатняй хіміі» пакаралі 55-гадовую жанчыну, якую збілі амапаўкі
2020.12.17 16:16

Паэт Андрэй Хадановіч атрымаў прэмію Гедройца ад газеты «Rzeczpospolita»

Паэт Андрэй Хадановіч
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Паэт, перакладчык і сябра Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч атрымаў польскую прэмію Гедройця, якую 20 гадоў уручае газета «Rzeczpospolita» за «паглыбленне дыялогу між народамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы».

У сваім Фэйсбуку Хадановіч адзначыў:

«Шчыра ўдзячны! Яшчэ і таму, што гэта знак падтрымкі Беларусі, нашага сёлетняга змагання за справядлівасць, нашай грамадзянскай супольнасці, што паўстае проста ў нас на вачах. Вельмі расчуліўся, пачуўшы пра «перакладчыка – будаўніка мастоў», вельмі блізкая мне (і паэтам, якіх перакладаю) думка. Вялікі дзякуй шаноўнай Агнешцы Рамашэўскай (дырэктарка «Белсату» – заўв. belsat.eu) за цёплыя словы падчас цырымоніі! І, вядома ж, шаноўным арганізатарам і сябрам журы! «Мур хутка рухне!»

Меркаванні
Пакуль апошні амапавец…
2020.12.17 11:37

АД / belsat.eu

Стужка навінаў